«Зярнятка» — штотыднёвае выданне Евангелля разам з  дадаткам — заданнямі да яго. Мэта «Зярнятак» — дапамога ў евангелізацыі дзяцей. .

Гісторыяй з’яўлення і развіцця «Зярнятка» з чытачамі Catholic.byпадзялілася Аня Шакель з парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне, якая разам з сяброўкамі  бярэ ўдзел у стварэнні своеасаблівага выдання з тэкстам Евангелля на кожную нядзельную Імшу:

«Аднойчы на Імшы я сядзела і перабірала маленечкія паперачкі з малітвамі і спевамі, якія знайшла на лаве. Побач са мной сядзела дзяўчынка год сямі. Калі яна заўважыла гэта, радасна прамовіла: «О! Я такую зярнятку маме вазьму!»

З’явіўся гэты цуд — штотыднёвая газетка для дзяцей — у Польшчы. Там убачыла яго падчас хатніх вакацый с. Крыспіна Янэцкая MSF і адразу прывезла ідэю на сваё месца працы, у Маскву. Першы выпуск «Зёрнышка» (пад такой назвай «Зярнятка» выходзіла ў Расіі) нарадзіўся ў 1997 годзе. І, як гэта не дзіўна, традыцыя «Зёрнышка» ў Маскве працягваецца па сённяшні дзень.

«Зярнятка» вандравала разам з с. Крыспінай Янэцкай па ўсёй Усходняй Еўропе. Яна прывозіла яго з сабой на кожнае месца працы. У Беларусь «Зярнятка» прыехала ў 2001 годзе. Зыходным пунктам стаў горад Ашмяны. Напачатку «Зярнятка» перакладалася з польскай мовы, каб Божае слова даходзіла да дзіцячых сэрцаў на зразумелай мове. Перакладчыцай была дзяўчынка Оля Рудніцкая. Калі с. Крыспіна Янэцкая пераехала ў Параф’янава (Докшыцкі раён), Оля працягвала перакладаць тэксты і заданні. А малюнкі рабіла мясцовая дзяўчынка Аксана Ючкавіч.

Цікава, што ў Параф’янаве «Зярнятка» пачало шырэй распаўсюджвацца. Яго чакалі ў розных кутках Беларусі, куды яно трапляла па электроннай пошце. Адной з такіх мясцін стаў горад Маладзечна — наступны пункт працы с. Крыспіны Янэцкай і выдання «Зярнятка». Калі дагэтуль сястра рабіла «Зярнятка» цалкам сама, то ў Маладзечне сваю працу  падзяліла з іншымі сёстрамі.

А ў гэтым годзе  заданне перайшло ў рукі моладзі парафіі. Рэдакцыя — Света Сарока, Света Станкевіч, Каця Крыжэўская і Аня Шакель — збіраюцца дома ў сясцёр кожны тыдзень, каб абмеркаваць новы нумар «Зярнятка».

Дзякуючы праекту “Зярнятка” на Catholic.by, у дзяцей нарачанскай парафіі з’явілася цудоўная магчымасць глыбей спасцігаць навуку Езуса Хрыста. “Зярняткі” дзеці атрымліваюць ад старэйшай моладзі парафіі пасля нядзельнай Святой Імшы, і “тыраж” газеты кожны тыдзень трэба павялічваць.

Цудоўная магчымасць евангелізацыі як дзяцей, так і дарослых. А ўсё дзякуючы працы маладзечанскай моладзі, якой хочацца сказаць шчырае дзякуй!

Аўтар: Адміністратар