1 ліпеня пасля Святой Імшы ў 12.30 з Нарачы вырушыць ХХ юбілейная пешая пілігрымка Нарач-Будслаў.

Дваццаць год таму назад, калі 15 хлопцаў і дзяўчат, натхнёныя айцом Аркадзіем Куляхам, за два дні прыйшлі пілігрымкай на будслаўскія ўрачыстасці, наўрад ці маглі ўявіць сабе, што прыйдзе час, калі нарачанская пілігрымка будзе налічваць да 240 чалавек і па жоўтай хустцы нарачанца ў Будславе будуць пазнаваць усе.

Калі гаварыць пра асаблівасць нарачанскай пілігрымкі, то яна самая “маладая”. Дзякуючы таму, што Будслаў знаходзіцца ў Мядзельскім раёне, адлегласць у 70 кіламетраў можа пераадолець не толькі моладзь, але нават і дзеці. Таму ўзрост 9-10-11-12 год звычайны для нарачанскай пілігрымкі.

Шырокая і геаграфія нарачанскай пілігрымкі. За дваццаць год з намі ішлі ў Будслаў не толькі вернікі з Мядзела, Свіры, Канстанцінава, Шэметава, але і з Гудагая, Мінска, Брэста, Бярозы, Баранавічаў, Масквы, Вільнюса.

Юбілейная пілігрымка – гэта час падзякі Усемагутнаму Богу за 1400 пройдзеных за 20 год кіламетраў, за дождж і сонца, за мазалі, за зычлівых людзей, якія сустракаюць з кубкам халоднай вады. Гэта падзяка за ўсіх тых, хто ў той ці іншы спосаб спрычыніўся да арганізацыі пілігрымкі. Гэта падзяка за ўсе навяртанні, за ўсе выслуханыя інтэнцыі, за ўсе слёзы радасці, якія не могуць не цячы па твары, калі ты ўсё ж такі дайшоў і стаіш на каленях перад абразом Маці, Апякункі і Заступніцы нашага краю.

Таму нарачанская пілігрымкка запрашае ўсіх сваіх сяброў, каб разам з Марыяй праслаўляць Усемагутнага Бога за ўсе Яго дабрадзействы.

Па пытаннях запісу звяртацца да Шнітоўскай Ірыны Антонаўны:

м. + 375447599118 Velcom; +375295527916 МТС; д. т. 45257

Кошт пілігрымкі 50 000 рублёў. Запіс у пілігрымку да 28 чэрвеня.

Аўтар: Адміністратар