У 1995 годзе з парафіі ў Нарачы вырушыла першая пешая пілігрымка ў Будслаў. Але вытокі гэтай пешай пілігрымкі трэба шукаць значна раней. Гэта можа падацца дзіўным, але Божы Провід кіраваў так, што ў час, калі яшчэ ў нашым краі панавала цемра бязвер’я, Маці Божая ў будслаўскім абразе клікала сваіх дзяцей да сябе.

Калі гаварыць пра канец 70-ых пачатак 80-ых гадоў ХХ стагоддзя, то культ Маці Божай Будслаўскай яшчэ не быў распаўсюджаны ў нарачанскім краі і, у прыватнасці, у кабыленскай парафіі. Па ўспамінах старэйшых вернікаў парафіі, распаўсюджвальнікам культу Маці Божай Будслаўскай у нарачанскай зоне стаў ксёндз Станіслаў Кучынскі, які ў той час быў амаль адзіным святаром, які нёс паслугу ў многіх касцёлах гэтай мясцовасці. Падчас сваіх казаняў ксёндз Станіслаў расказваў людзям пра абраз Маці Божай Будслаўскай, пра тыя цуды, якія ўчыніла Божая Маці, пра тое, як людзі на каленях ідуць праз касцёл да абраза. Чырвонай стужкай праз казанні святара праходзілі словы, якія і зараз старэйшыя вернікі цытуюць з вялікім хваляваннем : “Варта з’ездзіць у Будслаў!” Ксёндз Станіслаў нават расказваў вернікам, як можна дабрацца да Будслава. Першыя нарачанскія пілігрымы даязджалі адразу да Маладзечна!  на аўтобусе, а потым адтуль ехалі ў Будслаў на цягніку. Хто хоць аднойчы  пабываў у Будславе, той ужо не мог не паехаць на фэст у наступным годзе. Ехалі самі, бралі з сабой дзяцей, хоць гэта было і небяспечна: маглі выключыць з партыі, камсамола. Але гэты страх быў нічым у параўнанні з ласкавым позіркам Маці Божай Будслаўскай, які прыцягваў да сябе, як магніт, і лячыў скамянелыя людскія душы. У гэтым святым месцы шчодра пралівалася Божая ласка і праз некаторы час дала вельмі багаты духоўны плён.

Дваццаць тры гады таму назад, калі 15 нарачанскіх хлопцаў і дзяўчат, натхнёныя айцом Аркадзіем Куляхам, за два дні прыйшлі пілігрымкай на будслаўскія ўрачыстасці, яны наўрад ці маглі ўявіць сабе, што прыйдзе час, калі нарачанская пілігрымка будзе налічваць да 240 чалавек і па жоўтай хустцы нарачанца  ў Будславе будуць пазнаваць усе.

Калі гаварыць пра асаблівасць нарачанскай пілігрымкі, то яна самая “маладая”. Дзякуючы таму, што Будслаў знаходзіцца ў Мядзельскім раёне, адлегласць у 70 кіламетраў можа пераадолець не толькі моладзь, але нават і дзеці. Таму ўзрост 7-8-9-10-11-12 год звычайны для нарачанскай пілігрымкі. Аднойчы ў пілігрымцы разам са сваёй маці “ішоў” хлопчык, якому было толькі 18 дзён ад нараджэння.

Яшчэ адной асаблівасцю нарачанскай пілігрымкі з’яўляецца яе дэмакратычнасць. У гэтай пілігрымцы кожны можа знайсці для сябе свой магчымы варыянт ахвяры Богу. У дзень выхаду пілігрымкі маладыя мамы з дзецьмі ў калясках часта праводзяць пілігрымку і ідуць да першага ці нават да другога прыпынку. Некаторыя старэйшыя вернікі ідуць нейкі час у пілігрымцы, цягнучы ровар у руках, а потым на ім вяртаюцца дамоў. У дзень уваходу пілігрымаў у Будслаў тыя ж мамы з дзецьмі прыязджаюць хто ў Пузыры, на месца начлегу, а хто нават на мост у Будслаў, каб разам з усімі ўвайсці ў санктуарый. Дарэчы, да такіх пілігрымаў у Нарачы адносяцца вельмі сур’ёзна. Яны таксама заносяцца ў спіс, ім рыхтуюць бэйдж і хустку. Пагэтаму нарачанцаў уваходзіць у Будслаў заўсёды на чалавек 15-20 больш, чым выйшла з Нарачы.

Шырокая і геаграфія нарачанскай пілігрымкі. Яе можна назваць не толькі дэканальнай, “нацыянальнай”, але і “інтэрнацыянальнай”. За дваццаць два гады з намі ішлі ў Будслаў не толькі вернікі з Мядзела (іх ідзе да 50 чалавек), Свіры (каля 20 чалавек), Канстанцінава (да 5 чалавек), Шэметава ( да 15 чалавек), але і з Гудагая, Мінска, Брэста, Бярозы, Баранавічаў, Масквы, Вільнюса. У мінулым годзе з нарачанцамі ішлі ў Будслаў вернікі з чэшскай Прагі. Нарачанскую пілігрымку па праву можна назваць экуменічнай. Вельмі часта з намі ідуць праваслаўныя вернікі і нават стараверы, якія разам з католікамі праслаўляюць Бога.

Яшчэ адна асаблівасць нарачанскай пілігрымкі – гэта адзінства пілігрымаў. Паколькі значная частка нарачанскай пілігрымкі  гэта асобы непаўналетнія, то ўсе пілігрымы падзелены на маленькія групы, якімі апякуюцца людзі дарослыя. Кожны хлопчык ці дзяўчынка мае апекуна, да якога можа падысці, калі ў дарозе ўзнікнуць праблемы. Здароўе, абед, начлег, ад’езд дадому дзяцей – вось тыя пытанні, якімі ў “нагрузку” ў пілігрымцы займаюцца кіраўнікі дзіцячых груп. На працягу трох дзён пілігрымкі заўсёды разам з пілігрымамі едзе машына, на якой можна пад’ехаць, калі адчуваеш сябе дрэнна. Таксама кожны год у пілігрымцы ідзе доктар, на плечы якога кладуцца ўсе абавязкі медычнай апекі. Так што ў нарачанскай пілігрымцы ніхто не бывае адзінокім і пакінутым.

Ну і самы галоўны аспект пілігрымкі – духоўны. Кожны год нарачанская пілігрымка мае агульную інтэнцыю. Гэтыя інтэнцыі часта звязаны  са значнымі духоўнымі падзеямі ў каталіцкім касцёле ці нарачанскай парафіі.

Гэта інтэнцыя агучваецца ў парафіі загадзя, падчас пілігрымкі святары праводзяць канферэнцыі, звязаныя з інтэнцыяй пілігрымкі. Просьба аб хутчэйшай беатыфікацыі, а потым кананізацыі Папы Яна Паўла ІІ, падзяка за асобу кардынала Казіміра Свёнтка ў 100 гадавіну з дня нараджэння і 5-ую гадавіну смерці,  падзяка за захаванне веры продкамі ў юбілей 110, 115 – годдзя пабудовы нарачанскага касцёла – вось тыя інтэнцыі з якімі апошнія гады ішлі нарачанцы ў Будслаў.

Штодзённая Святая Імша, споведзь,  Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці НМП, Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці, Крыжовы шлях – вось тыя агульныя малітвы якія арганічна ўпісваюцца ў шлях нарачнскага пілігрыма, пакідаючы пры тым час і на размову з сябрам, і на дасціпны жарт, і на танец на вясёлым вечары.

Хутка нарачанцы пачнуць падрыхтоўку да ХХІІІ пешай пілігрымкі. Гэта будзе час падзякі Усемагутнаму Богу за 1540 пройдзеных за 23 гады кіламетраў, за дождж і сонца, за мазалі,  за зычлівых бабулек, якія сустракаюць з кубкам халоднай вады і абавязкова са слязамі на вачах дадуць ахвяру, каб занеслі да Маці Божай, бо самі ўжо не могуць дайсці. Гэта будзе падзяка за ўсіх тых, хто ў той ці іншы спосаб спрычыніўся да арганізацыі пілігрымкі. Гэта падзяка за ўсе споведзі, навяртанні, за ўсе выслуханыя інтэнцыі, за ўсе слёзы радасці, якія не могуць не цячы па твары, калі ты ўсё ж такі дайшоў і стаіш на каленях перад абразом Маці, Апякункі і Заступніцы нашага краю.

Цудоўна, што ёсць такая магчымасць адкінуць мітусню штодзённасці і пад блакітным ліпеньскім небам глыбей зазірнуць у сваё сэрца, каб там адшукаць Бога і Яго Маці. Таму напрыканцы  чэрвеня і ў пачатку ліпеня па неабсяжных дарогах нашай Бацькаўшчыны ідуць і ідуць пілігрымы. Ідуць у Будслаў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Аўтар: Ірына Шнітоўская