У нядзелю, 25 красавіка, у нашым касцёле адбылася Святая Імша ў інтэнцыі ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка” аб усіх патрэбных ласках для тых вернікаў нашай парафіі, якія ўзялі на сябе абавязак да канца жыцця маліцца за пэўную духоўную асобу.
З нагоды Года Святарства ў студзені месяцы ў нашай парафіі быў актывізаваны апостальскі рух “Маргарытка”, які сваёй мэтай ставіць малітоўную падтрымку святароў або законных асобаў.
Актывісты руху ставілі перад сабой задачу ў бліжэйшай перспектыве ахінуць сваёй малітвай усіх айцоў-кармелітаў, якія працуюць ці некалі працавалі ў Беларусі, а таксама ксяндзоў і законных сясцёр, якія паходзяць з нашай парафіі.
Але вынікі гэтай акцыі пераўзышлі ўсе чаканні: гэтыя некалькі месяцаў можна назваць сапраўднай духоўнай рэвалюцыяй у нарачанскай парафіі, бо вернікі ўзялі на сябе абавязак маліцца за 26 духоўных асобаў, у лік якіх уваходзяць не толькі айцы-кармеліты, але і іерархі Каталіцкага Касцёла, святары, лёс якіх быў звязаны з нарачанскім краем, і нават тыя святары, якія прыязджалі да нас на рэкалекцыі.
Падчас Святой Імшы ўдзельнікі апостальскага руху “Маргарытка” ўрачыста аднавілі складзеныя абяцанні і ўзнеслі свае малітвы да Бога, каб дапамог трываць у вернасці малітве за тых, хто сваё жыццё цалкам прысвяціў Пану Богу.
Актывісты руху маюць надзею, што прыклад удзельнікаў “Маргарытак” натхніць новыя сэрцы ахінуць малітвай большую колькасць духоўных асоб, бо яшчэ столькі святароў чакае на нашу малітву.

Аўтар: Адміністратар