У нарачанскай парафіі завяршылася перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага па сем’ях, прымеркаваная да Года Божай міласэрнасці, які адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле.

Перэгрынацыя Міласэрнага Езуса ў святой выяве распачалася ў парафіі год таму.

За час вандравання па парафіі Езус наведаў сем’і не толькі вёскі Нарач і курортнага пасёлка Нарач, але і сарака вёсак, якія ўваходзяць у склад парафіі. Езус нікога не пакінуў без сваёй міласэрнай любові і пабываў нават у тых лясных вёсачках, дзе жыве толькі адна бабуля.

Не толькі каталіцкія сем’і нарачанскага краю, але і праваслаўныя прымалі абраз Езуса Міласэрнага, сцвярджаючы тым самым, што Божай міласэрнасці і прабачэння патрабуе кожны чалавек.

У нядзелю абраз Езуса Міласэрнага быў урачыста ўнесены парафіянамі ў касцёл і змешчаны на галоўным алтары, а падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта нарачанскія вернікі дзякавалі Усемагутнаму Богу не толькі за дар такой дарагой для кожнага гасціны, але і за дар Божай міласэрнасці і любові.

Аўтар: Адміністратар