У 1897 г. закладваюцца падмуркі новай каменнай святыні ў неагатычным стылi, якая ў 1901 г. была асвечаная і 25 ліпеня 1904 г. кансэкраваная біскупам Эдвардам Ропам. 30 лістапада 1901 г. адбыліся святкаванні ў гонар адкрыця новай святыні. Гэта быў першы цагляны касцёл, а па ліку чацвёрты, які быў пабудаваны ў мястэчку Кабыльнік за яго амаль 500-гадовую гісторыю. Акрамя гэтага, святыня была першым храмам, пабудаваным у Віленскай дыяцэзіі на пачатку ХХ ст.

Касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы на падмўрку з гранітных блокаў. Зараз у касцёле ёсць чатыры алтары. У галоўным па-ранейшаму захоўваецца абраз Маці Божай (у народзе называнай Анёльскай – успамiн 2 жнiўня). Гэты абраз быў адрэстаўраваны ўВільні ў 1902 г. У бакавых навах: злева – святога Андрэя, i святога Антонiя, справа – святога Роха. У 1904 г. у Вільні былі зроблены алтары для абразоў і амбона, ў неагатычным стылі. Майстры з Германіі зрабілі дубовыя лаўкі. Пры касцёле святога Андрэя дзейнічалі школа i шпіталь. У Нарачы дзейнiчае таксама праваслаўная парафiя.

Лёс храма быў журботны – ён быў зачынены ў пасляваенны перыяд. Пасля другой сусветнай вайны бязбожныя ўлады спрабавалi зачынiць i касцёл, аднак парафіяне, дзякуючы сваёй стойкасцi ў веры, здолелi захаваць дом Божы ад знiшчэння. Самымі складанымі былі 50-я гады. Камуністычныя ўлады, спрабуючы знішчыць веру, пасадзілі ў турму пробашча парафіі кс. Пятра Васючонка, які пазней змушаны быў пакiнуць Беларусь. Хоць парафiя засталася без святара, то людзi самi малiлiся ў святынi і адпраўлялі набажэнствы без святара, спадзяючыся на лепшае i стараючыся атрымаць ад улады дазвол для святара. Таксама тыя ж ўлады забралі ключы ад касцёла, але гэта не прымусіла нарачанцаў адрачыся ад веры. Парафіяне пачалі абыходзіць Крыжовую Дарогу вакол касцёла, прычым збіралася столькі людзей, што іх спеў чуўся аж за два кіламетры. Ноччу вернікі таксама не спалі: сцераглі касцёл ад падпалу. З цягам часу дазвол быў выдадзены. Сюды стаў прыезжаць спачатку перыядычна, а пазней рэгулярна кс. Люцыян Паўлiк з Задарожжа.
Ад 1989 года тут служаць кармелiты босыя. У парафii адзначаюцца ўрачыста днi святога Антонiя (13 чэрвеня), святога Роха(16 жнiўня) i святога Андрэя Апостала (30 лiстапада).