Адарацыя Найсвяцейшага Сакарамэнта з’яўляецца той асаблівай формай малітвы, якая вядзе да асабістай еднасці з Езусам, калі, па словах Святога Апостала Паўла, “ужо жыву не я , а жыве ўва мне Хрыстос.” І не толькі жыве, але і дзейнічае. Дзейнічае ў нас і праз нас. Святы праваслаўнай царквы Серафім Вырыцкі ў сваёй “Размове Бога з душою чалавека” яскрава паказаў адвечную прагу Бога адарыць чалавека, які шукае ў Яго паратунку і дапамогі, усімі патрэбнымі ласкамі: “Ты стварыла свае планы і прынесла іх Мне, каб Я іх благаславіў; але Я хачу, каб ты дала мне магчымасць распараджацца тваімі абставінамі, – тады адказнасць за ўсё будзе на Мне, бо зацяжка гэта для цябе і ты адна не можаш справіцца з імі, ты толькі прылада, а не дзеючая асоба.”
У нашай парафіі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта з’яўляецца адной з самых практыкуемых форм малітвы, прычым можна адзначыць, што знаходзіцца яна ў пастаянным развіцці. Акрамя ўсім вядомых адарацый у першую пятніцу, суботу і нядзелю месяца, з таго часу, як у парафію прыехалі айцы-кармеліты, падчас Пасхальнага Трыдыуму сталі практыкаваць адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, якая трывае вечар чацвярга, цэлы дзень і вечар Вялікай Пятніцы і Вялікай Суботы.
У Год Эўхарыстыі як падзяка Пану Богу не толькі за гэты цудоўны дар, але адначасова і за дар Святарства ў чацвер перад вячэрняй Святой Імшой была ўведзена адарацыя ў гэтай інтэнцыі.
У год святкавання стогадовага юбілею кансэкрацыі нашага касцёла перад урачыстасцю Святога Роха было адноўлена саракагадзіннае набажэнства, якое не праводзілася ў парафіі з 60-ых гадоў мінулага стагоддзя і жыло толькі ва ўспамінах вернікаў і некаторых касцёльных дакументах. У знак падзякі за парафіяльныя Місіі і 100-годдзе кансэкрцыі касцёла парафіяне пабудавалі гроту Маці Божай Шкаплернай і кожны месяц пачалі праводзіць Марыйнае набажэнства перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Адной з частак малітвы на гэтым набажэнстве з’яўляецца чытанне падзяк і просьбаў нашых парафіянаў да Марыі, якія запісваюцца на спецыяльных картках. Найчасцей гучала просьба аб пазбаўленні ад алкагольнай залежнасці бацькі, мужа, сына… І як адказ на крык душы тых, у чыіх сем’ях жывуць алкаголікі, у аўторак, калі наша парафія праз Вяночак звяртаецца да Божай міласэрнасці, перад вячэрняй Святой Імшой была ўведзена адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта ў інтэнцыі пазбаўлення ад алкагольнай залежнасці не толькі нашых парафіянаў, але і ўсіх тых алкаголікаў, каму патрэбна наша малітоўная дапамога.
І як некалі ў Год Эўхарыстыі, у Год Святарства, каб адказаць на заклік ксяндза-арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча для малітоўнай падтрымкі святароў і яшчэ большага яднання з вернікамі, а таксама як шчырая падзяка за дар Святарства ў нашай парафіі ў пятніцу перад вячэрняй Святой Імшой уводзіцца гадзіна адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта. Плануецца, што падчас адарацыі вернікі разам са сваімі пастырамі будуць разважаць над урыўкамі з філасофскага дзённіка “Дзеі маёй мыслі…” святара-паэта Казіміра Сваяка, які ў пачатку XX стагоддзя працаваў у суседніх з нашай парафіях Засвіра і Камаяў, пра таямніцу паклікання і святарства.
Спадзяёмся, што супольнае трыванне пры Езусе стане крыніцай ласкаў, патрэбных для святароў, і выпрасіць у Бога новыя святарскія і манаскія пакліканнні.

Аўтар: Адміністратар