Нарачанцы рыхтуюцца адзначыць 10-годдзе асвячэння ў парафіі помніка Святому Яну Паўлу ІІ
Нарачанцы рыхтуюцца адзначыць 10-годдзе асвячэння ў парафіі помніка Святому Яну Паўлу ІІ
16 кастрычніка 2008 года стаў памятным днём для вернікаў нарачанскай парафіі. У гэты дзень, калі адзначалася 30-годдзе Пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ, у Нарачы быў асвечаны помнік Вялікаму Папу сучаснасці. Роўна ў 18.45. Дакладна ў той час, калі ў далёкім ужо 1978 годзе ўвесь свет пачуў HABEMUS PAPAM!
Узгадваюцца словы з гаміліі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас урачыстасці асвячэння помніка Яну Паўлу ІІ:
“ Сёння, калі ў парафіі святога Андрэя, апостала ў Нарачы асвячаецца помнік Вялікаму Папу, нам трэба нанава ўсвядоміць веліч яго асобы. Помнік ставіцца не толькі і не столькі дзеля таго, каб ушанаваць памяць Папы, падчас пантыфікату якога Беларусь атрымала свабоду веравызнання і былі арганізованы паўнавартасныя касцёльныя структуры, але каб ён як напамін пра Папу — абранніка Божага Провіду, — быў для нас і наступных пакаленняў бачным заклікам да спасціжэння і захавання ягонага вучэння. У наш час адыходу ад маральных каштоўнасцяў і нездаровага імкнення да матэрыяльных дабротаў нам трэба звярнуць на гэта пільную ўвагу і памятаць пра тое, чаму ён нас вучыў і да чаго заклікаў: перадусім адчыніць дзверы Хрысту. Сёння мы ўпершыню ўбачым узнесены побач з касцёлам помнік Слугу Божаму Яну Паўлу II. Таму спытаемся і мы ў сябе, ці мы сапраўды годныя называцца хрысціянамі і нашчадкамі спадчыны Вялікага Папы, ці мы годныя глядзець на яго, ці нашыя сэрцы адкрытыя на Хрыста, ці мы ў Хрысце і праз Хрыста хочам пазнаць сябе і вырашыць свае праблемы, ці праз прызму Ягонага Евангелля на маральных каштоўнасцях будуем мы сваю будучыню? Да гэтага заклікае нас сённяшняя ўрачыстасць. Недастакова толькі хваліцца, вось, маўляў, у нашай парафіі, у Нарачы, усталяваны і асвячоны помнік Яну Паўлу II — і мы не горшыя за іншых. Вялікаму Пантіфіку будуюць помнікі у многіх краінах свету, ёсць нават на Кубе. Будуюць і на Беларусі. Вось і ў нас ёсць. Але гэтага, дарагія браты і сёстры, далёка не дастаткова. Трэба ў сваім жыцці імкнуцца быць падобнымі да гэтага святога чалавека і жыць паводле яго навучання, каб сапраўды Хрыстус жыў у нашых сэрцах”.
Так перад нарачанцамі была пастаўлена задача: не галоўнае мець, а галоўнае жыць, як вучыў Вялікі Папа.
На працягу 10 год нарачанцы пастаянна задаюць сабе пытанне: ці мы сапраўды годныя называцца хрысціянамі і нашчадкамі спадчыны Вялікага Папы?
З гэтым пытаннем у сэрцы вернікі парафіі пачынаюць духоўную падрыхтоўку да святкавання юбілею.
Для дзяцей і моладзі парафіі будзе праведзены цыкл катэхэз пра Вялікага Папу і аб’яўлены конкурс малюнкаў “Жыць, як вучыў Вялікі Папа”.
20 кастрычніка, напярэдадні святкавання літургічнага ўспаміну Святога Яна Паўла ІІ, вернікі збяруцца на Ружанец з Вялікім Папам, які правядзе моладзь парафіі.
У нядзелю, 21 кастрычніка, у гонар Святога Яна Паўла ІІ у Нарачы адбудзецца канцэрт калектываў нарачанскай моладзі “Апельсін” і “ Нарачанскі бамонд”.
Аўтар: Ірына Шнітоўская