9 ліпеня з нашай парафіі выйдзе XI пешая пілігрымка на Мядзельскую Кальварыю.

Для кожнага чалавека надыходзіць такі час, калі ён жадае, пакінуўшы штодзённныя клопаты і мітусню,  наблізіцца да Святла і Вечнасці. Нам, жыхарам Мядзельшчыны, у гэтым пашанцавала, бо на тэрыторыі раёна знаходзіцца санктуарый Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі, адкуль усім нам ярка свеціць пуцяводная зорка Марыі. Туды, у Будслаў, тыдзень таму пешшу або на транспарце накіроўваліся пілігрымы, несучы нябеснай Маці свае просьбы і падзякі.

 І вось ужо суцішыліся ўзнёслыя эмоцыі,  абмеркаваны ўсе падрабязнасці будслаўскіх урачыстасцей, залечаны мазалі на нагах тых, хто ішоў тры дні пілігрымкай да трону Маці Божай. Мы вяртаемся да сваіх штодзённых спраў і абавязкаў, каб зноў праз год, трапіўшы ў Будслаў,  дакрануцца да Любові і Міласэрнасці. Залазім на  цэлы год у свой панцыр, нават не ведаючы, што на Мядзельшчыне ёсць яшчэ адно намоленае  нашымі продкамі святое месца,  якое на працягу больш чым двух стагоддзяў у летні час збірала тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі і з-за яе межаў. Гэта месца – Мядзельская Кальварыя.

Лёс Мядзельскай Кальварыі – гэта лёс нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны, якая перажыла і часы ўздыму, і часы заняпаду. Калі ў 1772 Мядзельская Кальварыя была асвечана  бiскупам Фелiксам Тавянскiм, суфраганам беларускiм, яна налічвала 21 капліцу і 8 брам і была пабудавана на ўзор Крыжовай Дарогі ў Іерусаліме. Капліцы былі пабудаваны часткова з дрэва, часткова з камянёў і былі ўпрыгожаны маляванымі абразамі і драўлянымі фігурамі святых.

У 1866 годзе  мядзельская парафія была перададзена праваслаўнаму духавенству. Кальварыя на  нейкі час была занядбаная.

У 1927-29 г. Мядзельская Кальварыя пачала адбудоўвацца. Ініцыятарам гэтай справы быў айцец Браніслаў Ярасінскі.  З дапамогай мясцовых жыхароў а.Браніслаў вызначыў месца для капліц, гледзячы на план Кальварыі Зэбжыдоўскай. У адпаведных месцах былі пастаўлены крыжы. Прыпынкі Крыжовай Дарогі асвяціў кс.-бп. Уладзіслаў Бандурскі  27 мая 1928 г. У 1933–1938 г. стараннем а.Ігнацыя Быліцы было пабудавана 15 капліц з цэглы і камення. У летні час на Кальварыю ішлі  пілігрымы, якія не толькі абыходзілі Крыжовую Дарогу, але і карысталіся духоўнай паслугай айцоў-кармелітаў, якія апекаваліся Мядзельскай Кальварыяй. Трагічны лёс атэістычных часоў не абмінуў  і гэта святое месца, і  2 лістапада 1942 года Мядзельская Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, практычна была разабрана і знішчана. Для мядзельскай Крыжовай Дарогі пачаўся час заняпаду. Але гэта было руйнаванне камня і цэглы, а не заняпад духу Кальварыі. Напэўна, невыпадкова санктуарый Маці Божай Будслаўскай і Мядзельская Кальварыя знаходзяцца ў адным раёне. Ці не клапатлівая Матчына рука трымала ў веры тых бабулек, якія некалі пешшу ішлі на Кальварыю, а цяпер расказвалі сваім унукам пра былую славу і веліч Крыжовай Дарогі, а то і ўпотайкі абыходзілі яе.

Зараз на месцы колішніх капліц стаяць крыжы і на тым полі, якое некалі было куплена айцамі-кармелітамі пад Крыжовую Дарогу, расце … лес. Але не можа не цешыць тое, што на свята Маці Божай Шкаплернай  Мядзельская Кальварыя, як і некалькі сот год таму, зноў зіхаціць пакуль што яшчэ не тысячамі, а сотнямі агеньчыкаў свечак і дае магчымасць вернікам раздзяліць з Езусам цяжар Крыжовай Дарогі.

 Мы ўжо прызвычаіліся ў ліпеньскія дні бачыць на дарогах шматлікія пілігрымкі, якія ідуць у Будслаў. І як радуе душу тое, што па дарозе на Мядзел у дзень урачыстасцей Маці Божай Шкаплернай можна ўбачыць яшчэ адну пілігрымку. Яна не такая шматлікая, як будслаўскія, не такая шумная, не такая знаная. Гэта пілігрымы з Нарачы ідуць на Мядзельскую Кальварыю, каб у такі спосаб сведчыць пра сваю веру і, як некалі бабулі і дзядулі, несці свае падзякі,  клопаты і праблемы да крыжа нашага Збаўцы. Пытаюся, чаму ідзяце, чаму пешшу. І “бывалыя” пілігрымы адказваюць:

– У гэтым годзе збіраемся ісці ўжо ў адзінаццаты  раз. 11 год назад, натхнёныя Будславам, вырашылі ісці пілігрымкай, як толькі даведаліся, што ў 30-40-ыя гады мінулага стагоддзя  Мядзельская Кальварыя была тым месцам, якое найбольш шанавалася католікамі нашай мясцовасці. Па ўспамінах людзей старэйшага пакалення,  у час урачыстасцей Маці Божай Шкаплернай праз вёскі нарачанскага краю ішлі і ішлі пілігрымкі, якія каля прыдарожных крыжоў віталі хлебам-соллю. Жыхарка вёскі Малая Сырмеж успамінае, што падчас урачыстасцей у Мядзелі, нягледзячы на напружаны для сялян час, вёска нібы вымірала: усе: і старыя, і малыя – ішлі на Кальварыю. Гэта быў і гонар, і абавязак.

Ды і як можна, ушанаваўшы Божую Маці ў будслаўскім абразе, пакінуць у самоце на Крыжовай Дарозе  Яе Сына? Вось і ідзём, каб прынёсшы ў ахвяру Езусу крывавыя мазалі і пыл дарогі, ад прыпынка да прыпынка разважаць над тым, якім коштам далося наша збаўленне.

Калі размаўляеш з гэтымі людзьмі, з’яўляцца ўпэўненасць, што адродзіцца былая слава Мядзельскай Кальварыі і, як некалі ў пачатку XX стагоддзя, вёскі і мястэчкі нашай сінявокай Мядзельшчыны будуць бязлюднымі на час урачыстасцей Маці Божай Шкаплернай.

У кожнага з нас яшчэ ёсць час адкласці ўсе свае клопаты і будзённыя справы на потым і прыехаць-прыйсці 9 ліпеня ў 18 гадзін на Мядзельскую Кальварыю.

У гэтым годзе разам з намі абыходзіць Мядзельскую  Кальварыю і цэлебраваць Святую Імшу на гары Трох крыжоў будзе наш пастыр біскуп Антоні Дзям’янка. Ён знаходзіць на гэта час.

Ці знойдзеце гэты час Вы?

Аўтар: Адміністратар