Да першай гадавіны перэгрынацыі рэліквій Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса
У нядзелю, 8 чэрвеня, у нарачанскай парафіі ў першую гадавіну перэгрынацыі рэліквій Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса адбудзецца Святая Імша-падзяка за гэты благаслаўлёны час не толькі для нарачанцаў, але і для вернікаў усёй Беларусі.
Цяжка ўспомніць духоўную падзею апошніх гадоў, якая так, як перэгрынацыя рэліквій Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, узрушыла сэрцы нарачанскіх парафіянаў.
Перэгрынацыі рэліквій у парафіі папярэднічала сур’ёзная духоўная падрыхтоўка, пагэтаму нарачанцы добра ведалі “малы шлях да святасці”, якім шаноўная госця прапаноўвала пайсці кожнаму верніку.
Назаўсёды застанецца ў памяці дождж з ружаў, які суправаджаў Святую ад пачатку вёскі і аж да касцёла, ноч чування з Тэрэскай (як яе любоўна называюць у Нарачы), дакладней, з яе духоўнай спадчынай, людскі паток (католікі, праваслаўныя), які на працягу сутак ішоў да рэліквіярыя са сваімі просьбамі, праблемамі ці каб проста ўзмацніцца духоўна і датыкнуцца да святасці.
У гадавіну перэгрынацыі рэліквій Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, акрамя падзякі Богу за гэту цудоўную падзею, кожнаму з нас варта задаць сабе пытанне: як мы пражылі гэты год? Ці не былі самыя моцныя парывы нашай душы, самыя лепшыя памкненні таго благаслаўлёнага часу заглушаны пустазеллем штодзённага жыццця?
Няхай прыклад Вялікай Святой, якая паказала нам найкарацейшы і найпрасцейшы шлях да святасці, вядзе нас на працягу ўсяго зямнога жыцця па дарозе проста ў Неба.