Прапануем наведвальнікам нашага сайта паразважаць над таямніцай і веліччу ружанцовай малітвы разам з ксяндзом Янам Твардоўскім.

Кастрычнік

Кастрычнік – ціхі асенні месяц на працягу касцёльнага года. У верасні адзначаем Свята Узвышэння Святога Крыжа, Маці Божай Балеснай. Лістапад мае дзень Усіх Святых і Дзень задушны. У кастрычніку няма ніякіх вялікіх святаў. Касцёл напаўняецца ружанцовай малітвай. Касцёл моліцца.

Кастрычнік – гэта той месяц, у якім касцёл моліцца.

На Ружанцы молімся штодзённа, але гэты, кастрычніцкі, больш урачысты. Восеньскі Ружанец мае іншы колер, іншую прыгажосць. Гэта Ружанец жыцця, якое паволі прамінае. Ён верны людзям старэйшым, калі ўжо не хапае сілы, але застаецца магчымасць трымацца святых зярнят.

Таямніца Ружанца

Навучаюць, што Ружанец мае пятнаццаць таямніц (тэкст быў напісаны да ўвядзення Папам Янам Паўлам ІІ Таямніцы Святла). Ёсць яшчэ шаснаццатая таямніца. Сам Ружанец, калі на ім моляцца без разважанняў, – гэта таямніца. У манатоннай малітве хаваецца цярплівая, трывалая вера, якая ўсё можа, усё вытрывае. У хвіліны, калі нам цяжка гаварыць, напрыклад, у хваробе, Ружанец прыходзіць на дапамогу. Малітва на Ружанцы – гэта трыманне Маці Божай за руку. Чакаем экзамену, вынікаў лекарскага абследавання, ляжым у бальніцы, не можам спаць. Менавіта тады манатонная малітва на Ружанцы, без разважанняў, прыходзіць на дапамогу.

Захапляемся мастацтвам, здзіўляюць нас веды, але мастацтва і веды не дапамагаюць нам, калі хтосьці памірае, церпіць, не можа заснуць.

Ружанец збавенны. Яго таямніца – гэта не разважанні, толькі свядомасць, што трымаешся той малітвы.

Ёсць вялікія прыгожыя Ружанцы, напоўненыя разважаннямі.

Хачу звярнуць увагу на звычайны Ружанец. Часта яго ачарняюць за манатоннасць, але ў гэтым менавіта хаваецца прыгажосць. У трыманні самай простай малітвы. Трывала і церпяліва.

Ружанец – гэта трыманне за спадніцу Маці Божай.

Укрытая і вялікая

Маці Божая не вучыць ні тэалогіі, ні аскезе, ні катэхізісу, ні малітве. Вучыць, як чакаць Езуса, як насіць Яго на руках, як укрываць Яго сенам, каб не замерз у віфліемскім хлеве, як шукаць Яго некалькі дзён і начэй, як цярпець разам з Ім пад крыжам.

У нашай малітве ёсць вельмі многа афіцыйных адносінаў, тэарытычнага погляду і не хапае непасрэднага кантакту, якому вучыць Божая Маці праз усе таямніцы Ружанца. Губляем непасрэдны кантакт з Панам Езусам.

Таямніца Ружанца – укрытая і вялікая – гэта таямніца Маці Божай, таямніца свету Яе перажыванняў і найбліжэйшых адносінаў з Панам Езусам.

Стук у вокны

Ружанец можа быць малітвай тэолагаў. Ён можа вырашыць усе таямніцы веры, якія ў ім заключаны.

Мне бліжэйшы Ружанец без спецыяльных разважанняў. Паўтарэнне “Вітай, Марыя” – гэта як бы хто пастаянна грукаў у вокны Маці Божай. Гэта бесперапынны, цярплівы давер да Яе. Як стук: ”Будзь з намі, будзь з намі, будзь з намі”. Гэта не манатоннасць, але тое, што можа ўзрушыць.

Ружанец – гэта малітва на кожную хвіліну. Можна маліцца ў трамваі, у цягніку, у чаканні лекара, смерці.

Ружанец жыве ў нас, у нашай падсвядомасці. Малітва вельмі блізкая кожнаму.

Сцежка

Ружанец – гэта ўтаптаная сцежка, па якой крочым узад-уперад. Ружанец хапаем як руку вернага сябра, каб ісці ў штодзённае, звыклае жыццё паміж роспаччу і ўсмешкай, паміж смерцю, якая не раз заменіць касу на гадзіннік, які яшчэ цікае.

Толькі каб Ружанец не стаў аўтаматычным, фармальным.

Толькі б ён быў натхненнем, якое вядзе ў свет веры і Божых спраў, якія пастаянна нас атачаюць.

Толькі б ён дапамагаў глядзець на штодзённыя справы так, каб мы маглі знаходзіць вакол сябе подых Божых таямніц.

Спакой святых слоў

Кажуць, што ў адну раку не можна ўвайсці двойчы, бо пастаянна будзе іншая вада, але ў святой рацэ Ружанца ўсё тое самае.

Ружанец нагадвае бабулю, якая пастаянна той самай дарожкай ідзе да Пана Бога. Нагадвае кагосьці, хто пастаянна трымае Божую маці за руку і не хоча адпускаць. Трымае, каб не пайшла.

Зараз вельмі многа кажуць пра новую евангелізацыю. Пішуцца новыя кнігі, новая тэалогія.

Святы Ружанец – гэта старая евангелізацыя, абарона самай простай малітвы.

Ружанец – гэта спакой святых слоў, сказаных адзін раз і назаўсёды.

Тое самае

Некаторыя няслушна скардзяцца, што Ружанец стамляе, бо пастаянна паўтарае “тое самае”. Тымчасам тое, што важнае, заўсёды “тое смае”, і трэба гэта ўзгадваць. Прыпамінаць бесперапынна як найпрасцейшую ранішнюю ці вячэрнюю малітву.

Мы казалі, што Ружанец нагадвае пастаянны стук у акно Божай Маці.

Яшчэ адно параўнанне. Зараз ёсць электронныя гадзіннікі, якія адлічваюць час моўчкі. Але старыя гадзіннікі цікаюць, даўгачасна цікаюць. Цікае тое самае, тое самае, тое самае … і ніхто гэтым не раздражняецца. Прымаем гэта як рэкалекцыі: свядомасць прамінання часу.

Ружанец таксама прыпамінае найважнейшае: патрэбу цярплівай, трывалай малітвы.

Цярплівасць

Якуб змагаўся з анёлам цэлую ноч. Паранены, яшчэ трымаў яго, каб анёл Якуба благаславіў. Цярплівасць, якая апісана ў Святым Пісанні.

Каханне не раз звязваецца з паспешнасцю: як мага хутчэй хоча ўбачыць каханага, злучыца з ім. Аднак мерай кахання з’яўляецца цярплівасць.

Некаторыя могуць быць церпялівымі і вытрываць усё на шляху паглыблення свайго кахання.

Ружанец вучыць цярплівай размове з Панам Богам, трыванню пры Ім.

Толькі праз смерць Бог раптоўна лучыць нас з сабой, але ў звычайным жыцці павінны ісці дарогай цярплівага і трывалага імкнення да Яго.

Прастата

Некаторыя лічаць, што таямніцу Ружанца трэба падкрэсліць разважаннямі. Іншыя, што веліч Ружанца, – гэта размова з Богам самымі простымі словамі, самымі простымі малітвамі.

Усе вялікія справы філосафаў і тэолагаў такія малыя, а Ружанец мае сваю чароўнасць. Нагадвае ранішнюю і вячэрнюю малітву: Ойча наш, Вітай, Марыя, Веру ў Бога.

Ружанец малітва настолькі простая, што з’яўляецца геніяльнай. Малітва, якой моляцца не толькі ў касцёле. Можна ёю маліцца ў звычайным, штодзённым жыццці. Часам нават хопіць адной дзясяткі Ружанца, каб адарвацца ад клопатаў, хваляванняў, дрэнных думак, гневу, каб перанесціся ў свет Божых таямніцаў.

Стомленасць

Зразумела, што на Ружанцы можна маліцца пры вялікім напружанні волі, пры канцэнтрацыі думак, разгадваючы ў яго таямніцах глыбіні веры. Аднак, месяц кастрычнік не толькі для таго, каб вучыць нас канцэнтрацыі на Ружанцы.

Не саромеемся маліцца на Ружанцы з людзьмі змучанымі, якія засынаюць молячыся, з хворымі, з тымі, хто баіцца.

Веліч і глыбня Ружанца ў тым, што, молячыся на ім нават без канцэнтрацыі, сутаргава трымаемся за спадніцу Божай Маці, аддаём сябе ў Яе апеку.

Адзін псіхолаг сказаў, што, калі молімся на Ружанцы нават праз сон, не думаючы, што кажам, ён і так абараняе нашу душу ад злога.

Не трэба баяцца Ружанца, калі молімся на ім, засынаючы ад стомы.

Дух малітвы

Сутнасцю малітвы з’яўляецца яе дух, а не форма. Ці можна скараціць Святы Ружанец? Часта можна маліцца не на адным дыханні. Раніцай можна згаварыць адну таямніцу, у абед – другую, вечарам трэцюю, перад сном чацвёртую ці пятую.

Ёсць такія людзі, якія намаганнем волі моляцца толькі адну таямніцу Ружанца, больш не могуць засяродзіцца.

Ёсць такія, якія моляцца на Ружанцы сваімі словамі. Ведаў бабулю, якая ў бальніцы, калі цяжка хварэла, на кожнай пацерцы Ружанца казала: “Езу, давяраю Табе”. Ведаў хворых, якія казалі: “Езу, люблю Цябе” ці “ Езус, прабач мне мае грахі”.

Маці Божая не разгневаецца на тое, што хтосьці хапаецца за Ружанец, за яго зярняты, каб проста ўратаваць дух малітвы, з’яднацца з Богам так, як яму ў дадзены момант найлепш.

Чаму навучае?

Ружанец навучае церпялівай, трывалай малітве.

Малітва, якую нічым не заменіш у часе хваробы, у бальніцы, у часе доўгіх падарожжаў і бяссонных начэй.

Малітва і вельмі простых людзей, і людзей вельмі адукаваных. Кожны, хто моліцца на Ружанцы, з’яўляецца дзіцём. І дзіця, і старац. Колькі ж раз прамаўляе ён да Маці Божай: “Маці”.

Вялікая, геніяльная малітва, якая вучыць нас адрывацца ад штодзённых, грэшных рэчаў, якая пераносіць у свет адносінаў з Панам Богам.

Можна Ружанец маліцца цалкам, але часам адна “Вітай, Марыя” на адной пацерцы. Гэта таксама частка Ружанца.

Малітва, якая ратуе ад роспачы і смутку. Малітва, якая вучыць шукаць Бога, дапамагае ўсвядоміць прысутнасць Бога сярод нас.

Пераклад Ірыны Шнітоўскай

Аўтар: Адміністратар