25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у нарачанскай парафіі ўжо ў 15 раз адбылася акцыя “Духоўнага ўсынаўлення” ненароджанага дзіцяці.  Каля 80 вернікаў  парафіі ўзялі на сябе абавязак маліцца за дзіця, якому пагражае небяспека аборту.

Калі заняцца статыстыкай і зазірнуць у парафіяльную кнігу “Духоўнага ўсынаўлення”, то можна падлічыць, што за 15 год, падчас якіх нарачанцы моляцца за ненароджаных дзяцей, уратавана каля 1500 жыццяў немаўлят.

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта малітоўны абавязак  канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ратавання ва ўлонні маці жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай. Сутнасць яго заключаецца ў штодзённай малітве на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца гэтая малітва  ва ўрачыстасць Звеставання Пана і заканчваецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана Езуса. Складаецца яна са спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі дзіцяці, імя якога ведае Бог, а таксама з адной з таямніц святога Ружанца і дабравольнага выканання якой-небудзь рэлігійнай практыкі. Да гэтай справы можа далучыцца кожны чалавек, які палічыць, што зможа выканаць прыняты абавязак.

У нарачанскай  парафіі гэта акцыя праводзіцца з 2006 года, і па традыцыі тыя асобы, якія бяруць на сябе абавязак духоўнага ўсынаўлення, выйшаўшы да алтара, разам прамаўляюць формулу абяцання і супольна чытаюць адпаведныя малітвы.

Аўтар: Ірына Шнітоўская