Вернікі нашай парафіі рыхтуюцца адзначыць 5-годдзе з дня смерці Вялікага Папы Яна Паўла II
2 красавіка 2010 года ўвесь каталіцкі свет будзе адзначаць 5-годдзе з дня смерці Вялікага Папы, цяпер Слугі Божага Яна Паўла II. Сімвалічна тое, што гэта дата прыпадае на Вялікую Пятніцу, дзень, калі на Крыжы здзяйснялася адкупленне чалавечага роду. Усё жыццё Яна Паўла II было яскравым прыкладам таго, як можна несці цяжар крыжа ўласнага жыцця і не страціць пры гэтым ні любові, ні радасці, ні надзеі. Вялікі Папа, асабліва ў апошнія гады свайго пантыфікату, паказаў усяму чалавецтву, што хвароба, цярпенні, пакута маюць сэнс, калі глядзець на іх праз таямніцу Крыжа Хрыста. Калі знясіленага хваробай Папу пыталіся, ці не жадае Ён скласці паўнамоцтвы кіраўніка Каталіцкага Касцёла, Ян Павел II адказаў: “Няўжо Езус пажадаў сысці з Крыжа?” Кожнаму сучаснаму хрысціяніну варта задумацца над гэтым пытаннем. Вялікі Папа даў на яго адмоўны адказ…
Час, які прайшоў з дня смерці Яна Паўла II, не аддаляе нас ад яго Асобы, а наадварот, праз зварот да паэтычнай, тэалагічнай, філасофскай спадчыны адкрывае нам Чалавека, улюбёнага ў хараство свету, да канца адданага свайму пакліканню.
Вернікі нашай парафіі рыхтуюцца годна адзначыць 5-годдзе з дня смерці Вялікага Папы Яна Паўла II. З гэтай нагоды плануецца аформіць выставу фотаздымкаў “Ян Павел II – знаёмы і незнаёмы”, падборку выказванняў славутых людзей пра асобу Вялікага Папы.
2 красавіка ў дзень смерці Папы, у Вялікую Пятніцу, для правядзення Крыжовага шляху будуць выкарыстаны разважанні Яна Паўла II. Каб яшчэ больш адкрыць вернікам веліч Асобы Вялікага Папы, разважанні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, якую рыхтуе моладзь, будуць складацца з вершаў, урыўкаў з кнігі “Пераступіць парог надзеі”, казанняў Яна Паўла II.
А 11 красавіка, у Нядзелю Божай міласэрнасці, у нашай парафіі адбудзецца Святая Імша ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла II.
У далейшым у парафіі плануецца 16 чысла кожнага месяца цэлебраваць Святую Імшу ў гэтай інтэнцыі.