Жыць, як вучыў Вялікі Папа
15 кастрычніка ў нашай парафіі адзначаўся Дзень памяці Яна Паўла ІІ.
З нагоды гэтай падзеі ў парафіі праводзіўся фотаконкурс “У гэтым прамінанні ёсць сэнс” і быў запрошаны фальклорны ансамбль “Паазер’е” з Пастаў.
Святую Імшу аб хутчэйшай беатыфікацыі Яна Паўла ІІ узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які два гады таму ў 30-ую гадавіну пачатку Пантыфікату Яна Паўла ІІ асвяціў на тэрыторыі нашага касцёла помнік гэтаму Вялікаму Папу.
Прывітальнае слова моладзі нарачанскай парафіі было сугучна словам, сказаным арцыбіскупам Тадэвушам: трэба старацца жыць, як вучыў Вялікі Папа.
Падчас працэсіі з дарамі, у якой удзельнічалі не толькі нашы парафіяне, але і пастаўскія артысты гучалі пранікнёныя радкі паэзіі Яна Паўла ІІ:
Гэтыя бедныя мае вочы, калі Ты ствараў іх,
калі чэрпаў з бездані далоняй,
думаў пра той вечны позірк,
захоплены бязмернай безданню,
і казаў так:
прыніжуся, браце, прыніжуся,
не пакіну ніколі вачэй тваіх у самоце,
спачатку схаваюся ў крыжы,
потым – хлебам у спелым збожжы.
Прыносім Табе, Пане, духмянае сена,
бо не знаходзім у ім
пыхі спелага калосся.
Прыносім Табе, Пане, духмянае сена,
бо яно прытуліла Дзіця босае.
Прыносім Табе, Пане, сырое дрэва,
бо не знаходзім скаргі
ў яго апалым лісці.
Прыносім Табе, Пане, сырое дрэва,
бо хавала Яго плечы
ў скамянелых кроплях крывавых.
Прыносім Табе, Пане, бледнае святло пшанічнага хлеба,
дзе вечнасць затрымалася на хвіліну,
калі падплывала да нашага берага
патаемнаю сцежкай.
Прыносім Табе, пане, віно і ваду
і прагнем, каб адбыўся
цуд перамянення:
Ты – стаў намі, а мы – Эўхарыстычнымі.
Напрыканцы Святой Імшы пераможцы конкурсу ведаў пра мінскую катэдру і фотаконкурсу атрымалі з рук Яго Эксцэленцыі дыпломы і прызы.
Фінальным акордам святкавання Дня памяці Яна Паўла ІІ стала выступленне заслужанага народнага аматарскага фальклорнага калектыву “Паазер’е”, лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне”, які прадставіў увазе слухачоў аўтэнтычны фальклор музыкаў з вёскі Груздава Пастаўскага раёна.
Аўтар: Адміністратар