Фотавыстава адкрыецца 18 жніўня і будзе прымеркавана да святкавання ўрачыстасці Святога Роха.

Прапануем увазе наведвальнікаў нашага сайта інфармацыю пра аўтара і саму фотавыставу.

Біяграфія:

Віктар Ведзень нарадзіўся 28 чэрвеня 1991 года ў Гродзенскай вобласці Астравецкага р-на, хутар Руднішкі. Зараз жыве і працуе ў Мінску.

Фатаграфіей пачаў займацца ў  перыяд навучання ў Мінскім Індустрыяльна-педагагічным каледжы (2008 – 2011 гг.). У сакавіку 2011 года адбылося адкрыццё першай персанальнай фотавыставы “Между прошлым и будущим”, прысвечанай 60-годдзю Фрунзенскага р-на г. Мінска. 2017 год – удзельнік творчага праекту “VORTEX PREVIEW” у рамках месяца фатаграфіі ў Мінску, сааўтар фотапраетку “Спадчына і прыроды” да Дня Еўрапейская спадчыны Беларусі.

Удзельнік “Творчай студыі Мінск – 2015” пры народным фотаклубе “Мінск”. З 2016 года з’яўляецца членам “Беларускага грамадскага аб’яднання Фатографаў”. У 2017 годзе атрымаў журналістскую адукацыю, зараз супрацоўнічае з рознымі беларускімі і замежнымі сродкамі масавай інфармыцыі. Таксама з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам галоўнага інфармацыйнага партала Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі – catholic.by. Свае працы стварае пераважна ў жанры фотарэпартажу.

 

Пра выставу:

Часта ў Жыцці мы лічым сябе ідэальнымі, пакуль не пачынаем шукаць свой духоўны накірунак. Кожны наш крок да Бога адкрывае нас такімі, якія мы ёсць насамрэч, паказвае нашыя недахопы і грахі. Каб крыху больш зразумець сябе і асэнсаваць сваё Жыццё, нам неабходна знайсці свой шлях да стваральніка.

Менавіта пілігрымка з’яўляецца адной з тых “дарог” у нашым Жыцці, ідучы па якой мы набліжаемся да Бога. Пілігрымаваць па Жыцці – гэта не звычайна вандраваць, гэта духоўная праца кожнага хрысціяніна над сабой. Рух накіраваны на ўстанаўленне сувязі з Творцам.

На экспазіцыі прадстаўлены фотамоманты з пілігрымкі Мінск-Будслаў, фотасюжэты зробленыя ў 2013, 2015, 2016 і 2017 гг. Людзі-пілігрымы, якія крочаць да апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай. У кожнага з іх свае думкі, просьбы,  неверагодныя Жыццёвыя гісторыі, штодзённыя цуды.

А подпісы да здымкаў – гэта своеасаблівыя пасланні, якія дайшлі да нас праз святыя Пісанні, праз прыклады Жыцця тых хрысціян і святых людзей, якія знайшлі свой шлях, і паказалі нам узаемаадносіны з Богам. Яны нагадваюць кожнаму з нас пра тыя сапраўдныя ісціны, прытрымліваючася якіх мы можам глыбей пазнаць сябе, Бога праз іншых людзей, і гарманічна ўзаемадзейнічаць з навакольным светам.

 

Віктар Ведзень

Аўтар: Ірына Шнітоўская