На Вялікую пятніцу моладзь нарачанскай парафіі падрыхтавала разважанні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, складзеныя з духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна, і прымеркавала гэта да 80-годдзя з дня нараджэння паэта, якое адзначаецца ў гэтым годзе…

Дзякую, Ойча…

(духоўная паэзія Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна)

***

Род людскі не злічыць вякоў,
Свой узрост
Ён згадкамі мерае.
Ад навалы з усіх бакоў
Беларусь засланялася вераю.

Кожнаму па сваім каўшу.
Як бабылка,
Туга вячэрае.
Д’яблу не прадала душу,
Беларусь утрымалася вераю.

У нябёсаў святла стае,
Каб адпрэчыць хмурыну шэрую,
Адмаліўшы грахі свае,
Беларусь адродзіцца Вераю.

Дошка выратавання
Jezus Chrystus jest jedyną deską
ratunku dla dzisiejszego Świata.
Ян Павел ІІ

Хай празарлівая воля нябёс
Душам пашле дараванне.
Ў небе ўрагану
Ўваскрослы Хрыстос –
Дошка выратавання.

Госпад дазволіў на дошцы плысці,
Маючы ветразем веру.
Дно не дастаць у прадонным жыцці
Ломкім шастом намеру.

Сцежкаю думкі, дарогай хады,
Ветрам дыхання жывога
Вечныя нашы й зямныя гады
Рушаць да Пана Бога.

Крыжам аслонены, свенціцца лёс
Радасцю райскага рання.
Ў моры адчаю
Светлы Хрыстос –
Зорка выратавання.

ПЕСНІ ПРАСЛАЎЛЕННЯ
***
Слава ў нябёсах і на зямлі!
Слава бясконца!
Нас мiлатою Сваёй наталi,
Сэрца Гасподняга сонца.
З цемрадзi роспачнай выведзi нас,
Ойча Адзiны.
Покуль агонь у вачах не пагас,
Дай нам ступiць на сцяжыны
Тыя, якiя вядуць да Цябе
На пакаянне.
Дай нам убачыць, верным мальбе,
Вечнай надзеi свiтанне.

***
Кленчу Твайму сэрцам чутаму ценю
Радасцю незлічоных вякоў.
Уцалаваць сляды летуценю
Небатыкальных Тваіх ступакоў.
Ойча,
Твайго беспачатку Айчына
Днее сузор’евым каласком.
Думаць дазволь пра Цябе аблачынна,
Ў цемры зацепліцца хоць вугальком.
Да пакаяннасці сцежка цяжкая,
Ды са спагадай лёгка ісці.
Выказаць дзякуй слова шукаю,
Тым і трымаюся ў гэтым жыцці.

ПЕСНІ ПАДЗЯКІ
***
Дзякую, Усявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу й за бяссілле,
За дзірван і за араллю,
За пустку й за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
I дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
I што не было,
Дзякую, Ойча…

***
Устаўшы з пасцелі, як з дамавіны,
Дзякую Табе, Госпадзе Трыадзіны,
Што Ты, даўца дабрыні й церплівосці,
На мяне, лянотнага й грэшнага,
Не ўтаіў ні гневу, ні злосці
I за мае беззаконствы
Мяне не прывёў да згубнасці,
А падняў па Сваёй людалюбнасці
Мяне, што ў беспамяці спачываў,
Каб я малітваю ранішняй
Уладзе Тваей слаў славу слаў.
Прасвятлі вочы духу майго у чысціні,
Вусны мае адчыні
Кожнаму Богаўслаўнаму гуку.
Дай пазнаць мне Тваю навуку,
Дай славіць у песнях
Тваё ўсесвятое Імя, ды не глуха,
Айца, і Сына, і Святога Духа,
Пакуль цякуць бяссонныя воды,
Пакуль ідуць дажджы з аблачын,
Цяпер і заўсёды,
I на вечны няспын. Амін.

***
Ойча Святы, Недасяжны, Адзіны,
Дзякуй за гнеў і за ласку Тваю.
Згроб я грахі свае ўсе і правіны,
І перад карай жаданай стаю.

Кшчоны паганец
Я кайнасць спатоміў –
Кленчыў нябёсам, кунежыў зямлю.
Што падабенства Тваё аскароміў,
Ойча, даруй мне, пахіла малю.

Ойча спагадлівы,
Ойча суровы,
Колісь пачутым быць сподзеў таю.
Покуль мяне не зракаюцца словы,
Дзякаваць буду за ўвагу Тваю…

***
Дзякуй Госпаду за дазвол
Папрысутнічаць на бяседзе,
Дзе на ўсіх засцілаўся стол,
Дзе прыткнуўся я
Збоку недзе.

Дзякуй Госпаду за дазвол
Слова мовіць на той бяседзе,
Дзе стагнаў ад рогату дол,
Сум яшчэ не прасіўся ў суседзі.

Дзякуй Госпаду за дазвол,
Затрымацца на той бяседзе,
Дзе трымаўся,
Як плот за кол,
Змрок за зорку ў капытным следзе.

Час усё скапыціў наўкол.
Свет цямнець навучыўся ў медзі.
І прыходзіць канец бяседзе.
Дзякуй Госпаду за дазвол!

***
Як жа Табе, Божа цярплівы,
Здакучыў я з просьбамі
Бесперастаннымі.
За кожны каласок
З Твае нівы,
Закожны зорчын
Помірг драмлівы
На калені
Думкамі й сэрцам стану я.
Прыму ад Цябе
Ці жар, ці жарству я,
Азябла заручаны з доляю.
Адыду –
Па зямлі без Цябе засумую.
Ды з вачэй Тваіх
Іскрынку жывую,
Магчыма, пабачыць здолею…

ПЕСНІ-ЗЫЧЭННІ

***
Госпад!
Дазволь пажадаць Табе
Крыніцы моцы,
Сумёты спакою,
Бо ўсе толькі просяць Цябе
У мальбе
Перашалелаю талакою.
Ты ў свеце Адзін,
Ды Цябе стае
На ўсё, што стала,
І ўсё, што стане.
Мы клопаты дробязныя свае
З Табою дзелім, Нябесны Васпане.
Дазволіўшы, каб жыццё жыло,
Ты вырак сам сябе на пакуты.
Штодзень свой цень
Даганяе святло
І душы лятуць у вырай прачуты.
Нечалавечае працы цяжар
За людзьмі
Перагне небасхілаплеча.
Пачуй,
Жыцця й забыцця Валадар,
Зычэнні здароўя і бясконцавечча.

***
Няма калі Богу хварэць –
Адзін на такую гасподу.
Бадай, аратай-гаспадар
Яго зразумее дагоду.
Няма калі Богу старэць,
Бо чорт маладзее з гадамі.
Світанак – ахвярны святар –
Разбудзіць ды паспагадае.
Няма калі дбаць пра сябе
Ды выгадаць нешта ў дзяльбе –
Абы перапала тварыне
Жывое Яго мілаты.
Хай Богу хоць сон залаты
Прысніцца ў нябеснай адрыне…

ПЕСНІ-ПРОСЬБЫ
***
Усёчуйны, пачуй
Кайны наш лямант і плач.
Тым, хто нас ненавідзіць і крыўдзіць,
Чалавекалюбча, прабач.
Тых, хто шчодрыць дабро,
Узвяліч дары.
Братам і крэўнікам нашым
Правіны даруй
Iвечнае жыццё падары.
Наведай нямоглых у чорныя дні.
Ацалі іх і моцу вярні.
Тых, хто ў моры,
Не пакінь у горы.
З тымі, хто у падарожжах,
Будзь і ў клопатах Божых.
Тым, хто слугуе роднаму краю,
Хто нашую мову мілуе,
Пакажы сцяжынку да раю,
Даруй і праграшынку малую.
Тых, хто просіць нас
Памаліцца шчыра за іх,
Памілуй, бо маеш
Вялікую літасць да ўсіх.
Памяні, Госпадзе,
Нашых бацькоў ды братоў,
Што адышлі ў Твой край,
Ад святла аблічча Твайго спагатоў
Спакой ім, спачылым, дай.
Памяні, Госпадзе, нашых братоў,
Што й сёння
Ва ўчарашняга дня ў палоне,
Вызвалі ад кайданоў
Iдушы іхныя, і далоні,
Каб мелі галаву на плячах,
А не неслі, як горб, за плячамі.
Каб зоры займаліся ў смелых вачах,
Каб пачуваліся вольнымі крывічамі.
Памяні, Госпадзе,
Усіх дабраплодных і дабрачынных
У Тваіх святынях адчыненых,
Выслухай просьбы іхныя аб збаўленні,
Імем Тваім асвечаныя,
Iдай ім жыццё вечнае.
Памяні, Госпадзе, нас,
Рабоў Тваіх грэшных, рахманых,
Тут, на задуманай Табою зямлі,
Iсвятлом Свае мудрасці прасвятлі
Розум наш, што ўвечарэў у заганах.
Iскіруй на сцежкі святарныя
Запаветаў Тваіх
Малітвамі Прачыстае Багародзіцы —
Нашае Валадарыні
IПрыснадзевы Марыі і Ўсіх Святых.
Будзем ісці да Цябе
Iў радасці і ў журбе,
З песнямі і з плачом,
Покуль будзе сябе называць
Крывічом
Паслухмянец Твой хоць адзін. Амін.

***
Божа, паспагадай усім, –
Iмагутнаму, і слабому,
Iвідушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.

Божа, паспагадай усім, –
Каб вайной не йшоў
Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.

Божа, паспагадай усім, –
Каб цяплелі пагляды людскія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралі радзім.

Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!

***
Я вымольваю ў Бога дні,
Я выпрошваю ў Бога хвіліны.
Божа праведны, Божа адзіны,
За грахі недужа віні.

Я ў грахах,
Як елка ў суках.
Мне іх не абчасаць самому.
Кайна ўдзячны я
Духу Святому
За няпэўнасць быцця,
За страх.

Божа, як хапае Цябе
Просьбы чуць ад свету жывога?
Бо жыццё –
Гэта й ёсьць трывога.
Мусіш жыць
Не ў хвальбе – ў мальбе.

Адасню я зямны свой сон.
Ці пакіну хоць цень нявінны?
Божа праведны, Божа адзіны,
Дай яшчэ мне
Хоць жменьку дзён…

***

Гасподзь! Затрымацца дазволь
На гэтай грэшнай зямлі.
Зрабі ласкавейшы мой боль.
Душы раўнавагу пашлі.
Праз ноч,
Што жыццём нараклі,
Я йшоў на Тваё святло.
Гублялася cцежка ў быллі,
Ды ў сэрцы світанне жыло.
Гасподзь! Прагані мой страх,
Што следам ідзе за мной.
Я, з праху зямнога прах,
Вінюся зямной віной.
Пачую Цябе і глухі.
Аддзячыць хачу стокроць.
Правіны мае і грахі
Даруй, літасцівы Гасподзь…

***
Ойча праведны, памажы
Быць пакорным Тваім іспытам.
Адвядзі мяне ад мяжы
Між жыццём і спаміж нябытам.
Павядзі мяне па жыцці,
Па трыпутніку і ажыне,
Памажы мне сцежку знайсці,
Што не кіне мяне на чужыне.
Памажы мне застацца сабой –
Быць з душою сваёй у згодзе,
Жыць і радасцю, і журбой
У Тваёй трывалай Гасподзе.
Колькі дзён Ты мне ні дасі –
Буду ўдзячны і заўтра, й сёння,
На зямлі й на небясі
Шчыра ўкленчу святой іконе.

***
Чым далей,
Тым бліжэй да Цябе
Думкамі і душою хінуся.
Рукі, зведзеныя ў мальбе,
Хочуць процістаяць спакусе.
Чым далей,
Тым далей ад сябе,
Ад шчаслівага й маладога.
Рукі
Рупяцца ў даўняй сяўбе –
Густа ўсходзіць
Адна трывога.
І, прымаючы спёку й золь,
Жарсць цярноўніка й цноту
Вішні,
Я прашу:
Затрымацца дазволь
Мне на гэтай зямлі,
Усявышні…

***
З беспрасвецця, з глухой імжы,
З хлуду, з багнішча, з патарочча
Сцежку светлую пакажы,
Адчыні мае вочы, Ойча.
Я стаю на апошняй мяжы.
У адчай вядзе раздарожжа.
Утрымацца дапамажы,

Ацалі мяне, ясны Божа.
Абвілі мой сподзеў вужы.
Страх святкуе свае ймяніны.
Хоць паўслова, Святы, скажы,
Я пачую Цябе, Адзіны.

***
Божа, пашлі Беларусі
Ласку з Тваімі вачамі,
Сэрцы суцеш у скрусе,
Злітуйся над крывічамі.

Знікнуць, Святы, не дай нам
Ад рукатворнага жаху,
Верацьмем вечным тайнам
Руху Твайго і шляху.

Божа, вярні дадому
Блудныя душы з выгнання.
Поперак духу злому
Воля Гасподняя стане.

Хай беларус беларуса
Будзе любіць як брата.
Светлая Імем Ісуса
Наша крывіцкая хата.

Божа, на ўсіх раздарожжах
Нас ад напасцяў варожых
Твой зберажэ напамін.

Амін.

Аўтар: Адміністратар