Прапануем Вашай увазе матэрыялы для падрыхтоўкі да конкурсу ведаў «Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай, па якой ты дойдзеш да Бога».

13 мая — 100-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме

13 мая — пачатак аб’яўленняў Маці Божай траім малым пастушкам Люцыі, Жасінце і Францішку ў партугальскай вёсцы Фаціма. Падчас аб’яўленняў, якія працягваліся пяць месяцаў, з 13 мая да 13 кастрычніка 1917 года, Маці Божая прадказала гісторыю чалавецтва ў ХХ стагоддзі, пераслед Касцёла і яго адраджэнне.

1917 год. Да рэвалюцыі ў Расіі заставалася зусім мала часу, адлік ужо ішоў нават не на месяцы, а на дні. А ў Партугаліі, у мясцовасці Кова да Ірыя, недалёка ад Фацімы, клапатлівая Маці Божая настойліва працягвала папярэджваць свет пра бяду, у якую ён можа трапіць, калі не навернецца да Бога.

Пачынаючы з мая 1917 года, Панна Марыя ўжо шмат сказала сучаснаму свету праз траіх пастушкоў. Вось маленькія вытрымкі з Яе пасланняў.

13 мая

«…Штодня маліцеся Ружанец, каб выпрасіць спакой для свету».

13 чэрвеня

«…Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай, па якой ты дойдзеш да Бога».

13 ліпеня

«…Ахвяруйце за грэшнікаў і часта паўтарайце, асабліва чынячы якую-небудзь ахвяру: „О Езу, гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў… Прыйду, каб прасіць прысвяціць Расію Майму Беззаганнаму Сэрцу…“».

19 жніўня

«…Маліцеся, моцна маліцеся, бо шмат душаў ідуць у пекла, таму што няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся».

13 верасня

«…І надалей маліцеся Ружанец, каб выпрасіць заканчэнне вайны…».

І вось надышоў дзень 13 кастрычніка. Яго чакала ўжо ўся Партугалія, бо Маці Божая ў час ранейшых сваіх аб’яўленняў абяцала сказаць, хто Яна. А яшчэ Яна абяцала ўчыніць цуд…

Партугалія чакала. Чакаў свет, той самы, які патанаў у сваіх уласных грахах. Ён, стары і грэшны, сам таго не падазраючы, чакаў, што скажа яму на гэты раз Маці Божая. На месцы аб’яўленняў, нягледзячы на праліўны дождж, сабралася звыш 50 тысяч чалавек, якія ў чаканні Нябеснай Пані супольна маліліся Ружанец.

Яна з’явілася і сказала дзецям: «Я — Каралева святога Ружанца. Прыходжу заахвоціць вернікаў змяніць сваё жыццё, каб яны не засмучалі сваімі грахамі Збавіцеля, які вельмі зневажаецца. Каб маліліся Ружанец, выправіліся і пакаяліся ў сваіх грахах».

А пасля дождж скончыўся, хмары расступіліся, з’явілася зіхоткае, яркае сонца, падобнае да срэбнай вясёлкі, якое, нібы агністае кола, пачало раптам паварочвацца, фарбуючы навакольны свет у розныя колеры вясёлкі: жоўты, ружовы, блакітны, фіялетавы.

Потым яно на хвіліну затрымалася, і зноў пачало паварочвацца, як агромністая вясёлка. Зноў затрымалася, і зноў праз хвіліну пачало свой фантастычны «танец».

Цудоўнае відовішча працягвалася 10 хвілін. 50 тысяч чалавек бачылі яго, і калі яно знікла, заўважылі раптам, што за гэтыя 10 хвілін іхняе прамоклае наскрозь адзенне цалкам высахла. У 1930 годзе ў сваім пастырскім лісце біскуп Лейрыі напісаў:

«Сведкамі гэтае з’явы, якая не была зафіксавана ніводнаю астранамічнаю лабараторыяй, бо не з’яўлялася прыроднаю з’яваю, былі людзі з розных асяродкаў і класаў, вернікі і атэісты, журналісты галоўных партугальскіх выданняў, а таксама людзі з аддаленых мясцінаў. Усё гэта выключае магчымасць агульнай галюцынацыі»

У час сваіх аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая сказала свету вельмі шмат. Маці папярэджвала сваіх дзяцей, асцерагала, навучала… А танец сонца прадэманстраваў людзям, што па волі Божай могуць дзеяцца самыя незвычайныя, цудоўныя, нязвыклай красы з’явы.

Свет можа быць надзвычай прыгожым, ён можа свяціцца ўсімі колерамі вясёлкі, быць радасным і шчаслівым. Свет цалкам знаходзіцца ў руках Бога, які здольны сваёй моцай, дабрынёй і любоўю чыніць для яго цудоўныя рэчы. Толькі людзям дзеля гэтага трэба навярнуцца да Бога…

13 мая 1981 года — замах на Пантыфіка

35 гадоў таму на плошчы св. Пятра ў Ватыкане адбыўся замах на Папу Яна Паўла ІІ. Пантыфік атрымаў тры кулі: у жывот, правы локаць і палец левай рукі. Яшчэ дзвюма кулямі былі паранены людзі побач з Папам. Адна з куль трапіла ў жанчыну, якая ўдзельнічала ў агульнай аўдыенцыі: амерыканку польскага паходжання, народжаную ў Вадавіцах у той жа дзень і год, што і Караль Вайтыла.

«Замах адбыўся амаль у тую ж хвіліну і ў тую самую пару, што і аб’яўленні Маці Божай у Фаціме: у 17.19», — прыгадваў у 1981 годзе прафесар Габрыэль Туроўскі з Кракава, блізкі прыяцель Пантыфіка. Прафесар лічыў, што гэта быў асаблівы знак — Ян Павел ІІ вельмі шанаваў культ Маці Божай Фацімскай.

1917 год. Чацвёрты год ідзе Першая сусветная вайна. Рэвалюцыяй у Расіі распачынаюцца трагічныя падзеі, якія ў будучым акажуць вялікі ўплыў на многія народы. У такой сітуацыі тагачасны папа Бэнэдыкт XV заклікае ўвесь Касцёл прасіць Маці Божую аб заступніцтве і памаліцца навэнну за мір ва ўсім свеце (навэнна — гэта малітва, якая адбываецца на працягу дзевяці чарговых адзінак часу).

13 мая 1917 года быў апошні дзень навэнны. У гэты дзень Маці Божая ўпершыню аб’явілася ў партугальскай Фаціме тром дзецям. Праз іх Яна абвясціла пасланне свету, заклікаючы да навяртання, пакаяння, малітвы (асабліва штодзённай малітвы на ружанцы), да прысвячэння сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу. Тое, што бачылі тры пастушкі, аказалася ключом да разумення важных падзей ХХ стагоддзя. Сёння, ведаючы гісторыю замаху на папу Яна Паўла ІІ і падзення камунізму, мы можам лепш зразумець Яе пасланне.

Трох пастушкоў, якім аб’явілася Багародзіца, звалі Люцыя, Жасінта і Францішак. Аб’яўленняў было шэсць, яны працягваліся з мая па кастрычнік 1917 года — кожны 13 дзень месяца. Толькі ў жніўні 1917 года Маці Божая аб’явілася ў 19 дзень месяца, паколькі пастушкоў арыштавалі і яны не маглі прыйсці 13 жніўня.

Апрача шасці аб’яўленняў Маці Божай, Люцыя і тры яе сяброўкі ў 1915 годзе бачылі штосьці невыразнае. У 1916 годзе Люцыя, Францішак і Жасінта тройчы бачылі Анёла, які назваў сябе «анёлам супакою». Ён вучыў іх маліцца, прыносіць ахвяры, і праводзіць час у пакланенні Богу.

13 мая 1930 года біскуп дыяцэзіі Лейрыя, да якой належала Фаціма, афіцыйна прызнаў сапраўднасць аб’яўленняў Маці Божай тром дзецям у 1917 годзе.

13 мая 1917 года на пашы каля Фацімы тром дзецям аб’явілася Маці Божая і заклікала іх, каб да мая ўключна яны прыходзілі на гэтае месца кожны трынаццаты дзень месяца. Падчас наступных аб’яўленняў Маці Божая наказала дзецям часта маліцца на ружанцы і дабравольна цярпець у інтэнцыі навяртання грэшнікаў.

Дзяцей звалі Люцыя, Жасінта і Францішак. Жасінта і Францішак былі роднымі братам і сястрой, а Люцыя была іх стрыечнай сястрой. «Жыццё гэтых дзяцей — таямніца…» — сказала аднойчы маці Францішка і Жасінты, а потым дадала: «Калі яны адны, то размаўляюць няспынна, як вадаспад, так, што нельга зразумець ніводнага слова, нават калі чалавек напружыць слых. А як толькі хтосьці ўвойдзе, яны апускаюць галовы і больш не скажуць ні слова. Я не магу зразумець гэтую таямніцу».

Францішак Марта нарадзіўся 11 чэрвеня 1908 года ў вёсцы Альюстрэль, якая належала да парафіі ў Фаціме. У кастрычніку 1917 года ён распачаў вучобу ў школе. Часта па дарозе ў школу заходзіў у парафіяльны касцёл памаліцца. У адрозненне ад Жасінты быў больш спакойным і разважлівым. Прагнуў як мага хутчэй прыняць святую Камунію.

У верасні 1918 года паўвостраў апанавала эпідэмія іспанскага грыпу. У канцы кастрычніка Францішак і Жасінта амаль адначасова захварэлі. Прыйшоўшы да іх, Люцыя ўбачыла Жасінту ў вельмі радасным настроі. Жасінта растлумачыла: «Найсвяцейшая Панна прыходзіла да нас і сказала, што неўзабаве прыйдзе па Францішка, каб узяць яго на неба».

У час хваробы Францішка і Жасінты Люцыя часта наведвала іх. Яны доўга гутарылі пра ўсё, што здарылася, пра ўсе падзеі, што з імі адбыліся. Жасінта тады сказала Люцыі: «У хуткім часе я пайду на неба. Ты застанешся тут, каб сказаць людзям пра тое, што Бог хоча распаўсюдзіць у свеце набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Панны Марыі. Калі настане час сказаць пра гэта, не хавайся, скажы ўсяму свету, што Бог адорвае нас ласкамі праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі».

У канцы сакавіка 1919 года Францішак сам папрасіў аб удзяленні святой Камуніі і прыняў Эўхарыстыю. Памёр з усмешкай на твары 4 красавіка 1919 года ў бацькоўскай хаце.

Жасінта Марта была маладзейшая за Францішка на два гады і адрознівалася ад яго сваёй рухлівасцю, была вельмі жывой дзяўчынкай. Пасля смерці брата яе перавезлі ў Лісабон. У сіроцкім прытулку ёю апекавалася сястра Марыя Гадзіньё, якая, хоць і не заўсёды даслоўна, натавала яе апошнія словы.

Маці Божая забрала Жасінту на неба 20 лютага 1920 года. Целы Жасінты і Францішка спачываюць у фацімскай базыліцы. 13 мая 2000 года Ян Павел ІІ абвясціў іх благаслаўлёнымі. У літургіі іх успамін прыпадае на 20 лютага. Упершыню ў гісторыі Касцёла такія маленькія дзеці, якія не былі мучанікамі, былі абвешчаны благаслаўлёнымі.

Люцыя стала манашкай-кармэліткай і жыла ў кляштары ўКаімбры. Там з ёй тройчы сустракаўся мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Словы Жасінты пра грэх:

«Грахі, якія больш за ўсё вядуць душы ў пекла — гэта грахі плоці.

Прыйдзе мода, якая будзе вялікаю абразаю для Пана Езуса.

Людзі, якія служаць Богу, не павінны ісці за модаю. У Касцёла няма моды. Наш Пан заўсёды адзін і той жа.

Грахі свету вельмі вялікія.

Калі б людзі ведалі, што такое вечнасць, то змянілі б сваё жыццё.

Людзі гінуць, таму што не думаюць пра смерць Пана нашага і не каюцца.

Ёсць многа нядобрых сем’яў, якія не ад Бога і не падабаюцца Богу.

Першая таямніца

13 ліпеня 1917 года адбылося трэцяе фацімскае аб’яўленне. Маці Божая аб’явіла таямніцу. Таямніца гэтая складаецца з трох частак, таму часам кажуць пра тры фацімскія таямніцы. Дзве таямніцы былі апублікаваны 31 жніўня 1941 г. у дакуменце «Трэці мемуар» («ThirdMemoir»), напісаным Люцыяй па просьбе Жазэ да Сільва, біскупа горада Лейрыя.

Першая частка фацімскай таямніцы датычыць цярпенняў у пекле: «Мы ўбачылі мора агню. У гэты агонь былі акунутыя дэманы і душы, нібы раскаленыя да чырвані вуглі, празрыстыя, чорныя ці карычневыя языкі полымя, якія мелі чалавечыя абрысы. Яны ўзносіліся ў пажары, полымя агню распаўзалася навокал разам з клубамі дыму, потым разляталіся, нібы лёгкія іскры. Усё гэта было сярод стогнаў адчаю і крыкаў, якія жахалі і прымушалі чалавека ўздрыгваць ад страху і жудасці. Д’яблы адрозніваліся адзін ад аднаго жахлівымі і агіднымі абрысамі жудасных і невядомых звяроў, якія былі празрыстыя, як раскаленыя да чырвані вуглі».

Бачанне пекла паказвае, што чалавечыя выбары маюць канчатковыя наступствы, аднак Бог урэшце хоча сустрэцца з чалавекам. Бог шануе свабоду чалавека, але чалавек можа няправільна яе выкарыстаць. Бог прагне адарыць нас сваёю любоўю.

Пекла, свядома або несвядома, выбіраюць тыя, хто супраціўляецца любові. Вось таму Фаціма спачатку кажа пра грэх. Аб’яўляючыся там, Маці Божая перасцерагае ад наступстваў нашых грахоў. І адразу звяртае ўвагу на хлусню сатаны, які падмяніў нашае ўспрыняцце граху. Мы баімся не граху, а яго наступстваў.

Грэх зневажае Бога, забівае ў нас жыццё. Але мы пра гэта не думаем. Самае большае — прывязваем увагу да кары за грахі. Мы баімся не граху, а пакарання за грахі. Фаціма ж перасцерагае нас ад самога граху.

Аб’яўленні падкрэсліваюць значэнне свабоды чалавека. А менавіта тое, што яго будучыня не з’яўляецца нязменна прадвызначанаю, а, наадварот, залежыць ад яго самога. Мэта аб’яўлення не ў тым, каб паказаць «фільм» пра нязменна наканаваную будучыню, а ў тым, каб мабілізаваць чалавека да перамены, каб станавіцца лепшым.

Такім чынам, у аб’яўленні Маці Божай мы чуем як пра небяспекі, так і пра тое, якім чынам іх можна пазбегнуць. Кардынал Ёзаф Ратцынгер, будучы Папа Бэнэдыкт XVІ, узгадваў, што с. Люцыя падчас адной размовы з ёю выразна ўказала на мэту фацімскіх аб’яўленняў — гэта быў заклік да ўзрастання ў веры, надзеі і любові

Другая таямніца

Другая таямніца была запісана сястрой Люцыяй разам з першай 31 жніўня 1941 года ў дакуменце «Трэці мемуар». Гэта таямніца датычыць ушанавання Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. У ёй прадказваецца заканчэнне Першай сусветнай вайны, пачатак Другой сусветнай вайны і пераслед Касцёла, калі Расія не будзе прысвечана Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Сястра Люцыя ўзгадвае: «Мы скіравалі позірк на нашу Пані, якая з дабрынёй і смуткам сказала: „Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб ратаваць іх, Бог хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі выканаецца тое, што Я вам скажу, — многія душы будуць збаўлены і настане мір у свеце. Вайна скончыцца, але калі людзі не перастануць абражаць Бога, то падчас пантыфікату Пія ХІ распачнецца другая вайна, яшчэ горшая. Калі вы ўбачыце ноч, асветленую невядомым ззяннем, ведайце, што гэта вялікі знак, які Бог дае, каб паведаміць вам пра тое, што Ён пакарае свет за яго злачынствы вайною, голадам, пераследам Касцёла і Святога Айца. Каб гэтага пазбегнуць, Я прыйду, каб прасіць аб прысвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб ахвяраванні святой Камуніі ў першыя суботы дзеля выпраўлення шкоды. Калі людзі выканаюць Мае просьбы, Расія навернецца і настане мір, калі ж не, то Расія распаўсюдзіць свае памылковыя вучэнні па ўсім свеце, выклікаючы ў ім войны і пераслед Касцёла. Добрых людзей будуць мучыць, Святы Айцец будзе шмат пакутаваць, многія народы будуць знішчаны, але ўрэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе. Святы Айцец прысвяціць Мне Расію, якая навернецца, а для свету настане перыяд міру“».

У першай частцы таямніцы дзеці ўбачылі жахі пекла, але ў другой частцы загучалі словы надзеі: Беззаганнае Сэрца Марыі затрыумфуе. Паняцце «сэрца» на мове Бібліі азначае цэнтр быцця чалавека, сутнасць істоты. Ушанаванне Марыі вядзе нас да пакланення Богу, а сутнасцю Бога з’яўляецца Любоў.

Як чытаем у Евангеллі паводле Мацвея, «чыстае сэрца» — гэта тое, якое прыйшло да дасканалага ўнутранага адзінства дзякуючы Богу, і таму яно «ўбачыць Бога» (пар. Мц 5, 8).

Як мы ўжо ведаем, 3 ліпеня 1917 года адбылося трэцяе фацімскае аб’яўленне. Тады Маці Божая сказала: «Бог хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца». Праз сем гадоў пасля заканчэння фацімскіх аб’яўленняў сястры Люцыі былі аб’яўлены ўмовы новага набажэнства.

Умовы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі

З намерам узнагароды за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі разважанне над таямніцай (15 хвілін).

неабходна выканаць наступныя ўмовы:

споведзь у першую суботу месяца;

святая Камунія ў першую суботу месяца;

Ружанец перапрашэння (5 таямніцаў).

Лісты сястры Люцыі

У чэрвені 1930 г. сястра Люцыя напісала свайму духоўнаму кіраўніку: «Калі я не памыляюся, Пан Бог абяцаў спыніць пераслед у Расіі, калі Святы Айцец зробіць урачысты і публічны акт перапрашэння і прысвячэння Расіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Марыі і тое самае прапануе зрабіць біскупам каталіцкага свету. У адказ на заканчэнне гэтага пераследу Яго Святасць павінен абяцаць, што зацвердзіць згаданае набажэнства і параіць яго практыкаваць».

Урывак з ліста сведчыць пра сувязь паміж прысвячэннем Беззаганнаму Сэрцу Марыі і набажэнствам першых суботаў. Сястра Люцыя запэўнівае, што калегіяльнае пасвячэнне Расіі Святым Айцом дасць плён у спыненні пераследу веры камуністычнай сістэмай. Калегіяльнае прысвячэнне было праведзена ў 1984 годзе. Праз пяць гадоў адбылося падзенне камунізму.

Увядзенне набажэнства першых суботаў месяца мае на мэце выпрасіць «ласкі душам, якія мелі няшчасце абразіць Беззаганнае Сэрца Марыі». Што гэта значыць? Відавочна, што пасля падзення камунізму ворагам збаўлення стала іншая праблема, якая ахоплівае сэрцы многіх людзей, — занядбанне традыцыйнай рэлігіі.

Многае сведчыць пра тое, што набажэнства першых суботаў было прызначана Богам для нашага часу. 28 кастрычніка 1934 г. сястра Люцыя напісала: «Не адбываецца столькі ўсяго, каб было пра што гаварыць. Здаецца, што Пан натхняў мяне. Ён мае свае падставы для таго, каб усё адбывалася так, а не інакш». Гэтыя словы заклікаюць нас больш уважліва прыгледзецца да вынікаў намаганняў сястры Люцыі, якія насамрэч былі не вельмі вялікімі. Магчыма, тады яшчэ не надышоў час для развіцця гэтай формы пабожнасці? Магчыма, яна павінна была дачакацца моманту, калі прысвячэнне Папам Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі спыніць пераслед? Магчыма, росквіт набажэнства першых суботаў адбудзецца тады, калі закончыцца пераслед Касцёла у Расіі і Яго Святасць «зацвердзіць і прапануе практыкаваць ужо згаданае набажэнства»?

Гэта азначае, што менавіта нашае пакаленне жыве ў час, які павінен пазначацца набажэнствам першых суботаў, прапанаваным самім Святым Айцом.

Чаму набажэнства першых суботаў усё яшчэ актуальнае? Адказ відавочны: гэтае набажэнства яшчэ не дало свайго незвычайнага плёну. Таму ад нас залежыць спаўненне чарговых прароцтваў з Фацімы.

Трэцяя таямніца

13 ліпеня 1917 г. у Кова да Ірыі (Фаціма) былі аб’яўлены тры часткі фацімскай таямніцы. Пра дзве першыя з іх свет даведаўся 31 жніўня 1941 года, пасля таго, як яны былі запісаны сястрой Люцыяй. У лісце сястры Люцыі ад 3 студзеня 1944 г. апісваецца трэцяя частка таямніцы. Яна была абнародавана толькі ў 2000 годзе.

«Пішу ў духу паслухмянасці Табе, мой Божа, які наказваеш мне гэта праз Яго Эксцэленцыю біскупа Лейрыі і Тваю і маю Найсвяцейшую Маці. Пасля дзвюх частак, пра якія я ўжо расказала, мы ўбачылі ўверсе злева ад нашай Пані анёла з вогненным мячом у левай руцэ, ад ззяння якога вырываліся языкі полымя. Здавалася, што яны падпаляць зямлю, але яны згасалі падчас сутыкнення з бляскам, які сыходзіў у яго кірунку з правай рукі нашай Пані. Анёл, паказваючы правай рукой на зямлю, прамовіў гучным голасам: „Пакаянне, пакаянне, пакаянне!“ І ўбачылі мы ў бязмежным святле, якім ёсць Бог, „штосьці падобнае да таго, калі бачыш людзей у люстэрку, калі яны праходзяць перад ім“: біскупа, апранутага ў белае адзенне (у нас было адчуванне, што гэта Святы Айцец), шмат іншых біскупаў, святароў, манахаў і манахінь, якія ўзыходзілі на стромкую гару, дзе стаяў вялікі крыж, збіты з неачэсаных бэлек, быццам з коркавага дрэва, пакрытага карою. Перш чым Святы Айцец дайшоў туды, ён прайшоў упэўненым крокам праз вялікі напаўзруйнаваны і напаўдрыжачы горад, змучаны болем і цярпеннем, ён ішоў і маліўся за душы мёртвых людзей, целы якіх сустракаў на сваім шляху. Прыйшоўшы на вяршыню гары, ён укленчыў каля вялікага крыжа, а потым быў забіты групаю жаўнераў, якія некалькі разоў трапілі ў яго з агнястрэльнай зброі і стрэламі з лука, такім жа чынам былі забітыя адзін за адным біскупы, святары, манахі і манахіні, а таксама шмат свецкіх мужчын і жанчын рознага паходжання і становішча. Па абодва бакі ад Крыжа стаялі два анёлы, кожны трымаў у руках крышталёвую лейку, у якую збіраў кроў мучанікаў і ёю акрапляў душы, што набліжаліся да Бога».

Многія, прачытаўшы тэкст трэцяй часткі Фацімскай таямніцы, былі расчараваныя, бо не спраўдзіліся шматлікія здагадкі і спекуляцыі. Гэты тэкст не адкрывае ні вялікай таямніцы, ні заслоны будучыні. Ён толькі гаворыць пра Касцёл пакутнікаў мінулага стагоддзя, вобразна прадстаўляючы яго цяжка зразумелай сімвалічнай мовай. У сувязі з гэтым кардынал Анджэло Садана кажа, што дадзены тэкст з’яўляецца апісаннем прарочай візіі, падобнай да біблейскіх прароцтваў, якія не апісваюць канкрэтна з’яў, што маюць адбыцца, але сінтэтычна і сцісла ўказваюць на аддаленыя паміж сабой у часе факты, не апісваючы канкрэтна ні іх чарговасці, ні працягласці.

Адносна трэцяй часткі фацімскай таямніцы варта падкрэсліць: калі для разумення першай і другой частак ключавымі з’яўляюцца словы «выратаваць душы», то ў трэцяй — трохразовы заклік да пакаяння: «Пакаянне, пакаянне, пакаянне!» Як не параўнаць гэтыя словы з першым заклікам, з якім Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15)?

У лісце Святому Айцу Яну Паўлу ІІ ад 12 мая 1982 г. сястра Люцыя сцвярджае, што таямніца з’яўляецца перш за ўсё заклікам да пакаяння і навяртання. Не трэба казаць, што Бог нас карае; наадварот, людзі самі наклікаюць на сябе пакаранне. Бог, шануючы свабоду, якою адарыў нас, цярпліва папярэджвае і заклікае да вяртання на праўдзівы шлях.

Анёл з мячом, які стаіць з левага боку ад Марыі, нагадвае нам вобразы Апакаліпсісу. Гэта пагроза суду, які навіс над светам. Думка пра тое, што сучасны свет можа загінуць у моры агню — больш не фантазія. Чалавек стварыў зброю нябачанай дагэтуль разрушальнай моцы і працягвае яе ўдасканальваць. Гэта сімвалізуе вогненны меч. У гэты ж час візія ўказвае на моц, якая ў стане выратаваць ад пагражальнай небяспекі — гэта ззяючы вобраз Марыі і заклік да пакаяння, які сыходзіць ад Яе. Такім чынам, візія падкрэслівае значэнне свабоды чалавека: яго будучыня не з’яўляецца нязменна прадвызначанаю, а наадварот, залежыць ад яго самога.

Аўтар: Адміністратар