У Вялікі чацвер моладзь нарачанскай парафіі правядзе адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, падрыхтаваную на аснове філасофскага дзённіка паэта-святара Казіміра Сваяка і прысвечаную таямніцы святарскага паклікання.

Разважанні пра таямніцу святарскага паклікання

Выбраў сабе небяспечную дарогу: уступіць у семінарыю. Баюся, хоць чую руку Божую, што не дарма вырвала мяне з таго балота гнойнага, у каторае пачаў лезці, забіўшы Бога ў сваім сэрцы.

І чаго мне жалець, кідаючы гэта сумнае жыццё? Дастаткаў свету? – Яны не запоўняць пустаты майго сэрца. Значэння ў людзей? – Яно ніколі не здаволіць мяне. А можа, пахвалаў людскіх? – Ах, нічога яны не варты: родзяць жуду і неспакой. Можа, сваякоў ці прыяцеляў сваіх? – Большая частка іх пайшла ўжо да Бога, да вечнасці і чакаюць мяне; тыя, што засталіся, будуць спяшацца за мной; спаткаемся на лоне Бога, дзе лучацца прыяцелі неба і зямлі..

У Бога, у аднаго Бога, ёсць усялякае дабро маё, вялікасць мая, хвала мая, шчасце маё, супакой сэрца майго – у часе і ў дзень вечнасці…

Няхай мяне сцеражэ Бог: ад самалюбства, ад нечысціні сэрца і мыслі, ад застою на дарозе да самапаправы. “Чыстае сэрца ствары ў мяне, Божа, а духа простага аднаві ў глыбіні душы маёй”.

Буду мець розныя пакусы, аказіі. Ці знойдзецца сіла датрываць у сваіх добрых пастановах? Божа, будзь Ты маёй сілай у Камуніі Святой!

Думаў, што чалавек лучыцца з Богам пачуццём, уяўленнем. Наіўнасць!.. Калі прызнаюся, што я нішто прад Богам, калі патану ў віры сваёй нізкасці, калі зразумею, што добрыя мае чыны – гэта чыны Божыя, бо з Яго ласкі, – калі воля мая будзе адналітная з воляй Божай, тады будзе гэта лучнасць, тады буду падобны да Бога-Чалавека Хрыста. “Хто чыніць волю Айца Майго, жыве ўва Мне, а Я ў ім”.

Божа мой! Я мала яшчэ люблю Цябе… Сэрца маё не належыць яшчэ зусім да Цябе. Найлепшы Ойча! Запалі ў сэрцы маім міласць Тваю! Калі буду слугой алтара Твайго, хай буду паводле волі Тваёй. Дзева-Маці Божая! Прысягаю прад Табой, што ніколі не вазьму разлукі з Богам. Лепш хай памру!..

Божанька! Дай мне разгадаць, зразумець дарогу, па якой вядзеш свет людскі! Чаму так лёгкім сэрцам дапускаеш Ты на нас велізарныя беды?.. Няўжо грэх людскі так паганы ў вачах Тваіх?!…

Не губі духовай радасці, калі ў жыцці спатыкаеш толькі церні.Ідзі ўслед Боскага Мучаніка Хрыста.

Маю надзею, што мэты раз пастаўленай не кіну. Хрыстос варты адзін, каб быць Яму паслушным, ісці за Ім… больш ніхто. Але трэба быць да Яго падобным!… “ Вазьмі крыж свой, ды ідзі за Мной!” Будзь чыстым! Сцеражы вока свайго!

Я мысліў аб ахвяры, якую магу Богу ахвяраваць. Кожны духоўны каталіцкі мусіць быць ахвярай, бо з волі Хрыстуса складае на алтары ахвяру чыстую, святую.

Быць ксяндзом, ахвярнікам “Бога Жывога” – страшная рэч, але і вялікая, бо трэба нагнуць сябе моцна да ахвяры і самаадрачэння. Вялікая, бо ў парадку рэлігійным няма на свеце чалавека большай годнасці за вернага свайму пакліканню ксяндза.

Навошта хіляцца і храмаць? Святая Тэрэса ніколі не сумнявалася, калі ішло аб выбары чаго дасканалага…

Св.Тэрэса, св. Юзаф няхай злітуюцца. Калі маю прыняць ксяндзоўства не пазваны, няхай гэта пакліканне яны мне ўпросяць Калі адступлю мо праз здраду Езусу, няхай лепш не дачакаю дня!…

З рэлігіі  калісь я смяяўся, цяпер цаню яе высока. Хістаўся толькі дух мой і сумняваўся, баючыся цяжкіх абавязкаў ксяндзовых, так як я іх сабе ўяўляю: ці датрываю, ці не буду такім самым, якіх шмат. Думаю, што насколькі свет духоўны перавышае свет фізічны, настолькі праца дзеля ідэалаў вечных перавышае звычайнае летуценне за славай і гонарам. Вось баюся сваёй слабасці. Хоць вера не пакідае мяне, вера ў сілу надпрыродную Хрыстусовую. Ён мяне павядзе, дасць энергію, калі ласкаў быў мяне выбраць…

Божа! Дай мне зразуменне, па якой дарозе маю ісці да валадарства Твайго! Не дапусці, каб калі збіўся на оступ! Я прымаю ахвотна ўсё з рукі Тваёй – цярпенне і смерць нават: абы толькі ісці следам Хрыстусовым, абы збавіць сябе і тых, каго мне даручыш. “Бог мой – усё маё!”

Мысль мая толькі па зямлі паўзе, убогая і зменлівая. Воля толькі цэлая да Цябе нахілена,  о Божа!…

Павіннасць духоўных цяжкая. Слабасць мая аграмадная, лянівасць дужая. Мыслі гэтыя трывожаць мяне… Пакіну іх. Пацеха мая адзіная – гэта Бог. Мэта ясная. А дапамога ад Яго ласкі – пэўная.

Сумнасць цяжкая залягае трывожнае сэрца маё. Сумнасць тая, што родзіць цярпенне – глыбокае, крыжовае. Гнаны зманнасцяй свету і людской спадзеі, я думаў знайсці пацеху і шчасце ў рэлігіі і аддаўся Богу без раздзелу. Я чуў іскру Божую ў сабе да засеву на ніве людской – праўды Божай. Але баяўся чапаць гэты скарб свой, ведаючы, што калі аддацца ксяндзоўству, то трэба гэта зрабіць усёй істотай сваёй: з крывавай ахвярай самога сябе. Верыў я, што мог бы гэта зрабіць, бо ласка Божая для мяне была падана, гатова. І быў момант, калі я гэта зрабіў, злажыўшы сабе вечны ідэал – праз цярпенне.

Мой Божа,  ці я ўстаю цвёрдай ступнёй на выбранай дарозе? Ах, ніколі не адбяры ў мяне гэтай надзеі, бо загіну! Дай мне цярпенне, хоць бы як мора глыбокае, але і сілу дай знясці і вытрываць. Ласка Твая прымус нада мной учыніла – не пакідай мяне!

Страшна робіцца пры мыслі аб тым, як далёка мне да праўдзівага ахвярніка Хрыстусовага. Адну маю пацеху толькі. Чую, што Бог ёсць пры так трудных варунках міласці маёй, – што Ён мне дапамагае, не бачачы ўсёй брыды майго гультайства духовага. Ці на дарозе поступу бліжэй да Бога зрабіў я хоць крок уперад? – Не ведаю. Ці назад я адышоў? – Не ведаю…

Як жа трэба будзе перажыць момант народзінаў для вечнасці! Прызнаюся шчыра, я ўміраць баюся. Але трэба. Божанька! Памажы мне  споўніць наказы Твае і зразумець волю Тваю святую. Вось так хацелася збудаваць нешта нейкае для хвалы Тваёй. Адну душу выратуеш з балота грэху, – а колькі ж радасці! А каб жа з такіх душ збудаваць цэлы касцялок, або прынамсі залажыць фундамент… Што ж за шчасце! Колькі ж радасці ў небе!

Вось аж куды заблыталася мысль мая, аж да асновы людскога быцця. Яна яшчэ неспакойная, але роўная. Хацеў бы, каб была чыстай і простай. Хацеў бы, каб на магіле маёй напісалі: стараўся быць чыстай і простай мыслі.

Разважанні пра сэнс чалавечага жыцця

Для Бога няма прошласці ані будучыні, ёсць толькі цяпершчына, што цягам сваім абымае тры эпохі часу… Чым жа ёсць час, у каторым мы трываем? Гэта моманты, пералётныя для нас, нерухомыя для Бога… Чым жа ёсць само жыццё чалавека? Гэта хвіліна нязначная ў вечнасці…

Мы неспакойныя, калі відзім хвіліны гэтай хуткі раздзел на дробныя часткі, з каторых кожную завём годам, ставім вялікую розніцу між жыццём 20, 30, 50, 100 гэтых дробных часткаў, гадоў. Балючая трывога нас агарнае, калі відзім, што ідзе апошняя наша гадзіна, трэба кончыць гэта жыццё, прайсці праз смяротны скон сэрца, што трэба пакінуць зямлю, кінуцца ў лона вечнасці…

Чалавек…лётны пыл у нязмерных прасторах, пункт на шырокім зямлі абшары, момант у цяглым размеры часу… А колькі ў яго заходаў, каб добра прыладзіцца на гэты кароткі сон жыцця; каб сабраць багацтвы, урады, дастойнасць, каб напіцца кадзіла  пахвалаў, што яму так дорага прадаюць другія людзі – попелы, пылінкі, як ён сам…

Бог адзін Вялікі, Бязмерны… Хочучы падвышаць гэты нізкі быт чалавечы, дае яму Сябе Самога, найперш у часе, а после ў вечнасці. А чалавек сумняваецца, хіляецца, таргуе: не хоча верыць у зманнасць благога… Страшная слепасць!

О Божая вечнасць! О без заходу сонейка яснае, радасць безупынная, астаноў адпачынны падарожных, дарагая айчына наша! Вітаем Цябе з гэтай даліны слёзнай! Хутка – скоранька прымі нас да ціхага спачынку свайго, поўнага жыцця, светласці, гармоніі…

Навошта думаць аб мінуўшчыне або аб будучыні? Карыстай з той ласкі Божае, каторую цяпер маеш. На думкі, што ніколі не збудуцца, шкада часу.

Міласць у небе ёсць працягам далейшым міласці на зямлі, яна там ёсць скончанай у цэлай натуры чалавека; ён усёй істотай сваёй любіць Бога.

Нянавісць пякельная ёсць працягам нянавісці зямной. Вораг Бога на зямлі застаецца ворагам Бога пасля смерці.

Прагну, каб Тваё Імя святое, о Божа, знаным было між таго народа, з каторага я выйшаў.

Чую штодзень грамафон, каторы цешыць мяне, што жыццё ёсць поўнае хараства, весялосці, пустаты, дурноцтва, вар’яцтва, камізму, трагізму, павагі, светласці. Выбірай, што падабаецца.

Не рань свайго трывожнага сэрца: не бойся нікога.

Усё прамінае – усё, апроч Бога.

Гісторыя свету – гэта гісторыя пакоры і пыхі анёлаў і людзей. Пакора называе Бога панам сваім, пыха сябе ставіць на месца Бога. Пакора хваліць Быццё, пыха ніштосць. Пакора вывышае, пыха зніжае. Шчасце, за каторым гнаўся род людскі – гэта сам Бог. Няшчасце, каторае выбраў сабе першы і апошні грэшнік, гэта разлука з Богам. Шчаслівы чалавек, каторы ўмее сказаць: “Бог мой і ўсё маё!” Будзь благаслаўлёны час, калі я звярнуўся да Бога!

Я хацеў бы знайсці якуюсь сентэнцыю жыцця свайго… Але навошта? Якая можа быць сентэнцыя жыцця, каторае толькі гарэла само ў сабе, не выдаючы яснейшага полымя на свет? Якая аднак сентэнцыя кожнага жыцця, якое вось тут, пад крыжам знайшло свой часовы канец?… Можа б, гэту сентэнцыю абнялі словы:”Спазнаў, чым ёсць крыж і праз цярпенні знайшоў Бога.” Я ахвотна напісаў бы гэта на пліту надмагільную табе, чалавеча

Разважанні пра Боскую веліч чалавека

Як зразумець мне пакору?.. Чалавек створаны на падабенства Божае, кароль зямлі, так багата абдараваны Богам… праз заслугу Езуса Хрыста мае частку боскасці ў сабе… ён гэта бачыць і разумее… Чаму ж ён павінен мысліць аб сабе нізка, як аб апошнім сярод людзей?

Чаму такі перакон лічыцца цнотай?..

Бог хоча міласці і гонару, хоць іх Яму не трэба, – чаму ж той, хто мазалём здабывае сабе Ласку Божую, не можа прагнуць хоць малой макуленкі пашаны? – Калі чалавек у вачах нашых здаецца вялікім. То дзякуючы каму? Без яго волі стварыў яго Бог на падабенства сваё і падняў да годнасці сына прынятага. Боская міласць надзяліла яго гэтымі дабрадзействамі. Калі ён узнёсся вышэй над сваю нізкую браць сілай розуму і цноты, гэта “рука Божая падвысіла яго”. Ён павінен Табе, Божа, – дзякаваць шчыра і быць пакорным.

Істота дасканаласці Езуса ў тым, што ўсе Яго сілы духовыя і цялесныя ў найлепшай з сабой гармоніі, згоднасці. Хрысос жыў, як людзі: бываў на пачастунках, плакаў, гневаўся, але ніхто не можа сказаць, што Бог-Чалавек у чым-колечы быў замала цнатлівы, менш дасканалы, як хоць бы найбольшы святы. Святыя людзі былі дасканалымі найчасцей толькі ў адным якім-кольвек кірунку. Хрыстос усім, заўсёды, усюды множыў хвалу Божую: кожнай сваёй думкай, кожным словам, кожным рухам.

Мне не дайсці, пэўна, да дасканаласці святых, а тым больш Хрыстовай… Але буду прасіць Пана майго, хай навучыць, чаго мне перш-наперш трэба. Тымчасам працую з Яго дапамогай, каб падбіць пад панаванне волі свае фантазіі, што мяняюцца, як тыя повіды на хмарным небе.

Цяпер жа час дайсці да той гарманійнай стройнасці характару, да раўнаважнасці сілаў душы маёй…

Хочаш жыць з людзьмі паводле волі Божай – адрачыся свайго самалюбства. Падстава добрага жыцця з бліжнімі – гэта ахвярнасць.

Праўдзівая пабожнасць плыве з волі пры дапамозе пачуцця. Павінны мы паддацца волі Божай у слабасцях натуры нашай, як: недахоп памяці, малая здольнасць да навукі, нястройнасць фізічная і т.п. (Са св. Альфонса). Калі хто пры нас сумуе, міласць хрысціянская кладзе на нас павіннасць пацехі і падзелу чужога смутку.

Зайздрасць тады лезе ў душу нашу, калі глядзім на дабро бліжняга са злоснай трывогай, што карысць наша праз гэта меншыцца. Агонь агнём, а гнеў гневам згашаны быць не можа ( Са св. Яна Хрыз.).

Шукай дабро ў бліжнім тваім. На благое не звяртай увагі.

Пакора – гэта тая пустасць, у каторай ставіцца фундамент веры, надзеі і міласці.

Чалавек абсалютнай дасканаласці мець не можа. Ёсць яна толькі ў Богу. У Хрыстусе маем найстараннейшы ўзор характару. Каб мець характар. Блізкі да гэтага Боскага ўзору, трэба:

1) Старацца мець вялікую жыццёвую спраўнасць, каторая вучыла б нас кожны выпадак жыццёвы абярнуць для карысці духоўнага развіцця характару. Назавём гэта безупыннай творчасцю духа.

2) Мець вялізную чуласць на тое, што вакол нас дзеецца, каб усё бачыць і разумець у святле вечнатрывалай асновы несмяротнай ідэі. Назавём гэта дарам вышайшай празорнасці.

3) Навучыцца больш слухаць, чым гаварыць, больш рабіць, чым малоць языком.

4) Упадкаў сваіх ніколі сабе не дараваць. Спавядацца з іх і перад Богам, і перад сабой, каяцца і ісці ўсцяж наперад.

5) Дабіраць сабе лепшае таварыства людзей, але не пагарджаць нікім: мець літасць нават да злыдня, памятаючы, што і са мной магло б блага быць, каб не ласка Божая і свая асцярожнасць.

6) Прыглядацца да жыцця людзей, каторых завём “вялікімі”, “святымі” – асабліва ж углядацца ў Божую постаць Хрыстуса.

7) Дужа многа думаць і разважаць над людскім жыццём, як аб вельмі важнай і глыбокай праяве быцця…

Аўтар: Адміністратар