Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтка прапануем Вашай увазе зірнуць на яго асобу вачыма класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, прачытаўшы ўрывак з нарыса пра Палессе “Званы ў прадоннях азёр”, напісанага яшчэ ў савецкі час.

Семдзесят пяць анёлаў з гакам

Пінскі катэдральны касцёл — адзін з лепшых будынкаў, якія мне даводзілася бачыць на Беларусі. З першага позірку на ягоную абсіду, магутную, як грудзі закутага ў латы волата, — нараджаецца ў сэрцы нешта падобнае на пачуццё велічы: я не зусім малы чалавек, калі я нашчадак дойлідаў і каменшчыкаў, якія маглі збудаваць такое!

Калісьці ён, разам з прылеглым да яго кляштарам, належаў “братам мнейшым канвентуальным закону святога Францішка”. Заснаваны ён у 1З96 годзе Зігмунтам Кейстутавічам, князем Пінска, Турава і Старадуба, але быў ён тады драўляны. Пасвяціў яго біскуп Віленскі Андрэй Васіла. За тры стагоддзі будынак перанёс тры пажары. Першы ў 1618 годзе. Дзевяць год яго адбудоўвалі, але ў 1648 годзе ён згарэў другі раз пасля аблогі горада і страшнай “пінскай разні”, калі згарэла пяць тысяч дамоў і было забіта чатырнаццаць тысяч чалавек. Згарэла тады толькі яго драўляная частка, бо тая самая велічная абсіда была ўзведзена яшчэ ў 1509 годзе (гораду тады не хапіла сродкаў зрабіць каменнай усю будыніну). Да абсіды ў другі раз прыбудавалі драўлянае памяшканне, але ў 1705 годзе агонь знішчыў і яго. Тады жыхары ўзяліся, нарэшце, мураваць цалкам каменны храм і адкрылі яго 1 мая 17З0 года. Вось так за дзвесце дваццаць адзін год была, урэшце, скончана гэтая тытанічная праца.

Сапраўды тытанічная. Бо як улезлі ў маленькую сігнатурку на даху (Зянон з Валянцінам ледзь не скончылі там сваіх брэнных жыццяў, бо падламаўся прыступак лесвіцы), то ад відовішча займае дух. Магутныя вежы, лускаваты, як спіна дракона, дах, велічныя завіткі барокавых франтонаў. А ўнізе, у недасяжнай, страшнай глыбіні, блытаніна вузкіх двароў, лабірынт пераходаў, дахі, муры. I ўвесь горад як на далоні, і далёка-далёка віецца сіняя Прыпяць.

Перакрыцці і каркас з бярвенняў, на якіх ляжыць дах, шэдэўр інжынернага разліку і ўмельства нават цяпер. Гэтае перапляценне стаякоў, распорак і падпорак, расцяжак і звязак стварае ўражанне, нібы ты знаходзішся ў чэраве нейкай неверагодна складанай машыны. I адначасова ва ўсім відаць розум будаўнікоў, прастата, мэтазгоднасць і дакладнасць.

Муры фантастычна тоўстыя, а для палёгкі, лепшага рэзанансу і вентыляцыі ўся тоўшча іхняя праточана калодзежамі і хадамі. Тутэйшы арган быў пастаўлены ў 18ЗЗ-1887 гадах архітэктарам Градзіцкім, а галасы для яго з чорнага дрэва, спецыяльна мочанага і сушанага, сканструяваў выключны наш майстар арганаў Рудніцкі з Вільні. Тады арган быў аб дзевятнаццаці галасах і двух мануалах з педаллю клапаннай канструкцыі.

У 19З6 годзе яго рэканструяваў майстар Бярнацкі. Ён дадаў шэсць новых галасоў, а старыя дапоўніў новымі трубамі. Частку іх ён замяніў на сталёвыя, і арганіст, вялікі майстар сваёй справы і знаўца музыкі, і цяпер незадаволены гэтым: “Са старымі, драўлянымі, было лепей”. Педаль цяпер пнеўматычнай канструкцыі.

Не ведаю, як там было раней, але і цяпер гэта велічна і здорава. Ды і вонкавы выгляд гэтых срэбных трубаў, цёмнага золата капітэляў, блякла-зялёнага асноўнага фону здзіўляе гарманічнасцю.

Вадзіў нас па будынку, ад зялёнага дворыка з чатырох’яруснай званіцай (“здымі шапку, бо ўсё адно званіца табе яе скіне”) і аж да канструкцый гары і лазаў у сценах добры знаўца муроў і ўвогуле старажытнага Пінска і Піншчыны сіваваты ўжо, харошы чалавек з усмешлівым і разумным абліччам Казімір Свёнтак. Па-сапраўднаму здзіўлялі ягоныя веды, памяркоўнасць і шырокі падыход да з’яў жыцця. А асабліва здзіўляла спалучэнне сапраўднай улюбёнасці ў старажытнасць і дасведчанасці ў ёй з сучаснай любоўю да тэхнікі. Дужа харошы фатограф, матацыкліст, кінематаграфіст-аматар (зараз здымае фільм аб прыродзе Палесся), чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаванне глушцоў.

Пра помнік, пра кожную скульптуру ён мог гаварыць гадзінамі, і ўсё гэта было цікава і з веданнем справы. Гэта ён даў назву гэтаму раздзелу, расказаў, што раз прыйшло яму ў галаву, што дрэнны ён знаўца і не гаспадар над старыной, калі не ведае, колькі анёлаў у касцёле. Ну і пачаў лічыць. Фігуры на абразах, на роспісах, статуі на галоўным алтары і на алтарах бакавых. Налічыў семдзесят пяць, збіўся і махнуў рукой. Нельга палічыць. Так што тут іх, анёлаў, семдзесят пяць з гакам. А беларускі гак, бывае, і ў сотню не ўлезе. Гэта самыя дакладныя звесткі, а калі каму трэба больш дакладныя — хай лезе і лічыць сам.

Тут, між іншым, акрамя абразоў шмат карцін, часам дужа старых і каштоўных. Напрыклад, “Зняццё з крыжа і аплакванне”. Вернае XVII стагоддзе. Акрамя манеры, цікава яшчэ і тое, што аблічча Хрыста не відаць: твар схілены, на яго ўпалі валасы. Мастак лічыў, што ён няварты гонару, маляваць гэтае аблічча.

Паабапал алтара таксама дзве познія карціны С. Рудзінскага: “Зняццё з крыжа і нараджэнне”. Цікавыя яны каларытам. Сапраўдным палескім каларытам. Калі валхвоў мастак апрануў яшчэ ва ўсходнія строі, то астатнія гледачы — сапраўдныя старазаветныя пінчукі ў вясковай вопратцы. Наміткі, світкі — “латухі”, шэрыя з чырвонымі паясамі, вярэнькі з бяросты ў руках.

З новых карцін ёсць карціна Альфонса Ромера “Маці божая ў промнях”, якой не пасароміўся б кожны першакласны музей.

Ды і абразы ёсць дужа каштоўныя і старыя. На адным — Маці Божай — ёсць вотум 1507 года. Значыць, абраз павінен быў ужо мець славу, а гэта справа доўгая. Значыць, майстар зрабіў яго ў XIV стагоддзі.

Ёсць некалькі дужа добрых работ XVI–XVII стагоддзяў. Напрыклад, два абразы святога Антонія-францыскага. Тут усё дыхае даўнімі вякамі, нават асаблівасці перспектывы. Напрыклад, чым чалавек на абразе далей ад гледача, тым вышэйшага росту робіць яго жывапісец.

Другая рэч мае прысвячэнне ад 1620 года. А ў пачатку XVIII стагоддзя яе ўзялі ў срэбную сукенку, якая — сведчанне таго, што ў чаканшчыкаў і басменных майстроў беларускіх былі залатыя рукі і вытанчаны густ сапраўдных мастакоў.

Да чаго я не люблю варварства! I як яно, на жаль, яшчэ здараецца ў нас… Вось ускрываюць могілкі на Завальнай вуліцы. Труны XIV стагоддзя, доўбленыя з цэльнай калоды і абвітыя бяростай, так званыя корсты, чэрпалі каўшамі экскаватараў і вывозілі на звалку… Вось два п’яныя ўрываюцца ў касцёл і крычаць: “Крышыць усё!” I крышаць. Добра, што абласны цэнтр даў справядлівы і суровы загад: “Судзіць”.

Ксёндз, на жаль, дараваў. I неразумна зрабіў. Я б не дараваў нізавошта. Не таму, што такі ўжо крыважэрны. А таму, што быў бы ўрок на будучае іншым. Таму што разьблёныя алтары XVI–XVIII стагоддзяў не толькі стварэнне рук нашых продкаў, а і проста дзіва рук чалавечых, якое належыць не толькі нам. I не на “ачаг цемрашальства” ўзнялі гэтыя два хуліганы свае кіі, а на годнасць народную, на яго мастацтва, на ягоную гісторыю і павагу да мудрасці продкаў.

Але што я? Народ выкажа свае адносіны да такога лаканічней. Заб’е адным словам.

…Студэнты трэслі краты капліцы на могілках, нібы арангутангі ў клетцы. Вартаўніца падышла, паглядзела на іх і сказала адно толькі слова:

— Няшчасныя.

I праўда, няшчасныя.

У такіх ні да чаго няма павагі. Нават да слова. Ім нічога не каштуе перайменаваць Скорбічы пад Брэстам у Дружбу, а Завальную вуліцу ў вуліцу Пабеданосікава.

Але вернемся да прамой нашай справы. Да мастацтва. Да таго вялікага, якога “няшчасным” не забіць. Вернемся ўнутр муроў.

Галоўны алтар пафранцысканскага касцёла ўстаноўлены, як і ўсё тут, аж да канструкцый даху, на магутных — зносу ім не будзе — шматсотгадовых бэльках з сасны і дубу.

Наконт якасцей дубу — распісваць і хваліць не трэба. Але вось як рыхтавалі продкі сасну дзеля такіх мэт, як апоры і перакрыцці. Каб стагоддзі стаяла і не гніла. Зімою выбранае дрэва, — спелае, але не пераспелы семяннік, — туга, з дапамогаю калаўрота, перацягвалі тросам ля самай зямлі і так пакідалі. Дрэва павінна было быць цалкам здаровым, без заганы і пашкоджанняў кары. Цэлы год росту яшчэ быў дадзены яму, і жывіца накоплівалася ў кожнай поры, у кожнай клетцы дрэўнай тканкі. Наступнай зімой дрэва ссякалі і сушылі пад павецямі, даступнае ветру, але недаступнае дажджу. Вычасаны з такога бервяна брус — “уванчос” — быў набрынялы мікраскапічнымі кроплямі смалы аж да цёмна-янтарнага колеру, звонкі, практычна непадуладны тлёну і надзіва цвёрды: цвік забіць цяжка. Урэшце, ніхто тых цвікоў амаль і не забіваў. У месцах злучэння бярвенняў свідравалася дзірка, а пасля ў яе забіваўся драўляны шып. Жалезная ржа, якая так раз’ядае дрэва вакол цвіка, не пагражала канструкцыі.

Ведалі майстры тых часоў і нейкі састаў супраць агню, сакрэт якога цяпер не вядомы. Таму і не дзіва, што пасля пажару драўлянай царквы або касцёла часам згарала толькі абшыўка, а сама будыніна, ад сцен і да шкілета крокваў, заставалася стаяць, толькі злёгку закураная, як фенікс, што выйшаў з агню. На гэта, ясна ж, паказвалі, як на божае дзіва.

Састаў быў, мабыць, дарагі, і пакрыць ім усё было немагчыма. Але дранка на дах нічога не каштавала, як і ўвогуле дрэва ў тыя часы. Дзеля новай абшыўкі трэба было ўсяго толькі некалькі дзён пацюкаць сякерай. I вось за тыдзень-другі будынак зноў бялеў свежымі сценамі і ўзносіўся ўзорным вільчыкам, нібы полымя і не жэрла яго.

Дык вось галоўны алтар і ўмацавалі такімі бэлькамі. Старасвецкай разьбы, двухпавярховы, укрыты скразным танчэйшай работы кіпенем кветак, пялёсткаў, завіткоў. Фігуры на ім часткова маляваныя, часткова залочаныя, але залочаныя, як і ўсё тут, высакародна, з густам і без усялякай крыклівасці.

На адным паверсе — узнясенне Маткі Боскай. Нават вельмі нядрэнная старая копія з Мурыльё: поўная глыбокага і светлага суму туманная сінь цераз густа-сіні плашч жанчыны пераходзіць у радасны, ружова-залацісты, вечны ўсход.

Някепская і ўкленчаная постаць св. Францішка (стыгматызацыя). Шырокія, тоўстыя хлапякі аблокаў. Анёл, што ўзлятае над званіцай. Нагрувашчанне цел і ўзнятых рук. Ва ўсім гэтым простая, крыху прымітыўная веліч і адначасова пышнасць. Хоць і з дрэва.

А фігуры алтара пад столлю з народнымі візарункамі! Дыспрапарцыянальныя, з выразам смешнай журбы або здзіўленай усмешлівасці. Ва ўсім адзін і той жа кранальны прынцып старых нашых майстроў: у статуях святых усё павінна быць “так, як у людзей, ды не так”. Вось святая манерна падбірае падол з адной прыгожай ножкі, нібы збіраецца ісці па вадзе. Добра!

З правага боку ад галоўнага алтара першы алтар св. Францішка, таксама ўвесь разьблёны, маляваны, пазалочаны. У ім стары абраз. Сухое, копчанае аблічча нагадвае формамі стары факомскі партрэт. Стыгматызаваныя рукі надзіва ненатуральна маленькія. I добра, што срэбная шата прыкрывае ўсё цела. Бо на астатняй частцы ўжо цяжка што-небудь разабраць, і работа дужа патрабуе ачысткі, каб ізноў заззяць прамытымі, першароднымі фарбамі. I ўсё ж глядзіш на гэтае ягня, падобнае ці то на льва, ці то на сабаку, рахманае, з наіўна закінутай, пяшчотна маленькай галавой, глядзіш на праваленыя ля вачэй, здзіўленыя абліччы “прадстаячых”. I рэч пачынае гучаць у душы, як напаўзабытая музыка.

Анёлы на алтары, дый паўсюль.

Іх, як я ўжо казаў, семдзесят пяць з гакам, і, нягледзячы на агульнасць выразу на абліччы, уже яны розныя. Каб мы былі ўважлівыя, дбайныя і нават скупаватыя гаспадары, каб сотнямі выпускалі альбомы па мастацтву для сябе і турыстаў — патрэбная была б асобная манаграфія-альбом “Анёлы Пінскай катэдры”. Дужа каштоўная і патрэбная, дужа цікавая магла б быць рэч.

Што тут яшчэ? Вось алтар Маці Божай, зноў жа разьблёны і залочаны, мае два абразы. Малы на блясе, слабаваты, а вось вялікі, на дрэве, гэта XVII стагоддзе. Гэта напэўна.

На трэцім алтары досыць старая і досыць цікавая карціна на палатне: святое сямейства і голуб у ззянні над імі. Яе някепска было б вывучыць знаўцу, як, урэшце, і многае з таго, што мы бачылі.

Другі алтар з левага боку ад галоўнага — адна з найбольш тут цікавых з’яў. Не кажучы ўжо пра незвычайна тонкую разьбу, пра галоўны стары абраз, дзве бакавыя, з жыцця святога Францішка, дужа старыя работы. Есць нават рысы XVII стагоддзя, але, можа, гэта намераны архаізм ці стылізацыя або проста прыхільнасць глухога кута да крыху спозненай моды. I ўсё адно гэтая архаічная кампазіцыя, гэтыя порцікі фантастычнай, небывалай архітэктуры — усё гэта прыўкрасна.

Разьблёныя рэчы касцёла таксама розныя, Ад спавядальнікаў мясцовых, вырабу школы рамёстваў, у Пінску недзе ў трыццатых гадах, але зробленых з густам і без таго, каб яны парушалі агульны настрой і тон інтэр’ера, і да амбона разьблёнага, штукі велічнай, высакароднай, пышнай і, сказаў бы я, нават велікапышнай.

Словам, усё гэта — веліч, усё гэта — мастацтва, усё гэта — наша. I таму, што гэта ўвогуле душа продкаў нашых, майстроў. I таму, што гэта веліч нашай гісгорыі.

Аўтар: Адміністратар