18 жніўня ў Нарачы адзначылі літургічны ўспамін Святога Роха. Урачыстую Святую Імшу а 12 гадзіне цэлебраваў біскуп Юрый Касабуцкі. У гэты дзень група моладзі з 38 чалавек прыняла Сакрамэнт Канфірмацыі.

Нарачанцы рыхтаваліся да гэтай урачыстасці праз Саракагадзіннае набажэнства. На працягу трох дзён у касцёле трывала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта: на кожную гадзіну была вызначана вёска або вуліца, вернікаў якой запрашалі адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Як духоўную падрыхтоўку да Сакрамэнту Канфірмацыі перад вячэрняй Святой Імшой адарацыю праводзіла моладзь парафіі.

Да святкавання ўрачыстасці Святога Роха ў парафіі было прымеркавана адкрыццё фотавыставы Віктара Ведзеня “Дарогі, якімі мы Бога шукаем”. Выстава з’явілася ў касцёле за некалькі дзён перад урачыстасцю і выклікала вялікую цікавасць у парафіянаў і гасцей нарачанскага краю.

На ўрачыстай Святой Імшы ў 12 гадзін можна было пабачыць і самога аўтара Віктара Ведзеня, які рабіў фотаздымкі, якія, магчыма, увойдуць у  экспазіцыю новай выставы, якую нарачанцы з радасцю будуць чакаць у сваім касцёле.

Фота Вольгі Ражковай

Аўтар: Ірына Шнітоўская