Велікапосныя рэкалекцыі ў нашай парафіі
З 26 па 28 сакавіка ў нашай парафіі праходзілі рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Аляксей Раманчук, прэфект духоўнай семінарыі ў Пінску. У сваіх рэкалекцыйных навуках ксёндз Аляксей нагадаў вернікам нашай парафіі пра сапраўдныя чалавечыя і сямейныя каштоўнасці, пра якія мы так часта забываем.
Падчас рэкалекцый ксёндз Аляксей сустракаўся з дзецьмі і моладдзю нашай парафіі, разважаючы з імі пра цяжкія путы граху, якія так часта могуць зняволіць маладое сэрца і душу. Ксёндз-рэкалекцыяніст падвёў моладзь да высновы, што толькі шчырая споведзь можа вызваліць нас ад д’ябла, які прыкладае ўсе сілы, каб парваць нашу сувязь з Езусам.
Падчас спаткання ксяндза Аляксея з дзецьмі і моладдзю парафіі адбыўся конкурс ведаў “Жыццё, аддадзенае выхаванню, жыццё, аддадзенае чалавеку”, прысвечаны святарскаму шляху Яго Эмінэнцыі ксяндза-кардынала Казіміра Свёнтка, у якім прынялі ўдзел 60 маладых парафіянаў.
У заканчэнні рэкалекцый разам з кветкамі і словамі шчырай падзякі ксёндз Аляксей атрымаў вельмі каштоўны падарунак. Сямёра вернікаў нашай парафіі ўзялі на сябе абавязак да канца жыцця маліцца кожны дзень у яго інтэнцыі, выпрошваючы ў Бога ўсе патрэбныя ласкі. Ксёндз-рэкалекцыяніст атрымаў на памяць “Маргарытку” як знак таго, што часцінку свайго сэрца ён назаўсёды пакінуў на нашай нарачанскай зямлі.