Нарачанская XXV юбілейная пілігрымка запрашае сваіх сяброў здзейсніць духоўнае падарожжа да Маці Божай Будслаўскай
Так, Вам не падалося. Хоць агульнанацыянальны Будслаўскі фэст, планаваны на 3-4 ліпеня, перанесены на пазнейшы час, юбілейная пілігрымка Нарач-Будслаў адбудзецца. Толькі ў іншым фармаце. Мы ўжо не аднойчы пісалі, што час пандэміі стаў, паводле слоў кс. Твардоўскага, часам не толькі зачыненых дзвярэй, але і часам адчыненых вокнаў.
Гэты час вымушае нас шукаць новыя формы малітвы і праслаўлення Бога, новыя шляхі пілігрымавання, каб адшукаць сапраўдную Божую любоў і сябе самога ў вялікім Божым плане, які можа пераўзыходзіць наша чалавечае разуменне.
Бо хто такі пілігрым? Пілігрым – гэта не толькі той чалавек, які ідзе пешшу ў святыя мясціны. Пілігрым – гэта чалавек, які няспынна моліцца і праслаўляе Пана Бога, сведчыць пра Яго дабрыню і міласэрнасць сваім жыццём і не губляе веры і надзеі. Нават у такі складаны час, якім з’яўляецца пандэмія.
Што трэба, каб стаць духоўным пілігрымам XXV юбілейнай пілігрымкі Нарач-Будслаў? Мець паставу евангельскага дзіцяці. Толькі і ўсяго.
Адразу можна адчуць настрой скептыкаў.
Якая гэта пілігрымка без фізічнай прысутнасці, без мазалёў, поту, спеваў, якія чуваць за вярсту?..
Але кожнаму даецца па яго веры.
Агульная інтэнцыя нарачанскай пілігрымкі – просьба аб спыненні каранавірусу ў свеце і Беларусі, а таксама аб Божым благаслаўленні і апецы Маці Божай Будслаўскай для нашай Бацькаўшчыны.
Тым, хто стане ўдзельнікам духоўнай пілігрымкі, трэба будзе на працягу 4 дзён (столькі доўжыцца нарачанская пілігрымка) – 29, 30 чэрвеня, 1-2 ліпеня – у 15 гадзін (ці ў іншы зручны для Вас час) маліцца Вяночак да Божай міласэрнасці ў агульнай інтэнцыі пілігрымкі і сваіх уласных інтэнцыях, практыкуючы на працягу гэтых дзён учынкі міласэрнасці.
Кожны дзень на сайце нарачанскай парафіі будуць змяшчацца канферэнцыі, Крыжовыя шляхі, прысвечаныя асобе Святога Яна Паўла ІІ, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем у гэтым годзе, так што кожны пілігрым будзе мець магчымасць іх прачытаць і паразважаць над тым, якім прыгожым і змястоўным можа быць жыццё чалавека, калі ён злучыць яго з Божай воляй адносна сябе.
Па гэтай спасылцы https://forms.gle/cDEkhnThneJGqHYQ7 пілігрымы маюць магчымасць запісаць свае інтэнцыі, якія 2 ліпеня будуць складзены да трона Маці Божай Будслаўскай прадстаўнікамі нарачанскай духоўнай пілігрымкі.
Запіс у пілігрымку будзе адбывацца па гэтай спасылцы https://forms.gle/8deFKWAs3ePpGdBJ9.
Дастаткова толькі ўказаць сваё прозвішча, імя і мясцовасць.
Для чаго будзе весціся запіс у духоўную пілігрымку? Каб паказаць, што ў гэты складаны час па-ранейшаму мы аддаём сябе, свае сем’і, родных, блізкіх і сяброў, Беларусь у апеку Маці Божай Будслаўскай, а Яна яднае сваіх дзяцей, каб атуліць іх плашчом сваёй апекі. І яшчэ, каб проста мець магчымасць прачытаць і ўспомніць імёны і прозвішчы тых людзей, якія за 25 нарачанскіх пілігрымак сталі нам блізкімі і роднымі.
“Мы разам, нас многа, ідзём да Маці Бога!”
Заахвочваем моладзь Мядзельскага дэканата, дзяцей, людзей старэйшага пакалення, якія па стане здароўя не маглі ісці пешшу ў Будслаў, усіх нашых гасцей з іншых парафій Беларусі, якія ў розныя гады ішлі пешшу разам з намі, далучыцца да духоўнай пілігрымкі Нарач-Будслаў, каб, ушаноўваючы Марыю ў цудадзейным будслаўскім абразе, усе мы знайшлі дарогу да яе Сына.
P.S. У межах пілігрымкі на сайце нарачанскай парафіі будзе праводзіцца фотаконкурс “Нарачанскія пілігрымы”, дзе будуць змешчаны фотаздымкі нарачанскіх пілігрымаў мінулых гадоў.
Так што ўжо пачынайце пераглядаць свае фотаархівы, каб даслаць нам крэатыўныя фотаздымкі сябе і сваіх сяброў і адначасова ўспомніць: і нават калі нас дождж напаткае (да гэтага часу дождж здаваўся самай страшнай бядой), ні кроку назад: Марыя чакае!
Аўтар: Ірына Шнітоўская