Прапануем Вам матэрыялы для падрыхтоўкі да конкурсу ведаў “…Бог даў вярнуцца Вам на бераг Піны, каб праўды веры людзям адкрываць”, прысвечанага кардыналу Казіміру Свёнтку:

Кардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся ў 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, калі яму было 3 гады, ягосям’юсаслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. ўтамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. У выніку пераследавання рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць Святую Імшу ў касцёле.

Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка адбудавана Пінская катэдра – напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Адбудоўваючы Пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл – Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі.

Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.

Пастырская актыўнасць кс. пралата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, на міжнародных форумах, канферэнцыях і г.д. Ён з’яўляецца сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння на Беларусі.

У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ мянуе яго кардыналам – найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Касцёла на Беларусі і ягонай ролі ў сусветным Касцёле.

Ксёндз кардынал яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі каталіцкага Касцёла на Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 Года. У гэтай праграме асаблівае месца прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш Мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які ксёндз кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

11 лютага 1999 г. ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі – гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду “Fideitestis” (Сведка веры), прысуджаную ІнстытутамПаўлаVI.

21 ліпеня 2011 года кардынал Казімір Свёнтак памёр. Ён пахаваны ў крыпце пінскай катэдры.

БІЯГРАФІЯ КАЗІМІРА СВЁНТКА.

Бiяграфiя гэтага чалавека гаворыць сама за сябе. Яго справядлiва называюць сведкам праследавання каталiцкай веры i яе адраджэння на Беларусi.

Кардынал Казiмiр Свёнтак нарадзiўся 21 кастрычніка 1914 годзе ў Эстонii ў Валзе , ахрышчаны быў у Рызе. Бацька яго, Ян Свёнтак, загiнуў у 1919 годзе ў баi за Вiльню, але толькi праз 20 гадоў родныя адшукалi яго магiлу ў Вільні. Калi Казiмiру было 3 гады, яго сям’ю саслалi ў Сiбiр, дзе разам з маці і братам знаходзіўся да 1922 года. Роля маці кардынала у выхаванні Свёнтка вельмі бачная ў дачыненні да ўсіх цнотаў. Можна зрабіць выснову, што гэта была мужная, пабожная жанчына, якая, страціўшы сужэнца, умела справіцца са сваім жыццёвым пакліканнем.

З раняга дзяцінства спазнаў цяжкасці і холад жыцця, але нягледзячы ні на што з дзяцінства заставаўся верным у самых простых і штодзённых рэчах, што і адклала адбітак на вернасць ў яго жыцці. Будучы ў 6 класе, Свёнтэк уступіў ў моладзевую Марыянскую Садаліцыю. Гэта была моцная каталіцкая арганізацыя, якая аб’ядноўвала дарослых і моладзь. Першы год лічыўся выпрабавальным, такі своеасаблівы кандыдацкі тэрмін. Пасля прэфект дапускаў да складання садаліцкай прысягі. Апекуном Марыянскай Садаліцыі быў св. Станіслаў Костка. Свёнтэк складаў прысягу ў сваім парафіяльным касцёле ў Баранавічах. У абавязкі членаў Садаліцыі ўваходзілі штомесячная споведзь, св. Камунія на кожнай Святой Імшы (па магчымасці) і штодзённы, ажно да смерці, абавязак маліцца тры разы «Вітай, Марыя…». Колькі гадоў назад ён складаў садаліцкую прысягу!!! Гэта было ў 6-м класе гімназіі, значыць, больш за 85 гадоў таму і ніколі свядома не прапусціў ніводнага дня, каб не памаліцца да Маці Божай. Здавалася б, што тут такога – тры «Вітай, Марыя…», аднак гэта штодзённая памяць пра Маці Божую, штодзённая малітва да Яе і самае галоўнае менавіта гэта салідацыя была такой першай своеасаблівай школай вернасці, школай трываць і заставацца верным простым рэчам.

На пачатку свайго жыццёвага шляху кардынал не думаў пра святарскае паклiканне. У 1933 годзе ён скончыў Баранавiцкую гiмназiю i збiраўся паступаць на фiлалагiчны факультэт Вiленскага унiверсiтэта. Але вышэйшая сiла пакiравала iначай. У той год выпускнiкi гiмназii паехалi на рэкалекцыi у Пiнск. Напрыканцы рэкалецый юнакi на чале з ксяндзом прэфектам наведалi крыпту ў катэдры, дзе спачываў пiнскi бiскуп Зыгмунд Лазiнскi. Учарашнiя гiмназiсты падыходзiлi да труны i прасiлi блаславення ў пастара на свой жыццёвы шлях. Тады, ля труны бiскупа Лазiнскага, адбылася з Казiмiрам Свёнтакам дзiўная перамена, якую ён i сам да канца не можа зразумець. Калi ён выйшаў з крыпты, то нечакана для ўсiх i сябе самога абвясцiў, што будзе не фiлолагам, а ксяндзом. Ён быў прыняты ў Пiнскую семiнарыю «ў парадку выключэння», бо тэрмiны прыёму ўжо скончылiся.

Праз два тыдні вучобы ў яго пачаліся праблемы з лёгкімі. Пайшоў да доктара, а той параіў , як найхутчэй выязджаць з Пінска, з Палесся ў іншы клімат. Калі ён прыйшоў да рэктараі паказаў лекарскае заключэнне, пачуў: «Ну што ж, нам хворыя не патрэбны».

“І паехаўя дадому, у Баранавічы– узгадвае кардынал.- Праз пару тыдняў хатняга лячэння кажу маме: «Паеду зноў у Пінск, да біскупа Лазінскага». Паехаў, прыйшоў у крыпту да труны й кажу: «Паслухаў я цябе, біскупе, абраў святарскі шлях, а бачыш, што з таго выйшла…» Памаліўся і пайшоў зноў да доктара, упрасіў, каб ён яшчэ раз мяне абследаваў. Хоць і неахвотна, доктар згадзіўся, а пасля доўга дапытваў, як маё прозвішча і ці я той самы, хто да яго прыходзіў два тыдні таму. Не мог паверыць, бо лёгкія былі абсалютна чыстыя. «Тут, кажа, штосьці не так, прызнавайся». Я кажу: «Тут не штосьці, а хтосьці, тут – біскуп Лазінскі…» Доктар быў сапраўдны католік, адразу паверыў: «Разумею. Гэта магутны заступнік! Ідзі да рэктара». Давялося і рэктару прывесці гэты найважнейшы аргумент заступніцтва біскупа Лазінскага. Мне дазволілі працягваць вучобу. Увогуле, немагчыма пералічыць усіх выпадкаў умяшальніцтва ў мой лёс Вышэйшай Сілы, дзеяння Божага Провіду, якому давяраю бязмежна і заўсёды.” Гэта апека і заступніцтва біскупа Зыгмунта Лазінскага спадарожнічала яму на працягу усяго яго жыцця, вельмі моцна Казімір Свёнтэк яму давяраў і вельмі шмат ласкаў атрымай ад яго. Для яго біскуп Лазінскі заўжды быў на трэцім мейсцы пасля Бога і Маці Божай.

Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семiнарыi 8 красавiка 1939 года ў Пiнскай катэдры ён быў узведзены ў сан святара i накiраваны ў Пружаны, дзе і распачаў сваё святарскае служэнне. Але праз год у вынiку праследавання рэлiгii ён быў арыштаваны НКУС i пасля жахлiвых допытаў i следства прыгавораны да смерцi. Два месяцы знаходзiўся ў камеры смяротнiкаў у Брэсце.

Вайна, якая пачалася ў 1941 годзе, перашкодзiла выканаць прысуд. Аднак у 1944 годзе малады святар зноў быў арыштаваны i асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сiбiры, а потым за Палярным кругам у Iнце, каля Варкуты. У тых нечалавечых умовах ксёндз здолеў застацца не толькi чалавекам, але i верным слугою Бога, пастарам спакутаваных чалавечых душ:

З заканчэннем тэрмiну зняволення выпрабаваннi ксяндза Казiмiра не скончылiся. У Пружанах, дзе ён працаваў да арышту, у касцёле размясцiўся клуб. I ксёндз прыехаў у Пiнск, туды, дзе ўпершыню пачуў i прыняў Божае паклiканне, дзе спачываў ягоны апякун i заступнiк бiскуп Лазiнскi. У Пiнскай катэдры не было святара, але сама святыня па-ранейшаму належала вернiкам. Прайшло пяць пакутлiвых месяцаў процiстаяння, перш чым настала доўгачаканая хвiлiна, калi можна было адправiць Святую Iмшу ў касцёле. Выконваў гэтыя абавязкі да 30 красавіка 1991 года, да таго часу, калі Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Арцыбіскупам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Гэты доўгі перыяд 37-гадовага пастырскага служэння ў парафіі ўключае ў сябе шматлікія сведчанні, часта поўныя самаадрачэння і ахвярнасці, асабліва людзей старэйшага пакалення, у вызнаванні веры, малітоўнай і сакрамэнтальнай адданасці, касцёльнай прыналежнасці, парафіяльнай супольнасці і клопаце пра святыню.

Але не толькi святарская справа лягла на яго плечы: не толькі старажытная Пінская катэдра патрабавала адбудовы, але і Мінская і шмат іншых касцёлаў і капліц патрабавалі адраджэння і рэканструкцыі, бо былі ператвораны ў канюшні, амбары , хлявы , cклады і заводы. Знявечаныя бязвер’ем храмы і душы тысяч вернікаў атрымаў Свёнтэк у спадчыну, але не разгубіўся і пачаў працаваць. … Быў той час, калі на пытанне, колькі вернікаў налічвае яго парафія, пробашч Пінскай катэдры адказваў, што лічыць парафію не на душы, а на кіламетры… Не было мейсца і часу для роспачы і безнадзейнасці, трэба было адраджаць , будаваць, рэканструіраваць…

11 лютага 1888 становіцца капеланам яго Святасці, а 11 красавіка 1989 – генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі.

У 1991 годзе была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і пробашч Пінскай катэдры ва ўзросце 77 год стаў яе першым арцыбіскупам, а таксама апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Лёс каталіцкага Касцёла на Беларусі Божы Провід даручыў таму, хто сам быў лёсам гэтага Касцёла, быў яго верным сынам і адданым слугою, які зведаў увесь трагізм гісторыі каталіцызму ў нашым краі. Вось калі па-сапраўднаму прыдаўся яму і багаты вопыт душпастырства і балючы вопыт усіх тых выпрабаванняў, якіх спаўна хапіла на жыццёвым і святарскім шляху будучага арцыбіскупа. Цяпер Яго Эксцэленцыю чакала цяжкая і адказная задача: трэба было падымаць з руінаў не толькі разбураныя, знішчаныя святыні, але й святыні чалавечых душаў, таксама зруйнаваныя, скалечаныя бязбожным матэрыялізмам і атэізмам. З вялікім запалам ён наведвае парафii, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, баронiць правы вернiкаў, карануе цудадзейныя абразы, садзейнічае заснаванню каталіцкага выдавецтва “ProCristo” і партала catholic.by, вывучае італьянскую мову, актыўна ўдзельнiчае ў Сiнодзе бiскупаў у 1991 годзе, у пасяджэннях Рады Канферэнцыi бiскупаў Еўропы i iншых касцёльных арганiзацый, у мiжнародных форумах i канферэнцыях.

4 ліпеня 1995 года прэзідэнт Рэспублікі Польшча ўзнагародзіў кардынала Казіміра Камандорскім Крыжам з зоркаю і ордэнам адраджэння Польшчы.

Дзякуючы аптымізму, моцнай і непахіснай веры, якая не дазваляла Свёнтку знеахвочвацца ні на секунду, як фенікс з попелу, Касцёл на Беларусі ўзняўся з руінаў за няпоўнае дзесяцігоддзе. І ў тым найпершая і агромністая заслуга яго, арцыпастыра Казіміра Свёнтка, які ўсе свае сілы аддаваў справе адраджэння каталіцкай веры ў нашым краі. Перафразуючы словы святога Евангелля ад Яна, можна сказаць, што сапраўды руплівасць пра Дом Божы цалкам паглынала яго. Гэта ахвярная праца і гэта руплівасць былі годна ацэнены Апостальскаю Сталіцаю: 26 лістапада 1994 г. у часе публічнага кансістару ў Рыме Папа Ян Павел ІІ менаваў арцыпастыра беларускіх католікаў кардыналам— найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта таксама прызнанне пазiцыi Касцёла на Беларусi i яго ролi ў сусветным Касцёле.

У сваім прывітальным слове, звяртаючыся да Яго Эмінэнцыі, Святы Айцец сказаў: «З вялікаю радасцю і ўзрушэннем вітаю Вашу Эмінэнцыю з нагоды ўзвышэння Вас да кардынальскае годнасці. Таксама ад усяго сэрца вітаю ўмілаваны Касцёл на Беларусі. Як жа блізкі мне гэты Касцёл, які так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асобаў, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеллі былі асуджаныя таталітарным рэжымам на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні. Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог. Ваша Эмінэнцыя належыць менавіта да гэтых нястомных абаронцаў хрысціянскай веры. Я ўдзячны Вашай Эмінэнцыі за ўсё тое, што Вы зрабілі і надалей робіце для Божага люду, на чале якога паставіў Вас Пан Бог…»

27 верасня 2004 года Папа Ян Павел II уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку ўзнагароду “FideiTestis”. Папа назваў гэтую ўзнагароду «тытулам, якi больш за ўсе iншыя адпавядае хрысцiянiну, а яшчэ больш пастару, якi мае кардынальскую годнасць i якi даў вернае i мужнае сведчанне Хрысту i Яго Евангеллю ў цяжкiя гады праследавання Каталiцкага касцёла ва Усходняй Еўропе».

23 лістапада 2006 ў рэзідэнцыі пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь адбылася афіцыйная цырымонія ўручэння кардыналу Казіміру Свёнтку адзнакаў Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна. Званне Камандора кардыналу Свёнтку як «чалавеку, які ў вачах французскіх грамадзянаў увасабляе сабой гісторыю беларускага народа апошніх сямідзесяці гадоў» надаў сваім дэкрэтам ад 15 верасня 2006 года Прэзідэнт Францыі Жак Шырак. Пасля таго як пасол Францыі Стэфан Шмялеўскі павязаў вакол шыі кардынала залаты крыж Камандора на пунсовай стужцы, узнагароджаны выступіў з кароткаю прамоваю, у якой, у прыватнасці, адзначыў: «Высокую ўзнагароду, якой сёння мяне адзначае Французская Рэспубліка, я прымаю (…) як сведчанне павагі і прызнання беларускаму народу і яго лёсу».

Частка 2. Адраджэнне каталіцкіх святыняў.

Пінская катэдра

Ужо больш за 600 год велічныя вежы ўзносяць над Палессем манаграму Дзевы Марыі і знак ордэна францішканцаў, касцёл , заснавны Езусам з Назарэту , узвышаецца як скала ў бурлівай плыні часу, нягледзячы на пажары і зруйнаванні. Прайшоўшы праз увесь жах сталінскіх лагераў, ксёндз Казімір у 1954 г. вярнуўся на Беларусь. Пружанскі касцёл, у якім ён у 1939 г. распачынаў сваё святарскае служэнне, бальшавіцкая ўлада да таго часу паспела пераабсталяваць пад дом культуры. Ксёндз Казімір прыехаў у Пінск. Прыехаў туды, дзе ўпершыню пачуў і прыняў Божы покліч, дзе спачываў ягоны апякун і заступнік біскуп Лазінскі. І гэта таксама была Божая воля. Але каб яе выканаць, трэба было зноў прайсці праз цяжкія выпрабаванні і цярпенні. У Пінскай катэдры не было святара, але сама святыня па-ранейшаму заставалася ў руках вернікаў. Яна як бы чакала менавіта яго, Казіміра Свёнтка, чакала свайго адраджэння. Знявечаная савецкімі ўладамі святыня мала напамінала Дом Божы, але, на шчасце, захавала парафіянаў, хоць і без святара, але людзі старэйшага пакалення не пераставалі хадзіць у касцёл і “ цэлебраваць” Імшу, вось што ўбачыў пасля 10 гадоў адсутнасці ксёндз Казімір, увайшоўшы ў нядзельную раніцу ў любы сэрцу храм:

“… У першых лаўках сядзела каля трыццаці пажылых жанчын. Каля галоўнага алтара мітусіўся стары кульгавы мужчына. Я стаў пад хорамі, абапёршыся аб калону. Можна сабе ўявіць, што адбывалася ў маім сэрцы, перапоўненым радасцю і ўдзячнасцю. А тым часам той стары мужчына займаўся падрыхтоўкай алтара да Святой Імшы. Ён паклаў на алтар арнат, келіх, запаліў свечы, стукнуў у званок каля дзявярэй закрыстыі… але святар не выйшаў да алтара. Жанчыны ўсталі, адна з іх перажагналася ў голас, аб’явіла, якая сёння нядзеля і пачала з жанчынамі чытаць уступныя малітвы Святой Імшы. А значыць, Святая Імша без святара! Пасля чытанняў са Старога і Новага запаветаў усе жанчыны ўсталі, і адна з іх пачала чытаць Святое Евангелле… Тут я не вытрываў. Заплакаў. Як такое можа быць, што святар стаіць каля калоны, а жанчына чытае Евангелле, прызначанае на гэту нядзелю? Калі закончылася гэта незвычайная Святая Імша, я ўвайшоў у закрыстыю і завёў размову з тым старым чалавекам. Высветлілася, што ўжо шэсць гадоў таму пробашч катэдры быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зняволення. Я запытаўся: «Ці хацелі б вы мець святара?». «Вядома, але дзе яго ўзяць?». Тады я прызнаўся, што я святар і што мяне вызвалілі з савецкага лагера, што я магу тут, у катэдры, распачаць душпастырскае служэнне. ”

На жаль, як святара яго ніхто ніхто не ведаў, у Пінску ён толькі вучыўся ў семінарыі, якую закончыў у 1939 годзе. Але на наступны дзень, правёўшы Святую Імшу , яго прызналі і яны разам пачалі дамагацца ва ўлады яго рэгістрацыі як пробашча катэдры.

Праверка, расследаванні працягваліся пяць месяцаў. У гэты перыяд яго не раз хапалі на вуліцы, садзілі ў машыну, везлі ў будынак КДБ і трымалі да світання. Яго ўгаворвалі адмовіцца ад святарства, а ўзамен абяцалі прыбытковыя пасады дырэктара, начальніка і іншыя. Калі ён катэгарычна адхіляў гэтыя гнюсныя прапановы, пагражалі, што адашлюць назад у турму, у лагер. Толькі праз пяць месяцаў дарэмных намаганняў яго выклікалі ў Брэсцкі аблвыканкам і ўручылі пасведчанне, якое давала права выконваць абавязкі пробашча пінскай парафіі. Пра каварнасць савецкай улады сведчыць ліст, копія якога знойдзена ў дзяржаўным архіве Мінска. Накіраваны ён быў упаўнаважаным Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь у Мінску абласному ўпаўнаважанаму па справах рэлігійных культаў у Брэсце. Канцоўка гэтага ліста гучыць так: «Парайцеся адносна кіраўніцтва і дыпламатычна пагутарце са Свёнткам наконт яго меркавання аб змене прафесіі. Калі з гэтага нічога не выйдзе, то яго трэба зарэгістраваць у адной з функцыянуючых парафій вобласці, і не зацягвайце, даючы тым самым падставу для нездаровых настрояў і апраўданняў». Каментар, як кажуць, залішні.

Але нягледзячы на ўсе пагрозы,1 снежня 1954 года ён пачаў легальную, адпаведную дзяржаўным законам, пастырскую дзейнасць пробашча катэдральнай парафіі ў Пінску . Думаў пра зганьбааны і разбураны касцёл, пра скалечаныя душы людзей , якія трэба было суцяшаць і лячыць, скіроўваць на шлях веры.

У вёсках і паселішчах вернікі збіраліся ў дамах і пры зачыненых аканіцах разам удзельнічалі ў набажэнствах і малітвах. Таксама вечарамі збіраліся на могілках, дзе маліліся, спявалі рэлігійныя песні, але нягучна, каб не было чуваць у сельскім савеце. Часцей за ўсё маліліся на ружанцы, пацеркі якога рабілі з хлеба.

Але не толькi святарская справа лягла на яго плечы: старажытная катэдра патрабавала адбудовы, замены даху.Ад стану касцёльнай гаспадаркі якая дасталася новаму пробашчу мог разгубіцца самы моцны чалавек, але трэба было працаваць і шукаць памочнікаў.

Помніку патрэбна была праца спецыялістаў, ён добра ўсведамляў, што адказвае за захаванне святыні перад мінулымі і будучымі пакаленнямі, перад Богам і людзьмі перад слугою Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім . Але працы ён не баяўся, хоць гэта забрала шмат сiл, многае прыходзiлася рабiць самому, зноў вытрымлiваць цiск i здзекi. Але сантыметр за сантыметрам, крок за крокам святыня была адбудаваная. Рукi яе пробашча ведаюць кожную чарапiчыну… Ён, нібы малады, узбіраўся на рыштаванні касцёла, запальваючы людзей сваёй стваральнай энергіяй. Адбудоўваючы пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі. Вось як пра ксяндза кардынала у сваім вершы напісала Крыстына Лялько:

“…Бог даў вярнуцца Вам на бераг Піны,

Каб Божую святыню ратаваць,

Каб праўды веры людзям адкрываць,

Нягледзячы на пострахі і кпіны.

Вас хараство Палесся захапляла –

Рака і лес і кожнае стварэнне,

У хвіліны адзіноты і сумненняў

Прырода-маці сілы Вам давала.

За ўсмешкаю, за гумарам і жартам

Вы боль у сэрцы часта так хавалі…

Касцёл з руінаў мужна ўздымалі

З апостальскім нязломным гартам.”

Найбольш здзіўляе, што у яго ніколі не апусціліся рукі, не заваладарыла яго сэрцам роспач і безнадзейнасць… А менавіта таму Ён ніколі не пахіснуўся ў веры, “… бо я ўвесь час быў перакананы, што гэта камуністычна-атэістычная сістэма і ўвесь агромністы Савецкі Саюз, гэты калос, стаіць на гліняных нагах і рана ці позна ногі гэтыя пахіснуцца і ўсё разваліцца, распадзецца ў друзкі… Нават у той час, калі сядзеў у камеры смерці, я ведаў, што кожны пражыты дзень набліжае мяне да волі. Я ўжо тады адчуваў, што крах гэтай сістэмы, збудаванай на бязбожніцтве і насіллі, немінучы… А пасля ўжо, калі вярнуўся з лагераў і пачаў працаваць, з кожным годам усё больш пераконваўся, што гэта сістэма асуджана на знікненне, бо з тых маральных і духовых тупікоў, у якія яна заходзіла, не было іншага выйсця. Павінна было здарыцца тое, што ў выніку здарылася… Выйсце заўсёды было, ёсць і будзе ў захаванні праўдаў хрысціянскай веры, у жыцці, згодным з Божымі запаведзямі. А таму, якія ў мяне маглі быць сумненні й роспач, якая безнадзейнасць? Ды й побач быў той, да каго я заўсёды мог пайсці з бядою і радасцю, быў мой даўні дарадца і прыяцель – слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Вы не ўяўляеце, колькі разоў самым цудоўным чынам ён дапамог мне…»

Даўняе прароцтва ксяндза Казіміра Свёнтка спраўдзілася: гліняныя ногі камуністычнага монстра нарэшце пахіснуліся – сістэма сапраўды рухнула. У краіне пачалося адраджэнне. Пачалося адраджэнне і каталіцкага Касцёла.

З вялікім замілаваннем Казімір Свёнтэк захапляўся старэйшым пакаленнем, якія прыяжджалі ў катэдру і сядзелі ў лаўках і на працягу некалькіх гадзінаў спявалі песні са сваіх моцна патрапаных кніжачак ці школьных сшыткаў, у якіх ад рукі былі напісаны рэлігійныя спевы на польскай мове, часта кірыліцай: “Якія ж гэта каштоўныя сведчанні вернасці Богу і Касцёлу. Менавіта гэтыя славутыя бабулі захавалі веру ў Бога ў перыяд пераследу, калі не было касцёлаў і святароў. Менавіта ім трэба дзякаваць, што вера не знікла бясследна з гэтых моцна прыгнечаных тэрыторый, што іх унукі і праўнукі былі навучаныя хаця б малітвам «Ойча наш» і «Вітай, Марыя». А колькі яны выцерпелі, ахвяравалі і перажылі нягодаў, будучы залічанымі да «ізгояў» грамадства. І, нягледзячы на тое, што яны не пралілі крыві за веру, за Касцёл, усё ж іх жыццё мела мучаніцкі характар. Яны сапраўдныя героі, толькі ім ніхто не паставіць помнікаў, іх прозвішчы адыдуць у нябыт. Хвала і пашана вам, дарагія, любыя, залатыя бабулі!”

Менавіта пра іх кардынал сказаў пасля ўзнагароджання прэміяй “Сведка веры”: “Я ахвярую гэткае высокае прызнанне бабулям маёй краіны, якія змаглі захаваць веру ў гады пераследу, перадаючы яе сваім унукам і праўнукам, тым самым не даўшы замерці Касцёлу”.

Рэстаўрацыя алтароў Пінскага касцёла была першай і адзінай тады выкананаю з дазволу улады рэстаўрацыя дзеючай святыні здавалася ўступкаю вернікам пры усеагульным атэістычным пераследзе… здаецца зусім нядаўна было тое , а з цяжкасцю верыцца , што падумаць аб адраджэнні рэлігі ў 1980 нармальнаму савецкаму грамадзяніну нават у галаву не прыходзіла. Навуковая рэстаўрацыя у тыя часы і ў такім аб’ёме здаецца цяпер цудам.Хто мог тады здагадацца, што заклопочаны рамонтам касцёла ксёндз будучы першы кардынал у гісторыі Беларусі.

Працаваў, не шкадуючы сіл і часу, з вялікім захапленнем расказвае рэстаўратар Аркадзь Шпунт , які прыехаўшы ўпершыню ў Пінскую катэдру, убачыў чалавека з тачкай, які так па-майстэрку кіраваў ёй. Ішлі гады і Катэдра адбудоўвалася і ўсё больш і больш прыгажэла як звонку так і ў ўнутры.

Яе прыгажосцю захапляўся не толькі Казімір Свёнтэк, але і наш беларускі пісьменнік У. Караткевіч, упершыню ўбачыўшы францысканскі касцёл Унебаўзяцці Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, напісаў: “Пінскі катэдральны касцёл – адзін з лепшых будынкаў, якія мне даводзілася бачыць на Беларусі. З першага позірку на ягоную абсіду, магутную, як грудзі закутага ў латы волата, – нараджаецца ў сэрцы нешта падобнае на пачуццё велічы: я не зусім малы чалавек, калі я нашчадак дойлідаў і каменшчыкаў, якія маглі збудаваць такое!”

Сапраўды Пінская катэдра – гэта старажытны помнік архітэктуры барока XIVстагоддзя, які вызначаецца багаццем і разнастайнасцю мастацкіх сродкаў. Асабліва хочацца адзначыць, разьбяныя барочныя алтары ў выглядзе складаных архітэктурных кампазіцый з вітымі калонкамі і скульптурнай пластыкай, выкананай, па меркаванню польскага даследчыка К.Кантака, майстрам-разьбяром Янам Шмітам. Асноўны акцэнт зроблены на велічным галоўным алтары, у цэнтры якога размешчана жывапісная карціна «Унебаўзяцце Марыі» (копія з іспанскага мастака Б.-Э. Мурыльё), поўная глыбокага і светлага суму туманная сінь цераз густа-сіні плашч жанчыны пераходзіць у радасны, ружова-залацісты, вечны ўсход. Барочную экспрэсію алтарнай кампазіцыі надаюць магутныя двухметровыя фігуры апосталаў Пятра і Паўла ў бакавых інтэркалумніях.

Выдатным творам манументальнага мастацтва з’яўляецца разьбяная амбона, на гранях якой зроблены рэльефныя выявы чатырох евангелістаў, а навершша ўвенчана дынамічнай барочнай скульптурай Міхала Арханёла з мячом і шалямі ў руках. З 1837 г. у касцёле францішканцаў існуе цудоўны арган (майстар Ф. Градзецкі). У 1909 г. скляпенні і падпружныя аркі былі размаляваныя шматколернымі арнаментальнымі фрэскамі (мастакі С. Рудзінскі, Б. Вішнеўскі).

У стварэнні жывапісных карцін бакавых алтароў на пачатку ХХ ст. прымаў удзел мастак А. Ромер.

Хочацца адзначыць , як пра Казіміра Свёнтка і Пінскую катэдру піша Уладзімір Караткевіч у сваім эссэ “Званы ў прадоннях азёр”:

“Вадзіў нас па будынку, ад зялёнага дворыка з чатырох’яруснай званіцай (“здымі шапку, бо ўсё адно званіца табе яе скіне”) і аж да канструкцый гары і лазаў у сценах добры знаўца муроў і ўвогуле старажытнага Пінска і Піншчыны сіваваты ўжо, харошы чалавек з усмешлівым і разумным абліччам Казімір Свёнтак. Па-сапраўднаму здзіўлялі ягоныя веды, памяркоўнасць і шырокі падыход да з’яў жыцця. А асабліва здзіўляла спалучэнне сапраўднай улюбёнасці ў старажытнасць і дасведчанасці ў ёй з сучаснай любоўю да тэхнікі. Дужа харошы фатограф, матацыкліст, кінематаграфіст-аматар (зараз здымае фільм аб прыродзе Палесся), чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаванне глушцоў.

яў жыцця. А асабліва здзіўляла спалучэнне сапраўднай улюбёнасці ў старажытнасць і дасведчанасці ў ёй з сучаснай любоўю да тэхнікі. Дужа харошы фатограф, матацыкліст, кінематаграфіст-аматар (зараз здымае фільм аб прыродзе Палесся), чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаванне глушцоў.

Пра помнік, пра кожную скульптуру ён мог гаварыць гадзінамі, і ўсё гэта было цікава і з веданнем справы. Расказаў, што раз прыйшло яму ў галаву, што дрэнны ён знаўца і не гаспадар над старыной, калі не ведае, колькі анёлаў у касцёле. Ну і пачаў лічыць. Фігуры на абразах, на роспісах, статуі на галоўным алтары і на алтарах бакавых. Налічыў семдзесят пяць, збіўся і махнуў рукой. Нельга палічыць. Так што тут іх, анёлаў, семдзесят пяць з гакам. А беларускі гак, бывае, і ў сотню не ўлезе. Гэта самыя дакладныя звесткі, а калі каму трэба больш дакладныя – хай лезе і лічыць сам.

Тут, між іншым, акрамя абразоў шмат карцін, часам дужа старых і каштоўных. Напрыклад, “Зняццё з крыжа і аплакванне”. Вернае XVII стагоддзе. Акрамя манеры, цікава яшчэ і тое, што аблічча Хрыста не відаць: твар схілены, на яго ўпалі валасы. Мастак лічыў, што ён няварты гонару, маляваць гэтае аблічча.

Паабапал алтара таксама дзве познія карціны С. Рудзінскага: “Зняццё з крыжа і нараджэнне”. Цікавыя яны каларытам. Сапраўдным палескім каларытам. Калі валхвоў мастак апрануў яшчэ ва ўсходнія строі, то астатнія гледачы – сапраўдныя старазаветныя пінчукі ў вясковай вопратцы. Наміткі, світкі – “латухі”, шэрыя з чырвонымі паясамі, вярэнькі з бяросты ў руках.

З новых карцін ёсць карціна Альфонса Ромера “Маці божая ў промнях”, якой не пасароміўся б кожны першакласны музей.

Ды і абразы ёсць дужа каштоўныя і старыя. На адным – Маці Божай – ёсць вотум 1507 года. Значыць, абраз павінен быў ужо мець славу, а гэта справа доўгая. Значыць, майстар зрабіў яго ў XIV стагоддзі.

Ёсць некалькі дужа добрых работ XVI–XVII стагоддзяў. Напрыклад, два абразы святога Антонія-францыскага. Тут усё дыхае даўнімі вякамі, нават асаблівасці перспектывы. Напрыклад, чым чалавек на абразе далей ад гледача, тым вышэйшага росту робіць яго жывапісец.

Другая рэч мае прысвячэнне ад 1620 года. А ў пачатку XVIII стагоддзя яе ўзялі ў срэбную сукенку, якая – сведчанне таго, што ў чаканшчыкаў і басменных майстроў беларускіх былі залатыя рукі і вытанчаны густ сапраўдных мастакоў.

Да чаго я не люблю варварства! I як яно, на жаль, яшчэ здараецца ў нас… Вось ускрываюць могілкі на Завальнай вуліцы. Труны XIV стагоддзя, доўбленыя з цэльнай калоды і абвітыя бяростай, так званыя корсты, чэрпалі каўшамі экскаватараў і вывозілі на звалку… Вось два п’яныя ўрываюцца ў касцёл і крычаць: “Крышыць усё!” I крышаць. Добра, што абласны цэнтр даў справядлівы і суровы загад: “Судзіць”.

Ксёндз, на жаль, дараваў. I неразумна зрабіў. Я б не дараваў нізавошта. Не таму, што такі ўжо крыважэрны. А таму, што быў бы ўрок на будучае іншым. Таму што разьблёныя алтары XVI–XVIII стагоддзяў не толькі стварэнне рук нашых продкаў, а і проста дзіва рук чалавечых, якое належыць не толькі нам. I не на “ачаг цемрашальства” ўзнялі гэтыя два хуліганы свае кіі, а на годнасць народную, на яго мастацтва, на ягоную гісторыю і павагу да мудрасці продкаў.

Словам, усё гэта – веліч, усё гэта – мастацтва, усё гэта – наша. I таму, што гэта ўвогуле душа продкаў нашых, майстроў. I таму, што гэта веліч нашай гісгорыі.”

Неаднойчы з вялікім захапленнем распавядаў Ксёнд кардынал нарачанцам пра алтары катэдры і іх каштоўнасць, праводзіў экскурсію, распавядаючы пра анёлкаў , пра вялікі скарб архітэктуры, пра сваё захапленне гэтым храмам. Любіў ён моцна сваю катэдру і свой улюбёны Пінск , таму няма чаго здзіўляцца, калі пасля аперацыі ў Любліне яму прапанавалі застацца ў Польшчы. Аднак ён хацеў толькі ў Пінск, бо Пінск — гэта ягонае ўсё!

Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка была цалкам адбудавана пінская катэдра — напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Адбудоўваючы пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі.

Падчас візіту прымаса Польшы у 1989 годзе Казімір Свёнтэк, ўручыў кардыналу Юзафу Глемпу напісаны ад рукі малітоўнік з просьбай перадаць яго папу Яну Паўлу II як сведчанне веры людзей падчас ганенняў.

Гісторыя Пінскай дыяцэзіі — гэта гісторыя Хрыста, Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага. Падчас ганенняў на Касцёл здавался, што дыяцэзія застанецца толькі на старонках гісторыі. Але Бог яшчэ раз паказаў, што Ён Пан гісторыі і што менавіта Ён піша проста на яе звілістых лініях і ставіць апошнюю кропку над «і». Пінская дыяцэзія рашэннем благаслаўлёнага папы Яна Паўла II у 1991 г. была адроджана і рэфармавана ў межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Стараннямі кардынала Казіміра Свёнтка, яго дапаможнага біскупа Казіміра Велікасельца, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў яна выйшла на новы этап свайго развіцця.

Разумеючы патрэбу у адраджэнні храмаў Казімір Свёнтэк не здавольваецца толькі сваёй парафіяй і адбудовай сваёй катэдры. Ён прагне аднавіць і галоўную катэдру нашай сталіцы, знявечаную святыню , якая памятала біскупа Лазінскага , трэба было вярнуць вернікам у першапачатковым выглядзе. Новыя задачы, новыя ідэі, умовы маштаб але ж тыя невычэрпныя энергія і сіла духу.

Аўтар: Адміністратар