Перададвэнтовае спатканне для дзяцей і моладзі “Андрэйкі”
21 лістапада ў нашай парафіі адбылося традыцыйнае спатканне для дзяцей і моладзі “Андрэйкі”, якое звычайна папярэднічае пачатку Адвэнту. Тэма сустрэчы – “Барацьба паміж дабром і злом”.
У 12 гадзін парафіяльны дом сустракаў дзяцей. З-за іх шматлікай колькасці плебанія нагадвала пчаліны вулей. Самыя маладыя парафіяне ўважліва глядзелі сцэнічную пастаноўку, падрыхтаваную моладдзю парафіі, прымалі актыўны ўдзел у розных конкурсах. Пасля адбылася дыскатэка, на якой дзеці танцавалі і гулялі разам са сцэнічнымі персанажамі. Гэтая сустрэча хутка прайшла, але галоўнай мэты мы дасягнулі: дзеці разыходзіліся ўражаныя, задаволеныя і абяцалі прыйсці яшчэ.
Вечарам, пасля Святой Імшы, адбылася сустрэча для моладзі. Акрамя вернікаў, на спатканне былі запрошаны вучні Нарацкай школы №2. Каталіцкая моладзь хацела паказаць усім, што адпачываць можна ў духу хрысціянскай любові і еднасці, што гэта таксама цікава. Моладзі, таксама як і дзяцей, было шмат (каля 90 чалавек). Для яе былі падрыхтаваны і сцэнічная пастаноўка, і розныя цікавыя конкурсы, пасля якіх адбылася дыскатэка, якую ўсе чакалі з нецярпеннем. Ужо разыходзячыся, моладзь падзякавала ўсім, хто падрыхтаваў гэты цудоўны вечар і аб’яднаў і католікаў, і праваслаўных у адну сям’ю.
Застаецца спадзявацца, што суботні дзень не прайшоў дарэмна ні для дзяцей, ні для моладзі. Як было адзначана ў адной са сцэнічных пастановак, “чалавек сам выбірае, як жыць і на што спадзявацца”. Хочацца, каб дзеці цяпер заўсёды верылі ў перамогу дабра над злом, а моладзь сама выбірала шлях, па якім ісці ў жыцці. Спадзяёмся, гэта будзе шлях, звязаны з Богам…