Пасвячэнне ў дыяканы братоў Андрэя, Аляксандра і Паўла
19 і 20 верасня 2009 г. даўно чакалі кармэліты босыя ў Беларусі, а таксама родныя, сваякі і знаёмыя маладых братоў, якія складалі ўрачыстыя шлюбы і прымалі пасвячэнне ў дыяканы. Трэці раз у Нарачы адбываліся ўрачыстасці прысвячэння Богу юнакоў, якія адказалі на заклік Хрыста: «Ідзі за Мной». Амаль дзесяць гадоў таму браты пачулі голас паклікання. Аляксандр ад Найсвяцейшай Тройцы пачуў яго ў Гродне, у роднай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай Маці Міласэрнасці, якая асаблівым чынам ушаноўваецца ў Кармэлі, Павел ад Добрага Пастыра — у Бярозе, а Андрэй ад Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі — у Астраўцы ў цяні Маці Божай Гудагайскай. Пасля заканчэння сярэдняй школы яны папрасілі аб прыняцці ў ордэн кармэлітаў босых, які іх захапіў сваёй духоўнасцю.
У нядзелю, 20 верасня, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін выбраных братоў пасвяціў у дыяканы. Разам з Аляксандрам і Паўлам дыяканат прыняў брат Андрэй, які вечныя шлюбы складаў у студзені. Чыстае неба гэтай нядзелі было сімвалам сэнсу паклікання — быць чыстым і даваць радасць іншым. Біскуп Уладзіслаў у гаміліі нагадаў пра жаданне кожнага святара быць святым і паказаў шлях, які вядзе да святасці — малітва і трыванне ў еднасці з Богам. Біскуп узгадаў святога Яна Марыю Віянэя і падкрэсліў, што святасць з’яўляецца пакліканнем кожнага чалавека, а той, хто моліцца, ніколі не будзе адзін, бо з ім ёсць Бог. Калі новыя дыяканы апранулі далматыкі, біскуп заахвоціў прысутных да радасці, а саміх дыяканаў запрасіў падысці да бацькоў і пацалаваць іхнія рукі. Гэты момант быў выразам падзякі тым, хто дазенае Богам жыццё прыняў, бярог і Богу аддаў. Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел навучэнцы і выкладчыкі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, святары з родных парафій братоў, сёстры і браты з розных манаскіх супольнасцяў, родныя, сябры і шматлікія вернікі. Свята закончылася, Касцёл мае новых дыяканаў, а Кармэль у Беларусі моліцца аб святасці сваіх братоў і новых пакліканнях.