У нашай парафіі ўжо стала добрай традыцыяй перад святам Божага нараджэння, пачынаючы ад 15 снежня, праводзіць Навэнну да Дзіцяткі Езуса. На гэтыя дзевяць дзён вячэрняя Святая Імша ператвараецца ў сапраўднае свята для дзяцей і моладзі парафіі.
Перад пачаткам Святой Імшы адбываецца працэсія па касцёле з запаленымі свечкамі, агеньчыкі якіх нагадваюць усім, што ўжо зусім хутка народзіцца наш Збаўца, Святло Свету.
У літургіі слова ўдзельнічаюць толькі дзеці, прычым малітва вернікаў бывае спантаннай, што яскрава паказвае чысціню і давер дзіцячай душы.
Кожны дзень пасля Святой Імшы адбываецца лёсаванне фігурак Дзіцяткі Езуса, якія шчасліўцы могуць забраць дамоў на цэлыя суткі, каб мець магчымасць усёй сям’ёй дзякаваць і праслаўляць Езуса за ўсе атрыманыя ласкі.
У гэтым годзе на час Навэнны ў парафіі аб’яўлены конкурс на складанне ўласнай малітвы да Дзіцяткі Езуса. Гэтыя малітвы дзеці чытаюць самі, укленчыўшы перад фігуркай Боскага дзіцяці.
Нельга без хвалявання слухаць пранікнёныя словы, што ідуць з глыбіні дзіцячага сэрца:
Езуска, сёння стаю перад Табою, каб выразіць сваю пашану і падзякаваць за ўсе Твае ласкі. Дзякую Табе за Тваё цудоўнае нараджэнне, што Ты з першай зорачкай увайшоў у кожную сям’ю і прынёс радасць. Дзякую, што праз Тваё нараджэннне мы маем надзею на збаўленне, за магчымасць прыйсці пакланіцца Табе. Прымі ў падарунак усе мае добрыя ўчынкі, усе справы, чыстыя думкі і маё сэрца, якое радуецца і спявае хвалу разам з Анёламі.
Амэн. 

Як звычайна, у апошні дзень Навэнны ўсіх дзяцей чакаюць падарункі, а пераможцаў конкурса – яшчэ і прызы.

Аўтар: Адміністратар