Дзень памяці Яна Паўла II
У Вялікую пятніцу, 2 красавіка, у нашай парафіі адзначаўся Дзень памяці Слугі Божага Яна Паўла II, прымеркаваны да 5 гадавіны смерці Вялікага Папы.
Да гэтага дня была аформлена выстава фотаздымкаў “Ян Павел II – знаёмы і незнаёмы”, зроблена падборка выказванняў славутых людзей пра асобу Вялікага Папы.
Падчас Крыжовага шляху, які праводзіўся ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Яна Паўла II, былі выкарыстаны разважанні з тэстамэнту Пантыфіка.
Каб яшчэ больш адкрыць вернікам веліч Асобы Вялікага Папы, разважанні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, якую праводзіла моладзь, складаліся з вершаў, урыўкаў з кнігі “Пераступіць парог надзеі”, вытрымкаў з сачыненняў нашых маладых парафіянаў, якія былі адзначаны на конкурсе “Ян Павел II змяняе маё жыццё”. Кульмінацыйным момантам Дня памяці стала малітва аб хутчэйшай беатыфікацыі ля помніка Слузе Божаму Яну Паўлу II у 22.37, той час, калі 5 год таму Вялікі Папа адышоў у вечнасць, у дом Нябеснага Айца.
11 красавіка, у Нядзелю Божай міласэрнасці, у нашай парафіі адбудзецца Святая Імша ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла II.