Пілігрымка ў Гудагай на фэст Маці Божай Шкаплернай
19 ліпеня пілігрымы нашай парафіі вярнуліся з Гудагаю з фэсту Маці Божай Шкаплернай. Сваімі ўражаннямі дзеліцца адна з пілігрымаў Лукохва Віка:
“Ярка свеціць сонца, лёгкія павевы ветру гайдаюць галінкі прыгожых дрэў… Усе спяшаюцца на возера, а мы, на гэты раз ужо на веласіпедах, накіроўваемся ў Гудагай на свята Маці Божай Шкаплернай. Невялікай групай (усяго 9 чалавек) на чале з а. Аляксандрам і пры непасрэднай дапамозе бр. Андрэя, які ўсё ж такі ехаў з намі, хоць і на чатырох калёсах. За два дні мы пераадолелі каля 90 кіламетраў. Здавалася б, і не так доўга ехалі, а колькі ўражанняў, колькі прыемных адкрыццяў у адносінах паміж сабой. За гэтыя два дні столькі добрага, столькі сумеснай малітвы, спеваў, жартаў, нават творчасці (каб павіншаваць а. Аркадзія, пераклалі спеў, і, здаецца, нядрэнна атрымалася!). Ды і дарога не была аднастайнай: роўная да Канстанцінава і горыстая пасля Міхалішак, асфальт і гравейка, лясы, якія патыхалі водарамі спелых ягад , лугі, шчыра ператканыя рознакаляровымі кветкамі, плі збажыны з блакітнымі вочкамі валошак; спякота ў першы дзень і лівень за 6 кіламетраў ад Гудагая… Некалькі сустрэч з людзьмі, якія глядзелі на нас, хто са здзіўленнем, хто з незразуменнем, аднак шчыра вітаючы нас усмешкамі і ўзмахамі рукі. Дзякуем Пану Богу і Маці Божай за апеку над намі, за прытулак у Міхалішках, дзе нас гасцінна сустрэла пані Ўладзя, за дах над галавой і смачныя пасілкі падчас моладзевай сустрэчы ў Гудагаі. Дзякуем за ўсіх, каго мы сустрэлі, з кім пасябравалі, хто раздзяліў з намі радасць шляху і прабывання ў гэтым святым месцы…”
Аўтар: Адміністратар