Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу ведаў
Дзень 3 красавіка маладыя вернікі нашай парафіі чакалі з асаблівым нецярпеннем і хваляваннем, бо тыдзень таму 60 дзяцей нашай парафіі ўдзельнічалі ў конкурсе ведаў “Жыццё, аддадзенае выхаванню, жыццё, аддадзенае чалавеку”, прысвечанага святарскаму шляху Яго Эмінэнцыі ксяндза-кардынала Казіміра Свёнтка.
Імёны пераможцаў трымаліся ў таямніцы, таму можна зразумець тое ўзрушанне і пытанне ў вачах дзяцей і моладзі: хто з нас? Тым больш што абсалютных пераможцаў конкурсу яшчэ чакае ўзнагарода – сустрэча з кардыналам Казімірам Свёнткам у 71 гадавіну Святарства Яго Эмінэнцыі.
І нарэшце доўгачаканая хвіліна: пробашч парафіі айцец Бярнард Радзік пачынае ўручэнне дыпломаў пераможцам. У розных узроставых групах дыпломы атрымалі 29 чалавек.
Пад апладысменты прысутных былі зачытаны імёны і прозвішчы 10 абсалютных пераможцаў, якім пашчасціць паехаць у Пінск: Дангель Вераніка, Дангель Дзіяна, Казлоўская Яна, Барцова Святлана, Вярбіцкая Рыта, Каратышэўскі Канстанцін, Стаціна Грэта, Байко Яна, Мітуневіч Ганна, Дзержавец Ніка.
Пасля ўзнагароджання пераможцаў моладзь нашай парафіі традыцыйна прадставіла ўвазе прысутных тэатральную пастаноўку “Вялікдзень Тамаша”, пра духоўныя ваганні апостала Тамаша, які не паверыў, пакуль не ўбачыў і не дакрануўся…
Лейтматывам усёй пастаноўкі была думка аб тым, што “шчаслівыя тыя, што не бачылі, а паверылі”.