Да 105-ай гадавіны з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка нарачанцы праводзілі традыцыйную акцыю “Кветкі для Кардынала”, якая, пачаўшыся ў Нарачы, мела сёння сваё завяршэнне ў Пінску.

Гэту акцыю ўжо нельга назваць толькі нарачанскай, бо за гады, якія Казімір Свёнтак прабывае ў доме Нябеснага Айца, вырасла не адно пакаленне нарачанскай моладзі, якое выхавалі на прыкладзе сведкі нязломнай веры. Зараз гэтыя маладыя людзі жывуць у розных кутках Беларусі, маюць сем’і, дзетак, але нязменным застаецца адно: любоў і ўдзячнасць да чалавека, які прайшоў камеру смяротнікаў, Сібір, не здрадзіўшы свайму пакліканню, і якога ўратавала моцная, непахісная вера. Чалавека, якому Богам было наканавана адрадзіць Касцёл на Беларусі.

Кажуць, што ў спадчыну можна перадаць толькі тое, чым валодаеш сам.

Глядзіш на гэтых малых жэўжыкаў, “нашчадкаў нарачанцаў”, якія нясуць кветкі ў крыпту, дзе пахаваны Казімір Свёнтак, і сэрца спявае ад радасці, бо гэтыя дзеці ўжо атрымалі ад бацькоў спадчыну, якую ніхто і ніколі не адніме: прыклад веры ў Бога, любові і ўдзячнасці.

Аўтар: Ірына Шнітоўская