Тры крыжы на ўзгорку на фоне вечаровага неба… Гэта не міраж, не фантазія чуйнага чалавечага ўяўлення. Гэта сапраўды Галгофа. Мядзельская Кальварыя, якой, нягледзячы на віхуры мінулых часоў, наканавана жыць.

Да пачатку ХХ ст. горад, які ў гістарычных дакументах згадваецца таксама як Мядзела, Мядзнол, Мядзюль, падзяляўся на дзве часткі — Стары Мядзел і Новы, альбо Каронны, Мядзел. Асобныя парафіі — у кожнай з частак — існавалі да Другой сусветнай вайны.

У Старым Мядзелі каталіцкая парафія вядомая з 1738 г., магчыма, на яе аснове і быў закладзены тут кляштар кармэлітаў босых. Выдатная ратонда ў стылі позняга барока — касцёл пад тытулам Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў босых пры ім узнёсся над сілуэтам Мядзелапа фундацыі тагачаснага ўладальніка мястэчка Антонія Кошыца. Законнікі прывезлі з Рыма рэліквіі Св. Юстына, і 15 жніўня 1754 г. біскуп  Гарайна кансэкраваў святыню ў гонар Панны Марыі Кармэліцкай, як пазначана ў каталозе касцёлаў Віленскай Архідыяцэзіі за 1936 г. А. Кошыц ахвяраваў манахам в. Гарадзішча. Кляштар кармелітаў босых, дзе знаходзіліся рэліквіі Св. Юстына, стаў месцам паломніцтва. Касцёл з’яўляўся фамільнай пахавальняй Кошыцаў. Кляштар скасаваны ў 1840 г. Касцёл у 1866 г. пераасвячоны ў праваслаўную царкву.        У 1920 г. вернуты католікам. У 1945 г. закрыты. У 1989 г. зноў аддадзены вернікам. З таго часу ў парафіі працуюць айцы-кармэліты.

Мядзельская парафія вядома яшчэ і тым, што там знаходзіцца ўнікальная Кальварыя, бо такога тыпу пабудоў на тэрыторыі Беларусі няма.

Лёс Мядзельскай Кальварыі – гэта лёс нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны, якая перажыла і часы ўздыму, і часы заняпаду. Калі ў 1772 Мядзельская Кальварыя была асвечана  бiскупам Фелiксам Тавянскiм, суфраганам беларускiм, яна налічвала 21 капліцу і 8 брам і была пабудавана на ўзор Крыжовай Дарогі ў Іерусаліме. Капліцы былі пабудаваны часткова з дрэва, часткова з камянёў і былі ўпрыгожаны маляванымі абразамі і драўлянымі фігурамі святых.

У 1866 годзе  мядзельская парафія была перададзена праваслаўнаму  духавенству. Кальварыя на  нейкі час была занядбаная.

У 1927-29 г. Мядзельская Кальварыя пачала адбудоўвацца. Ініцыятарам гэтай справы быў айцец Браніслаў Ярасінскі.  З дапамогай мясцовых жыхароў а.Браніслаў вызначыў месца для капліц, гледзячы на план Кальварыі Зэбжыдоўскай. У адпаведных месцах былі пастаўлены крыжы. Прыпынкі Крыжовай Дарогі асвяціў кс.-бп. Уладзіслаў Бандурскі  27 мая 1928 г. У 1933-1938 г. стараннем а.Ігнацыя Быліцы было пабудавана 15 капліц з цэглы і каменя. У летні час на Кальварыю ішлі  пілігрымы, якія не толькі абыходзілі Крыжовую Дарогу, але і карысталіся духоўнай паслугай айцоў-кармелітаў, якія апекаваліся Мядзельскай Кальварыяй. Трагічны лёс атэістычных часоў не абмінуў  і гэта святое месца, і  2 лістапада 1942 года Мядзельская Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, практычна была разабрана і знішчана. Для мядзельскай Крыжовай Дарогі пачаўся час заняпаду. Але гэта было руйнаванне камня і цэглы, а не заняпад духу Кальварыі. Старэйшыя вернікі расказвалі сваім дзецям і ўнукам пра былую славу і веліч Мядзельскай Кальварыі, употайкі абыходзілі яе і маліліся Богу, каб дачакацца тых часоў, калі можна будзе адкрыта прайсціся мядзельскімі ўзгоркамі Дарогі нашага Збаўцы.

І  гэтыя часы насталі. У 90-ыя гады, як толькі кармэліты вярнуліся ў Мядзел, яны ўзяліся за адбудову Кальварыі. Не верыцца, што ўжо і гэта стала гісторыяй, калі пры шматлікім удзеле мядзельскіх вернікаў і пілігрымаў  былі асвечаны крыжы на Галгофе, даўшы новае жыццё Мядзельскай Кальварыі.

Вось ужо больш за дваццаць год гэтыя тры крыжы ўзвышаюцца па-над Мядзелам,  над азёрамі, ахінаючы сваімі крыламі нашу Бацькаўшчыну.

Руплівыя мядзяльчане сваімі стараннямі паставілі 18 драўляных крыжоў на месцы былых капліц, дзе калісьці праходзіла Крыжовая Дарога.

Двойчы ў год: на ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай (у ліпені) і на свята Узвышэння Крыжа (у верасні), – у мядзельскай парафіі адбываецца Крыжовы шлях на Кальварыі, на які збіраюцца не толькі парафіяне, але і шматлікія пілігрымы.

І вось нарэшце айцы-кармэліты разам з мядзяльчанамі  дачакаліся радаснай падзеі: дзяржавай зацверджаны план рэстаўрацыі Мядзельскай Кальварыі. Але для таго, каб аднавіць капліцы Кальварыі, патрэбны вялікія сродкі. Прыблізны кошт адной капліцы каля двух тысяч долараў. Адной парафіі справіцца з аднаўленем Кальварыі проста  не пад сілу.

Пагэтаму айцы-кармэліты звяртаюцца з просьбай да вернікаў нарачанскай парафіі, да ўсіх людзей, якім не абыякавы лёс Мядзельскай Кальварыі, аказаць дапамогу ў зборы сродкаў на адбудову гэтага святога для нашай Мядзельшчыны месца. Добра было б, каб нарачанцы сабралі сродкі на пабудову адной каплічкі, бо гэта цудоўная магчымасць падзякаваць Пану Богу за ўсе атрыманыя ласкі і пакінуць пра сябе добрую памяць. Можа, знойдуцца людзі, сем’і, якія свае сродкі захочуць ахвяраваць на пабудову паасобных капліц, – гэта будзе цудоўнай магчымасцю праславіць Бога і аддзячыць Яму за ўсе дабрадзействы.

У нашай парафіі сродкі на пабудову капліцы будуць збірацца, пачынаючы ад наступнай нядзелі. Па пытаннях збору сродкаў у нашай парафіі звяртацца да Вольгі Баўтрамовіч  +375297031962.

Адкрыты рахунак, на які можна пералічыць грошы:

Р/c 3015211510018

 филиал ОАО

 “Белагропомбанка”

  в г. Молодечно

 РКЦ N10           Кантактныя тэлефоны мядзельскіх святароў:

+375 29 365 01 04     а. Павел    +375 44 763 72 40     а. Юрый

Аўтар: Адміністратар