16 кастрычніка 2009 года ў 31 гадавіну пачатку Пантыфікату Яна Паўла II у нашай парафіі адбылася Святая Імша з нагоды гадавіны ўстаноўкі і асвячэння помніка гэтаму Вялікаму Папу на тэрыторыі нашага касцёла. Святую Імшу цэлебраваў ксёндз-арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку вернікі сабраліся ля помніка Яну Паўлу II, дзе маліліся аб хутчэйшай беатыфікацыі гэтага Вялікага чалавека. У прывітальным слове ксяндзу-арцыбіскупу моладзь нарачанскай парафіі адзначыла: “Не галоўнае мець помнік, але галоўнае жыць, як вучыў Папа”.У канцы Імшы былі падведзены вынікі парафіяльнага конкурсу малюнкаў “Ян Павел ІІ — Вялікі Папа”. Дыпломы пераможцам уручыў ксёндз-арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля Святой Імшы адбылося выступленне заслужанага аматарскага фальклорнага калектыва “Паазер’е”, які зачараваў усіх сваёй ігрой на народных інструментах і цудоўным спевам. Кранальным да слёз было тое, што пастаўскія артысты да гэтага выступлення спецыяльна развучылі любімую песню Вялікага Папы “Barka”.
Урачыстасць у Кабыльніку закончылася, але перад нашымі вернікамі стаіць задача, каб жыццё нашай парафіі, наша ўласнае жыццё было сугучна закліку Яна ПаўлаІІ: “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту! Плывіце на глыбіню!”

Аўтар: Адміністратар