У нарачанскай парафіі ўжо стала добрай традыцыяй, што ў кастрычніку не толькі дарослыя, але і дзеці, моладзь на працягу цэлага месяца кожны дзень перад вячэрняй Святой Імшой прыходзяць у касцёл, каб памаліцца Ружанец.

Ксёндз Ян Твардоўскі назваў малітву на Ружанцы “стукам у вокны Маці Божай”. Асаблівую актуальнасць набывае гэта малітва цяпер, калі мы адзачаем стагоддзе фацімскіх аб’яўленняў і павінны нанова зірнуць на пасланне Марыі ўсяму чалавецтву: “Маліцеся на Ружанцы”.

Праз Ружанцовае набажэнства маладыя нарачанскія вернікі далучаюцца да жыцця парафіяльнай супольнасці, таму што Ружанец яны праводзяць самі, але з мікрафонам ідуць па касцёле, каб падысці да кожнай бабулькі, якая прыйшла памаліцца праз заступніцтва Марыі.

Глядзіш на сувязь пакаленняў праз ружанцовую малітву і верыцца ў тое, што дзеці і моладзь нарачанскай парафіі, беручы прыклад са сваіх бабуляў і дзядуляў, пражывуць сваё жыццё па прыкладу Марыі, і Маці Божая пачуе стук у свае вокны, каб іх насцеж расчыніць перад сваімі дзецьмі.

Аўтар: Адміністратар