Культ святых ў нарачанскай парафіі

Як пісаў ксёндз Ян Твардоўскі, “ёсць святыя далёкія і блізкія, сардэчныя і менш сардэчныя, любімыя і вельмі любімыя.

І хоць усе яны пайшлі да неба, але не да ўсіх аднолькава мы выцягваем рукі, не ўсе аднолькава могуць нас узрушыць. Некаторыя абразікі святых прагна трымаем пры сабе і не хочам выпускаць іх з рук, а іншыя, у залатых рамках, адкладаем убок”.

Калі гаварыць пра культ святых у нарачанскай парафіі, то трэба адзначыць, што здаўна тут найбольшую пашану аддавалі Божай Маці. У нарачанскім касцёле мы сустракаемся з даволі рэдкім выпадкам: касцёл названы ў гонар Святога Апостала Андрэя, але ў галоўным алтары змешчаны абраз Маці Божай, а абраз апекуна парафіі знаходзіцца ў бакавым алтары. На жаль, парафіяльны архіў у савецкія часы быў страчаны, і па тых нешматлікіх звестках, якія па крупінках удалося сабраць, вядома, што гэты абраз, як і абазы Святога Роха і Святога Андрэя, быў яшчэ ў старым касцёле.

Мяркуюць, што абраз Нарачанскай Божай Маці мог быць напісаны каля пяцісот год назад. Па тых вотах, якія змешчаны на абразе Маці Божай, можна сцвярджаць, што вернікі парафіі атрымлівалі ля трону Божай Маці многа ласкаў. Нездарма нарачанцы апранулі Марыю ў срэбныя шаты і павесілі абраз у галоўным алтары, бо ў такі спосаб таксама можна было выказаць сваю любоў і павагу Маці нашага Збаўцы.

Да нашых часоў нарачанскія парафіяне ў кастрычніку кожны дзень ушаноўваюць Марыю праз Ружанцовыя набажэнствы, у маі – праз Маёвыя, існуе ў парафіі малітоўны рух “Жывы Ружанец”. На працягу апошніх год традыцыйным для парафіі стала штомесячнае Марыйнае набажэнства, падчас якога ўшаноўваецца Божая Маці ў Нарачанскім абразе і чытаюцца просьбы і падзякі вернікаў да Маці Збаўцы. Калі спрыяе надвор’е, вернікі працэсіяй ідуць да грота Божай Маці, які быў пабудаваны ў 2004 годзе да стагоддзя кансэкрацыі касцёла як падзяка Марыі за апеку над парафіяй.

Не менш шанаваным у нарачанскай парафіі з’яўляецца Святы Рох. Яго літургічны ўспамін адзначаецца 16 жніўня, і на фэст гэтага Святога збіраецца найбольшая колькасць вернікаў. І гэта невыпдкова, бо вядома, што ў часы хвароб і эпідэмій культ Святога Роха быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Нашы продкі не з’яўляліся выключэннем і не толькі змясцілі выяву Святога Роха ў бакавым алтары, але і акружылі яго вялікай любоўю і пашанай. Хочацца адзначыць, што з даўніх часоў перад урачыстасцю Святога Роха ў парафіі ладзілася Cаракагадзіннае набажэнста. Старэйшэя вернікі парафіі ўспамінаюць, што адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта адбывалася з сямі гадзін раніцы да сямі гадзін вечара на працягу трох дзён. Для ўсіх вернікаў парафіі ўдзел у набажэнстве быў гонарам і абавязкам. Нягледзячы на тое, што жнівень вельмі напружаны для сялян час, усе гаспадарчыя работы на час Саракагадзіннага набажэнства спыняліся, і вернікі несупынна чувалі пры Найсвяцейшым Сакраманце, выпрошваючы для парафіі і себе патрэбныя ласкі.

У савецкія часы, калі ў парафіі не было свайго святара, традыцыя праводзіць Саракагадзіннае набажэнства перад урачыстасцю Святога Роха прыпынілася. І толькі ў 2004 годзе на пярэдадні святкавання 100-гадовага юбілею кансэкрацыі касцёла было праведзена першае ў новай гісторыі парафіі Саракагадзіннае набажэнства: старэйшыя вернікі, моладзь, дзеці… Два кленчнікі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і чарга з тых людзей, якія хацелі схіліць калені перад Езусам у Гостыі, каб дзякаваць за цуд адраджэння рэлігійнага жыцця ў роднай краіне. Трэба было вяртацца да вытокаў, да каранёў, да традыцый продкаў, і нарачанцы рупліва ўзяліся за справу.

Зараз Саракагадзіннае набажэнства перад фэстам Роха ўжо зноў стала традыцыяй. Усе самыя важныя падзеі ў парафіі: Сакрамэнт Канфірмацыі, розныя юбілеі, перэгрынацыі – стараюцца прымеркаваць да ўрачыстасці Святога Роха. Але галоўнае, напэўна, не гэта. І па сённяшні дзень грошы на ахвяру ў будны дзень вернік нарачанскай парафіі пакладзе ў скарбонку толькі ля алтара Святога Роха, а пасля споведзі будзе ісці праз увесь касцёл, каб “адмовіць пакуту” таксама там. Яскравы прыклад “блізкага Святога”.

“Святы Антоні, Святы Антоні, няхай перад Богам твая просьба бароніць”, – гэту кароценькую малітву часта паўтараюць старэйшыя вернікі нашай парафіі, бо гэты Святы з Падуі без перабольшання з’яўляецца ўлюбёнцам нашых парафіянаў. Дарэчы, алтар і абраз Святога Антонія адносна новы ў нарачанскім касцёле, бо ён з’явіўся ў храме “за польскім часам”. А сродкі на ўстаноўку гэтага алтара ахвяравала адна бяздзетная сям’я з вёскі Свіраны. Алтар новы, але культ Святога старажытны не толькі ў нашай парафіі, але і ва ўсёй Беларусі. Урачыста ўшаноўваюць Святога Антонія 13 чэрвеня. На фэст заўсёды збіраецца шмат парафіянаў і гасцей. І называюць гэтага Святога ў нашай парафіі вельмі ласкава і пяшчотна ”наш Антошка”. “А ты ў Антошкі прасіла? – заўсёды можна пачуць параду, калі хтосьці скардзіцца, што згубіў якую-небудзь рэч. І дапамагае! Дапамагае знаходзіць не толькі згубленыя рэчы, але і страчаную веру.

Калі гаварыць пра культ Святога Апостала Андрэя ў нашай парафіі, то хочацца адзначыць, што гэты Святы, з’яўляючыся апекуном парафіі, утульна змясціўшыся ў бакавым алтары, на працягу больш чым ста год нябачна чувае над нарачанцамі, як сапраўдны джэнтэльмен саступіўшы месца Божай Маці. Нават урачысты ўспамін патрона парафіі адзначаецца 30 лістапада, калі на вуліцы зімна, няўтульна. Фэст гэты ў Нарачы бывае не такі шумны і шматлюдны, і шмат вернікаў парафіі, на жаль, да канца не разумеюць, што гэта самае важнае парафіяльнае свята.

Жывучы пад крылом апекі “нарачанскіх Святых”, можна адчуваць сябе бяспечна і ўтульна: заўсёды быць ахінутым плашчом Марыі, не баяцца заразных хвароб, быць упэўненым, што знойдуцца згубленыя рэчы і Слова Божае будзе прапаведана аж да канца зямлі.

Вось і ў гэтым годзе 15 жніўня вернікі парафіі чарговы раз збяруцца на Саракагадзіннае набажэнства, каб з падзякай укленчыць перад Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце і чуваць пры Ім на працягу сарака гадзін, праслаўляючы бязмежную Божую міласэрнасць і выпрошваючы ўсе патрэбныя ласкі для сябе і парафіі.

Прапануем Вашай увазе распарадак Саракагадзіннага набажэнства ў нарачанскай парафіі:

Саракагадзіннае набажэнства

15.08.2013, чацвер

9.00 – Св. Імша, набажэнства, адарацыя Найсвяцейшага  Сакрамэнту:

10.00 – 11.00 – вул. Першамайская

11.00 – Св. Імша, набажэнства, адарацыя Найсвяцейшага  Сакрамэнту:

12.30 – 13.30 – вул. Нарачанская

13.30 – 14.30 – вул. Завадская

14.30 – 15.30 – вул. Новая, Чыгуначная

15.30 – 16.30 – вул. Лясная

16.30 – 17.30 – вул. Школьная, Савецкая

17.30 – 18.30 – дзеці, моладзь, міністранты

18.30 – Св. Імша

16.08.2013, пятніца

8.30 – Св. Імша, набажэнства, адарацыя Найсвяцейшага   Сакрамэнту:

9.30 – 10.30 – в. Малая Сырмеж, Свіраны, Антонінсберг

10.30 – 11.30 – к.п. Нарач: вул. Нарачанская

11.30 – 12.30 – к.п. Нарач: вул. Ленінская 1, 3, 5, 13

12.30 – 13.30 – к.п. Нарач: вул. Ленінская 17, 25, 27

13.30 – 14.30 – к.п. Нарач: вул. Кастрычніцкая 1, 2, 3, 4

14.30 – 15.30 – к.п. Нарач: вул. Кастрычніцкая 5, 6, 13,

15.30 – 16.30 – к.п. Нарач: вул. Кастрычніцкая 14, 15, 16

16.30 – 17.30 – к.п. Нарач: вул. Кастрычніцкая 19, 21, 23

17.30 – 18.30 – дзеці, моладзь, міністранты

18.30 – Св. Імша.

17.08.2013, субота

8.30 – Св. Імша, набажэнства, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту:

9.30 – 10.30 – в. Швакшты, Гуменнікі, Краскі, Цюкшы, Церлюкі

11.00 – 12.00 – в. Нарач: вул. Будаўнікоў, Падлесная, Прыазёрная

12.00 – 13.00 – в. Нарач: вул. Пастаўская

13.00 – 14.00 – в. Нарач: Татарскі пасёлак

14.00 – 15.00 – в. Нарач: вул. Маркава, Зарэчная

15.00 – 16.00 –  шлюб

16.00 – 17.00 –  шлюб

17.00 – 18.00 – в. Нарач –  усе астатнія вуліцы

17.00 – 18.30 – дзеці, моладзь, міністранты

18.30 – Св. Імша

Аўтар: Адміністратар