У XV юбілейнай пілігрымцы Нарач-Будслаў удзельнічала 206 чалавек. Самаму маладому пілігрыму споўнілася 4 гады, а самы старэйшы пілігрым мае 61 год. Сваімі ўспамінамі дзеліцца Вікторыя Лукохва:

“Оле-Оле-Оле-Оле! Нарач-Будслаў, мы прыйшлі!” – да сёняшняга дня гучыць у вушах гэты радасны вокліч. Ужо ў 15-ы раз пілігрымы з Нарачы, Мядзела, Канстанцінава, Свіры, Шэметава, Гудагая, Астраўца і іншых парафій прыйшлі ў Будслаў, каб пакласці да ног Маці свае просьбы і падзякі, клопаты і радасці.

Можа, каму здасца, што ісці ўсяго тры дні – гэта не так ужо і многа. Магчыма, наша пілігрымка і сапраўды не такая ўжо і доўгая, аднак магу з упэўненасцю сказаць, што гэтыя некалькі дзён – адны з самых шчаслівых і плённых у годзе. Гэтыя дні напоўнены не толькі сонцам, водарам кветак, прыгажосцю наваколля, але і прыгажосцю людскіх душ, што палымнеюць малітваю. Малітваю за сябе, сваю сям’ю, сяброў, Бацькаўшчыну. Сёлета 206 сэрцаў зліваліся ў малітве: агульнай інтэнцыяй пілігрымкі была падзяка за XV юбілейную пілігрымку, просьба аб дарах Духа Святога для моладзі, якая прыме Сакрамэнт Бежмавання ў гэтым годзе, і просьба аб ласцы хутчэйшага выздараўлення для кардынала Казіміра Свёнтка. І якая ж радасць напоўніла сэрцы, якой жа відавочнай стала сіла супольнай шчырай малітвы, калі ў Будславе мы даведаліся, што ўжо на наступным тыдні Яго Эмінэнцыя зможа пакінуць шпіталь!

Як цудоўна ісці разам, дыхаць адным паветрам, зносіць тую ж спякоту, дзяліцца кожнай кропляй вады і ведаць, што ты не адзін, што разам з табой ідуць твае сёстры і браты, кожны позірк, усмешка, добрае слова якіх ты захоўваеш у сваім сэрцы.

І, напэўна, няма такіх слоў, якімі б можна было перадаць тое захапленне, тую шалёную радасць, калі ты падаеш на калені перад цудоўным абразом, калі  ты, у пыльным адзенні, але з чыстай душой, адчуваеш, як цябе ахінае воблака любові і мацярынскай апекі, як у тваё сэрца ўліваецца светлы супакой, што праганяе смутак, боль, расчараванне. Адчуваеш, як па тваёй гарачай шчацэ цякуць слёзы замілавання, падзякі і перапрашэння… У гэты момант памяташ пра ўсіх, каму абяцаў малітву, хто прасіў аб малітве і хто яе патрабуе. Ахінаеш малітваю кожную бабулю, што са слязамі на вачах старэчай рукою падавала кубак сцюдзёнай вады, дзякуеш за кожны добразычлівы позірк, кожнае намаганне і ахвяру, праз якую ты атрымаў магчымасць ісці ў пілігрымку. Ты ясна бачыш, як шмат добрага ёсць на нашым цудоўным свеце, і атрымліваеш сілу, каб несці такое ж дабро і любоў кожнаму, хто сустрэне цябе на тваім шляху. І ўжо дзеля гэтага варта ісці ў пілігрымку, варта мазоліць ногі і варта спяваць да знямогі…

І ўжо сёння, жывучы перажываннямі і ўспамінамі сёлетняй пілігрымкі, мару аб тым, каб у наступным годзе зноў прыйсці да Маці, зноў пакланіцца і даручыць сябе Той, Якая стала заступніцай роднага краю, Якая кожнага трымае ў Сваёй матчынай апецы і Якая заўсёды чакае на Сваіх дзяцей.

Аўтар: Адміністратар