Апостальскі рух “Маргарытка” ў нашай парафіі
У Год Святарства ў нашай парафіі актывізаваны апостальскі рух “Маргарытка”, які сваёй мэтай ставіць малітоўную падтрымку святароў або законных асобаў. Разумеючы важнасць малітвы за святароў, актывісты руху стварылі “Маргарыткі”, у якіх моляцца за пробашча парафіі а.Бярнарда Радзіка ( тры “Маргарыткі” ), а таксама за былых пробашчаў парафіі а.Аўгусціна Квяткоўскага (цяпер кс.Сільвестара, які працуе ў Амерыцы, – дзве “Маргарыткі”) і а.Аркадзія Куляху ( дзве “Маргарыткі” ), выкладчыка духоўнай семінарыі ў Пінску. Малітоўнай апекай нашых парафіянаў ахінуты і айцы-кармеліты з суседніх парафій: а.Павел Леліто з Мядзела, а.Аляксандр Мешчановіч з Канстанцінава, а.Юрый Находка з Мінска.
Актывісты руху не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і ўласным прыкладам будуць заахвочваць іншых людзей да ўключэння ў гэты апостальскі рух, расказваць пра яго сваім родным і знаёмым, каб у бліжэйшай перспектыве ахінуць сваёй малітвай усіх айцоў-кармелітаў, якія працуюць ці некалі працавалі ў Беларусі, а таксама ксяндзоў і законных сясцёр, якія паходзяць з нашай парафіі.
Святарства — гэта асаблівы дар Пана Бога. Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў і шанаванне Сакрамэнту Святарства. Вернікі нарачанскай парафіі разумеюць, што толькі ў малітоўнай лучнасці, еднасці і любові, насуперак выклікам сучаснага свету, мы разам са сваімі пастырамі можам упэўнена крочыць да Нябеснага Валадарства.