Прапануем увазе наведвальнікаў нашага сайта тэксты разважанняў на час перэгрынацыі копіі абраза Маці Божай Будслаўскай у нарачанскай парафіі.

15.00-16.00

Вяночак да Божай міласэрнасці. Пісьмо Езуса вернікам нарачанскай парафіі.

Праводзіць моладзь парафіі

Пісьмо Езуса да вернікаў нарачанскай парафііі

«Я хачу, каб было ўстаноўлена свята Міласэрнасці. Я хачу, каб абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля Вялікадня. Гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці. Я хачу, каб святары прапаведвалі пра Маю вялікую міласэрнасць да грэшных душаў. Няхай грэшнік не баіцца прыблізіцца да Мяне. Мяне паліць агонь міласэрнасці. Я хачу выліць яго на душы людзей».

«Абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю ёй таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, а асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду абараняць яе як сваю хвалу».

«Я моцна жадаю, каб свята Міласэрнасці было выратаваннем і прытулкам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адчынены ўсе глыбіні Маёй Міласэрнасці, я праліваю цэлае мора ласкаў на душы, якія набліжаюцца да крыніцы Міласэрнасці Маёй…».

« Я горача жадаю, каб увесь свет спазнаў Міласэрнасць Маю; невымерныя ласкі Я жадаю ўдзяляць душам, якія давяраюць сябе Маёй Міласэрнасці».

«Сваёю міласэрнасцю Я пераследую грэшнікаў на ўсіх шляхах іх, і радуецца Маё Сэрца, калі яны вяртаюцца да Мяне. Я забываю пра горыч, якою яны паілі Маё Сэрца, і радуюся іх вяртанню.»

«А трэцяй гадзіне малі аб Маёй Міласэрнасці, асабліва для грэшнікаў, і хаця б на кароткі час паглыбляйся ў Маю муку, асабліва — у Маю самоту ў хвіліну смерці. Гэта гадзіна вялікай Міласэрнасці для ўсяго свету, у гэтую гадзіну Я не адмоўлю нічога той душы, якая Мяне просіць праз Муку Маю».

«Праз гэты Вяночак ты выпрасіш усё, калі тое, аб чым просіш, будзе згодна з Маёю воляю».

«Дачка Мая, заахвочвай душы маліцца гэты Вяночак, бо спадабалася Мне даць усё, аб чым прасіць Мяне будуць.»

«Калі ты скрушаным сэрцам і вераю памолішся гэтую малітву ( Вяночак ) за якога-небудзь грэшніка, Я дам яму ласку навяртання».

«Святары будуць даваць (Вяночак) грэшнікам як апошнюю надзею; нават калі будзе найбольш закаранелы грэшнік і ён хоць раз памоліцца гэты Вяночак, то атрымае ласку з бязмежнай Міласэрнасці Маёй.

« Мне асабліва падабаецца душа, якая даверылася Маёй дабрыні. Напішы, што калі гэты Вяночак будуць маліцца пры паміраючых, Я стану паміж Айцом і паміраючай душою не як справядлівы Суддзя, але як міласэрны Збаўца».

«Напішы, што ў адносінах да грэшнікаў Я больш шчодры, чым ў адносінах да справядлівых.»

“Дзеля грэшнікаў я праліў Кроў, няхай жа яны не баяцца наблізіцца да Мяне, бо ім найбольш патрэбна Мая Міласэрнасць”.

« Напішы, што Я прамаўляю да іх праз дакоры сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз буры і перуны, прамаўляю праз голас Касцёла, але калі яны Мае ласкі робяць дарэмнымі, пачынаю гневацца на іх, пакідаю іх на волю лёсу, даю ім тое, чаго прагнуць».

«Чалавецтва не знойдзе супакою, пакуль з даверам не звернецца да Маёй Міласэрнасці». ( Вытрымкі з “Дзённіка” Святой сястры Фаустыны )

16.00-17.00

Чуванне перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Набажэнства ўшанавання “Марыя – Маці веры”.

Праводзяць вернікі з к.п. Нарач

вул. Кастрычніцкая д. 25; д. 27; д.16; д. 4A; д.5; д.6; вул. Ленінская д. 1; д. 3; д. 5

НАБАЖЭНСТВА ЎШАНАВАННЯ

«МАРЫЯ — МАЦІ ВЕРЫ»

Будзь праслаўлёна, Марыя, Дачка Бога Айца!

Будзь праслаўлёна, Марыя, Абранніца Духа Святога!

Будзь праслаўлёна, Марыя, Маці Божага Сына!

Езус Хрыстус прыйшоў у свет праз Марыю і праз Яе хоча панаваць у свеце. Яго Маці — найцудоўнейшае стварэнне Бога, хоць сціплае і ціхае. Пакора Марыі была настолькі глыбокая, што нішто не мела для Яе большай прывабнасці, чым весці жыццё, укрытае перад самой сабою і перад усім стварэннем, і быць слаўнай толькі перад Богам. Бог выслухаў просьбы пра ўкрытае і ўбогае жыццё, якое Марыя ўзносіла да Яго, і ў сваёй дабрыні засланіў перад чалавечым позіркам Яе Беззаганнае Зачацце і нараджэнне,

таямніцу Яе жыцця і ўнебаўзяцце.

Бог Айцец згадзіўся на тое, каб за сваё жыццё Яна не ўчыніла ніводнага цуду, які атрымаў бы розгалас, хоць надзяліў Яе для гэтага адпаведнаю ўладаю.

Бог Сын згадзіўся на тое, каб Яна амаль зусім не выказвалася, хоць узбагаціў Яе сваёю мудрасцю.

Бог Дух Святы — нягледзячы на тое, што Марыя была Яго вернаю Абранніцаю, — учыніў так, каб Апосталы і Евангелісты гаварылі пра Яе вельмі мала, толькі тое, што было неабходна, каб свет пазнаў Езуса Хрыста.

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, праслаўляем Цябе і благаслаўляем Цябе. У цемру нашага жыцця Ты прынесла Святло. З Цябе нарадзілася сонца справядлівасці — Твой Сын, Збаўца, Хрыстус.

Будзь праслаўлёна, Панна Марыя, Маці нашага Пана.

Бог прагне, каб мы таксама былі святлом. Ён жадае, каб мы, пазнаўшы Твайго Сына, маглі паказваць правільны кірунак тым, хто жыве ў цемры граху. Ні ў адным чалавеку святло Твайго Сына не заяснела такім цудоўным ззяннем, як у Табе, святая Панна.

Будзь праслаўлёна, Панна Марыя, Маці нашага Пана.

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, з першых гадзінаў зямнога жыцця Твайго Сына Ты ішла разам з Ім ажно да выканання волі Айца на Галгоце.

Будзь праслаўлёна, Панна Марыя, Маці нашага Пана.

Хвала Айцу…

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, ты прынесла Езуса, свайго Сына, у святыню, каб ахвяраваць Яго Найвышэйшаму Богу, і разам са сваім Сынам склала ахвяру.

Якая ж Ты прыгожая, о Марыя, поўная ласкі!

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, у святыні з вуснаў Саламона ты пачула, што Тваю душу пройдзе меч балесці. Ты вучыш нас, што ўсе цярпенні можна вытрываць, калі са шчырым сэрцам сказаць Богу «так».

Якая ж Ты прыгожая, о Марыя, поўная ласкі!

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, калі Твой Сын быў асуджаны на смерць, Ты знаходзілася побач; калі Ён упаў пад цяжарам крыжа, Тваё Сэрца балела; калі Ён паміраў на дрэве крыжа, Тваю душу пранізаў меч болю.

Якая ж Ты прыгожая, о Марыя, поўная ласкі!

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, пад крыжам Ты разам з Хрыстом прынесла ахвяру. Просім Цябе, дапамажы нам годна трываць свой боль.

Якая ж Ты прыгожая, о Марыя, поўная ласкі!

Святая Панна і Маці Бога, Марыя, учыні нас падобнымі да Цябе, каб мы калісьці маглі праслаўляць Цябе разам з анёламі ў небе.

Якая ж Ты прыгожая, о Марыя, поўная ласкі!

Хвала Айцу…

Святая Панна, з падзякаю праслаўляем Цябе як Маці нашага Пана, Маці Таго, каго не агорнуць нябёсы, Маці Езуса, якога Ты насіла ў сваім благаслаўлёным улонні.

Дзякуем Табе, о Марыя, поўная ласкі.

Пакорная слуга Пана, дзякуем Табе за Тваю веру і падпарадкаванне Божай волі.

Дзякуем Табе, о Марыя, поўная ласкі.

У імя ўсяго чалавецтва Ты адказала Богу «так» дзеля нашага збаўлення, якое Бог задумаў для нас і пажадаў падараваць нам.

Дзякуем Табе, о Марыя, поўная ласкі.

Святая Панна, Марыя з Назарэту, Ты стала новаю Еваю, Маці Збаўцы, Маці ўсіх жывых.

Дзякуем Табе, о Марыя, поўная ласкі.

Маці нашага даверу, Ты найлепш ведаеш, за якое мноства справаў мы павінны дзякаваць Божай міласэрнасці, праз якую прыйшло да нас збаўленне.

Дзякуем Табе, о Марыя, поўная ласкі.

Найсвяцейшая Панна Марыя, Ты вучыш нас, што найбольшыя справы здзяйсняюцца ў пакорным слуханні голаса Бога. Дзякуючы Табе мы можам адараваць Твайго Сына ў Эўхарыстыі.

Дзякуем Табе, о Марыя, поўная ласкі.

Хвала Айцу…

Марыя, найлепшая Маці, Ты заўсёды выслухоўваеш сваіх дзяцей, ратуеш нас у кожнай патрэбе, таму мы молімся да Цябе:

Маці ўсіх, хто верыць у Хрыста, — маліся за нас.

Маці ўсіх, хто будуе сваё жыццё на вучэнні Хрыста,

Маці ўсіх, хто захоўвае Яго слова,

Маці ўсіх, хто страціў Хрыста,

Маці ўсіх, хто Яго шукае,

Маці ўсіх, хто ўжо не разумее Яго,

Маці ўсіх, хто, нягледзячы на гэта, ідзе за Ім,

Маці ўсіх, хто звяртаецца да Яго,

Маці ўсіх, хто выконвае тое, што Ён сказаў,

Маці ўсіх, хто служыць неспасцігальнаму Богу,

Маці ўсіх, хто трывае пад крыжам,

Маці ўсіх, хто прымае волю Айца,

Маці ўсіх, хто спадзяецца насуперак усялякай чалавечай надзеі,

Маці ўсіх, хто памірае з Хрыстом,

Маці ўсіх, хто з Ім уваскрасае,

Святая Марыя, Маці Божая, — маліся за нас.

Тваёй абароне…

Божа Ойча, які ёсць у небе, праслаўляем Цябе за ўсё, што Ты стварыў. Праслаўляем Цябе асабліва за Марыю, якую Ты абраў за Маці Твайго Сына. Яна — наша Заступніца перад Тваім тронам. Разам з Марыяй мы з вялікім даверам прыходзім да Цябе.

Божа Сыне, Адкупіцель свету, дзякуем Табе за тое, што Ты ўчыніў Марыю сваёй Маці. Яна дала Табе жыццё. Яна з вераю слухала Божае слова, захоўвала яго і дзякуючы гэтаму стала для нас Маці і прыкладам.

Божа Духу Святы, Ты ахінуў Марыю моцаю Найвышэйшага, і Яна нарадзіла свету Божага Сына. Гэтак і нас Ты напаўняеш сваёю моцаю, каб мы паказвалі Хрыста ў нашым свеце.

Ушаноўваючы Марыю, праслаўляем Цябе, Божа ў Тройцы Найсвяцейшай Адзіны, і спяваем…

17.00-18-00

Чуванне перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Пакутнае набажэнства “Маці – пасрэдніца ў веры”.Праводзяць вернікі з к.п. Нарач

вул. Кастрычніцкая д.1; д.2; д.3; д.4; д.13; д.14; д 15; д.19 ; д.21; д.27

ПАКУТНАЕ НАБАЖЭНСТВА

«МАЦІ — ПАСРЭДНІЦА Ў ВЕРЫ»

Мы сабраліся сёння ў гэтай святыні, каб праз пакутнае набажэнства падрыхтавацца да сустрэчы абраза Маці Божай Будслаўскай у нашай парафіі. Гэтае набажэнства — нагода задумацца над сабою, штуршок да ўнутранага аднаўлення, да таго, каб зірнуць на ўласнае жыццё і пачаць жыць па-новаму — у Божай ласцы. Падчас сённяшняй пакутнай літургіі мы жадаем усвядоміць, што мы грэшныя, і паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння. Просім Марыю, нашую Пасрэдніцу ў Бога, каб Яна выпрасіла для нас святло Духа Святога на час гэтага малітоўнага часу навяртання.

Вітай, Марыя…

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Сказаў Бог усе гэтыя словы:

Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.

Не май іншых багоў, апроч Мяне.

Не рабі сабе ніякай выявы ідала і падабенства таго, што ўверсе на небе, што ўнізе на зямлі і што ў водах пад зямлёю.

Не пакланяйся ім і не ўшаноўвай іх. Бо Я Пан Бог твой, Бог зайздросны, які карае дзяцей за беззаконне бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто ненавідзіць Мяне. Але Я выяўляю міласэрнасць да тысяч пакаленняў тых, хто любіць Мяне і захоўвае запаведзі Мае.

Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.

Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго.

Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.

Не забівай.

Не чужалож.

Не крадзі.

Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.

Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага – нічога, што належыць яму.

Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў:Жанчына, вось сын твой. Потым сказаў вучню: Вось, Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Разважанне

Мы паслухалі Божае слова. У яго святле жадаем ацаніць сваё жыццё з моманту апошняй сапраўднай споведзі. Божае слова не толькі асуджае, але і абяцае збаўленне. Марыя, стоячы пад крыжам, па волі Хрыста стала нашаю Маці. У хвіліну наймацнейшага цярпення — гледзячы на смерць свайго Сына — Яна прыняла місію мацярынства ў адносінах да ўсіх людзей. Каму з нас не патрэбна маці? Хіба маці можа забыцца пра сваё дзіця? Марыя будзе суправаджаць нас на шляху нашага духоўнага цярпення і вяртання да Бога. Яна дапаможа нам з любоўю вярнуцца да Айца і даверыцца Яго міласэрнасці. Разам з Ёю, найцудоўнейшаю Маці, мы ў хвіліны цішыні зробім рахунак сумлення на аснове Дзесяці Божых запаведзяў.

1. Не май іншых багоў, апроч Мяне.

— Ці быў я шчаслівы як хрысціянін і ці верыў, што Бог любіць мяне?

— Ці знаходзіў я час на малітву?

— Ці была для мяне малітва размоваю з Богам?

— Што было крытэрыем маіх учынкаў: вера ў Бога ці ў варажбітак, у талісманы і забабоны?

— Ці з’яўлялася выкананне Божай волі прагненнем майго жыцця?

2.Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна.

— Ці праслаўляў я Імя Бога?

— Ці не вымаўляў яго без патрэбы?

— Ці не кляўся хлусліва, без патрэбы?

3. Памятай дзень святы святкаваць.

— Ці ўдзельнічаў я ў святой Імшы ў нядзелі і прадпісаныя святы?

— Ці была для мяне святая Імша часам асабістай сустрэчы з Езусам?

— Ці была для мяне нядзеля днём адпачынку?

4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.

— Як выглядаюць мае любоў і пашана да самых блізкіх людзей?

— Ці знаходзіў я час на ўстанаўленне добрых адносінаў у сваёй сям’і?

— Ці клапаціўся ў канфліктных сітуацыях пра прымірэнне і ўзаемаразуменне?

— Ці быў я добрым бацькам (маці), які (якая) клапоціцца пра выхаванне дзяцей і дае

ім добры прыклад жыцця?

— Ці любіў(-ла) я жонку (мужа), маці, бацьку, дзяцей, братоў, сясцёр і ці праяўляў(-ла) у адносінах да іх сваю любоў?

5. Не забівай.

— Ці не падвяргаў я небяспецы сваё жыццё і жыццё іншых з-за сваёй легкадумнасці,

ці не ўчыніў камусьці фізічнага або душэўнага болю?

— Ці не забіў або ці не спрычыніўся да забойства зачатага жыцця?

— Ці не знішчаў сваё здароўе, злоўжываючы алкаголем, палячы, прымаючы

наркотыкі?

— Ці захоўваў правілы дарожнага руху?

— Ці не рабіў замаху на сваё жыццё?

— Ці люблю я сваё жыццё як бясцэнны дар Бога і ці стараюся развівацца?

6 і 9. Не чужалож. Не пажадай жонкі бліжняга твайго.

— Ці захоўваў(-ла) я вернасць сваёй(-йму) жонцы (мужу)?

— Ці не ўчыняў грахі супраць чыстасці — адзін або з іншым чалавекам?

— Ці не грашыў супраць чыстасці ў думках, жаданнях або позіркам?

— Ці не глядзеў парнаграфічныя фільмы або часопісы?

7 і 10. Не крадзі. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.

— Ці не ўкраў я чаго-небудзь?

— Ці аддаваў пазычаныя рэчы?

— Ці не быў лянівы, нядбайны ў працы?

— Ці не быў хцівы?

— Ці не зайздросціў?

8. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.

— Ці не хлусіў я?

— Ці не казаў дрэнна пра іншых, ці не абгаворваў іх?

— Ці не ўсчыняў сваркі?

— Ці не стаў прычынаю разладу паміж людзьмі?

— Ці праяўляў я пашану ў адносінах да тых, хто мне падпарадкаваны?

— Ці не выкарыстоўваў людзей для дасягнення ўласных мэтаў?

У хвіліны цішыні станем у праўдзе перад Богам і адкажам самі сабе на пастаўленыя пытанні рахунку сумлення.

Езус пазірае на нас з любоўю. Ён чакае нас у сакрамэнце споведзі, каб прабачыць нам грахі. Дае шанец пачаць усё нанава, выправіцца, перамяніцца. Давайце не будзем баяцца наблізіцца да Яго і з пакораю, шчыра вызнаць перад Ім грахі. Бог прагне нашага шчасця. Давайце паяднаемся з Ім, каб мы маглі жыць у промнях Яго любові. На гэты час духоўнага паяднання даверым сябе Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, і папросім патрэбных сілаў і Божага благаслаўлення.

Тваёй абароне…

18.00-19.00

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта з Маці Міласэрнасці. Праводзяць вернікі з к.п. Нарач

вул. Нарачанская д. 1;д.2; д.3; д. 5; д. 6; д.8; д.10; вул. Ленінская д. 13; 17; 25; 27

АДАРАЦЫЯ НАЙСВЯЦЕЙШАГА САКРАМЭНТУ

З МАЦІ МІЛАСЭРНАСЦІ

Пане Езу, укрыты ў эўхарыстычнай постаці хлеба! Мы з пакораю і адданасцю сабраліся сёння ў Тваёй святыні, каб паразважаць над дзівоснаю міласэрнасцю Бога, аб’яўленай у Тваім зямным жыцці і ў жыцці Тваёй Маці. Выконваючы волю свайго Айца, Ты прыняў цела з Дзевы Марыі, якая ў хвіліну звеставання стала Маці Бога. Дзякуем Табе за Яе дзейсную любоў у таямніцах адкуплення, а таксама за Яе благаслаўлёнае заступніцтва і духоўнае мацярынства. Прымі, добры Езу, нашыя малітвы, якія мы будзем узносіць праз Яе прасрэдніцтва. Спадзяемся, што Ты выслухаеш нас і праявіш сваю бязмежную міласэрнасць.

Наведваючы дом Альжбеты і Захарыі, Марыя праспявала песню праслаўлення, усведамляючы, што вялікія рэчы ўчыніў Ёй Усемагутны, і сваю міласэрнасць Ён захавае з пакалення ў пакаленне для тых, хто Яго баіцца. Вось і мы, адкупленыя Табою, міласэрны Езу, добра разумеем, што ўсемагутны Пан учыніў для нас вялікія справы і захоўвае для нас сваю міласэрнасць. Прымі гарачую малітву нашых сэрцаў, якую мы прамовім разам з Марыяй, пасля кожнага закліку паўтараючы: Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Бог выбраў Цябе за Маці Езуса Хрыста, нашага Адкупіцеля.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Ён захаваў Цябе ад граху і адарыў паўнатою ласкаў.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Ты ахвярна супрацоўнічала з Езусам, сваім Сынам, дзеля нашага збаўлення.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што пад крыжам Хрыста Ты стала нашаю Маці.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Ты заступаешся за нас у небе.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Ты нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Ты для ўсіх з’яўляешся Маці Міласэрнасці.

Праслаўляе душа мая Пана.

— Праслаўляе душа мая Пана, Марыя, за тое, што Ты — Каралева і Маці нашага народа.

Міласэрны Езу, наш Адкупіцель, сваёй смерцю Ты знішчыў нашы грахі,

уваскрасеннем — вярнуў нам жыццё і годнасць дзяцей Божых. Пакорна просім, няхай заслугі Тваёй балеснай мукі, смерці і ўваскрасення дапамагаюць нам не паддавацца слабасцям, абараняюць нас ад спакусаў сатаны і падступнасці гэтага свету. Езу, Ты падарыў сваёй Маці незвычайную ласку пазнання Тваёй міласэрнасці, а таксама далучыў Яе да ўдзелу ў аб’яўленні міласэрнасці праз ахвяру ўласнага Сэрца. Вось, мы аддаем Табе ўсе нашы добрыя ўчынкі, перш за ўсё ахвяры і цярпенні, прынятыя ў духу веры і любові, каб таксама спазнаць Тваю міласэрнасць і сведчыць пра яе іншым. Горача жадаем, каб ажно да краю зямлі ў кожнае чалавечае сэрца ўвайшла Божая міласэрнасць. Яна апраўдвае і асвячае, яна была заслужана Тваёй велікоднаю таямніцаю, у якой Ты аддаў сваё жыццё ў крывавай ахвяры за адкупленне грахоў і жахлівай колькасці зла, што было і будзе ўчынена людзьмі ад пачатку свету да яго сканчэння. А цяпер прымі, міласэрны Езу, малітву ўдзячнасці нашых сэрцаў, якую мы выкажам словамі песні.

Добры Езу, няхай праз Сэрца Тваёй Найсвяцейшай Маці, чулае да ўсялякага болю і бяды, у гісторыі Касцёла і ў лёсе кожнага чалавека аб’явіцца Твая вялікая любоў, міласэрная і прабачальная. Просім Цябе, пасля кожнага закліку паўтараючы: Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За Касцёл Хрыстовы, які ў некаторых краінах перажывае пераследаванне і дыскрымінацыю,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За ўсе хрысціянскія супольнасці, адлучаныя ад адзінага Касцёла,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За найвышэйшага пастыра Бэнэдыкта XVI, на якім ляжыць адказнасць за лёс Пятровай Лодкі,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў, манаскія супольнасці, за іх духоўнае і колькаснае развіццё,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За каталіцкія місіі, святарскія і манаскія пакліканні ў нашай парафіі,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За дзяцей і моладзь, пазбаўленых духоўнай апекі і матэрыяльнай дапамогі,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За бацькоў, выхавацеляў і працаўнікоў у галіне аховы здароўя,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За навуковых работнікаў, прафесараў і настаўнікаў,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За тых, хто цяжка працуе або пазбаўлены працы,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За людзей, якія пакутуюць ад залежнасцяў, за канаючых і грэшнікаў,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За тых, хто шукае Бога і прагне паяднацца з Ім,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За тых, хто ўжо адышоў у вечнасць і мае патрэбу ў нашай дапамозе,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

— За ўсіх, каму патрэбна Божая міласэрнасць,

Няхай перад Табою заступаецца Маці Міласэрнасці!

Прымі, о міласэрны Езу, нашы пакорныя малітвы і малітвы Тваёй Найсвяцейшай Маці, якую Ты з вышыні крыжа зрабіў таксама і нашай Маці. Няхай Яна нястомна заступаецца за нас, атуляе плашчом сваёй апекі, захоўвае ад няшчасцяў і выпрасіць Божую міласэрнасць. Амэн

Чытаецца наступная малітва да Маці Божай:

Благаслаўлёная Маці Збаўцы свету, Маці Божай ласкі і міласэрнасці, да Твайго Беззаганнага Сэрца з даверам узносім просьбу: кіруй намі на ўсіх нашых шляхах, благаслаўляй нас у працы, суцяшай ва ўсялякім смутку і цярпеннях, падтрымлівай у нашай барацьбе і ў цяжкасцях, беражы нас ад небяспекі душы і цела і захавай ад усялякага зла. Узглянь асабліва на нашу Айчыну і выпрасі для яе непарушны супакой і бяспеку.Спадзяемся на дабрыню Твайго мацярынскага Сэрца. Верым, што Твой Сын здзейсніць усё, аб чым Ты папросіш, каб праз Цябе яшчэ больш праславіцца цяпер і на векі. Амэн.

20.00-21.00

Чуванне перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Набажэнства перад абразом маці Божай Будслаўскай. Праводзяць вернікі з в. Нарач вул. Першамайская, Нарачанская, Савецкая, Гагарына

НАБАЖЭНСТВА ПЕРАД АБРАЗОМ

МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ

Дарагая Маці Божая Будслаўская, вітаем Цябе і прымаем у нашай парафіі ў духу радасці і веры, з якою прывітала Цябе святая Альжбета. Мы прагнем разам з Табою перажываць благаслаўлёныя хвіліны гэтай сустрэчы. Цешымся, што Ты побач з намі. Поўныя пашаны і веры, вітаем Цябе, Марыя, Апякунка Беларусі. Твая прысутнасць схіляе нас да роздуму над сцэнаю з Евангелля паводле святога Лукі, якое сёння, праз 2000 гадоў пасля апісаных падзей, зноў становіцца актуальным.

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго! Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая Тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

У тыя дні сказала Марыя:

Велічае душа Мая Пана,

і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Маім Збаўцы.

Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,

і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў Мне Усемагутны,

а імя Яго святое.

І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне

над тымі, хто Яго баіцца.

Паказаў моц сваёй правіцы,

рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Скінуў магутных з трону

і ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў, *

а багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля, *

памятаючы пра сваю міласэрнасць,

як абяцаў бацькам нашым —

Абрагаму і яго патомству навекі.

І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.

Разважанне

Углядаючыся ў аблічча Маці Божай Будслаўскай, паразважаем над пачутымі словамі Святога Пісання. Уявім Марыю, якая ў спешцы адпраўляецца ў далёкае і цяжкае падарожжа, каб дапамагчы сваячцы Альжбеце. Папросім, каб Марыя дазволіла нам суправаджаць Яе на гэтым шляху.

Паспрабуем адчуць тое, што перажывала Яна. Уявім радасць на твары Альжбеты, якая вітае Марыю. Дзве жанчыны, ідучы насустрач адна адной, з радасцю і пашанаю вітаюцца. Паразважаем над іх сустрэчаю, жэстамі, гутаркаю.

— Якія нашы адносіны з блізкімі? Як складваюцца адносіны ў нашых сем’ях?

— Ці можам мы служыць усім без выключэння?

— Ці ёсць людзі, якіх мы пазбягаем і не жадаем прабачыць?

У хвіліну цішыні папросім Марыю, каб Яна дапамагла нам наблізіцца да іх.

Маўчанне.

Марыя, поўная ўдзячнасці, праяўляе перад Богам сваю радасць. Яна праслаўляе Яго за атрыманую ласку, за дабрыню і міласэрнасць. Яна славіць Яго кожнаю хвілінаю свайго жыцця. Малітва Марыі становіцца адлюстраваннем Яе прыгожай, высакароднай душы і індывідуальнасці.

— Як выглядае асабістая малітва кожнага з нас?

— Ці верым мы ў моц малітвы і ці звяртаемся з даверам да Бога?

— Ці ўмацоўваем мы сваю веру ў штодзённай малітве?

У хвіліну цішыні папросім Марыю, каб Яна навучыла нас шчыра і пакорна маліцца.

Маўчанне.

О пілігрымуючая Маці, падчас адведзінаў святой Альжбеты Ты прынесла Ёй благаслаўленне Езуса, просім, выпрасі для нас у свайго Сына ласку больш глыбокай веры, каб мы маглі яшчэ паўней жыць паводле Евангелля. Просім аб навяртанні грэшнікаў, паглыбленні сакрамэнтальнага жыцця, асабліва аб годным святкаванні Дня Пана. Выпрасі для нас згоду і супакой у сем’ях, радасць для дзяцей, мудрасць для моладзі, надзею для беспрацоўных, хворых

і адзінокіх, каб у нашай архідыяцэзіі была праслаўлена міласэрнасць Твайго Сына. Марыя, просім, каб Твая прысутнасць у нашай святыні, парафіяльных супольнасцях і ў нашых дамах была знакам Божай прыхільнасці, знакам, які набліжае нас да Сына, а праз Яго ў Духу Святым — да Нябеснага Айца.

Тваёй абароне…

Маці Будслаўская, Апякунка Беларусі!

Спадзеючыся на Тваю матчыну дабрыню і магутнае заступніцтва перад Тваім Сынам, узносім да Цябе нашы пакорныя малітвы і просьбы. Даручаем Табе ўсе справы, асабліва час Твайго наведвання нашай парафіі і архідыяцэзіі, нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, нашых святароў, асобаў манаскага стану, нашыя сем’і. За Тваю прысутнасць і дзейнасць у будслаўскім санктуарыі, за незлічоныя ласкі, якія Ты шчодра выпрошваеш для нас,

— дзякуем Табе, наша Будслаўская Маці!

За Тваю мацярынскую апеку, якою Ты атуляеш нас, ведучы да свайго Сына; за ўзмацненне нашай веры, навяртанне грэшнікаў, суцяшэнне хворых, засмучаных і ўсіх тых, хто заблукаў або жыве ў бязвер’і,

— дзякуем Табе, наша Будслаўская Маці!

За тое, што праз занядбанні ў веры і рэлігійную абыякавасць мы часта адыходзілі ад Бога, забываючыся пра Яго прысутнасць і любоў,

— перапрашаем Цябе, наша Будслаўская Маці!

За тое, што нашыя ўчынкі не заўсёды былі згодныя са святою вераю і адпавядалі годнасці дзяцей Божых — за грахі супраць жыцця, за п’янства, эгаізм, легкадумнасць, зайздрасць, нязгоду і распусту,

— перапрашаем Цябе, наша Будслаўская Маці!

Маці з Дзіцяткам на руках, праз свой абраз Ты кожную хвіліну прысутнічаеш у нашым жыцці, несучы нам надзею і моц у выпрабаваннях, клопатах і штодзённых справах,

— праслаўляем Цябе і любім Цябе.

Маці нашай веры, Ты ўзмацняеш нашу любоў, дапамагаеш перамагаць зло і ўсялякія слабасці,

— праслаўляем Цябе і любім Цябе.

Будзь нашаю дапамогаю і паратункам, калі нас агортвае расчараванне і спакуса бязвер’я, калі нам пагражае небяспека трапіць у залежнасць або саграшыць,

— просім Цябе, наша Будслаўская Маці.

Падтрымлівай нас, калі мы адчуваем сябе адзінокімі, пакінутымі або знаходзімся ў небяспецы,

— просім Цябе, наша Будслаўская Маці.

Умацоўвай нас у веры, давай нам сілы для аднаўлення жыцця ў духу Божых запаведзяў і Хрыстовага Евангелля,

— просім Цябе, наша Будслаўская Маці.

Будзь Валадаркаю ў нашым асабістым, сямейным, грамадскім жыцці і ў лёсе нашага народа.

— просім Цябе, наша Будслаўская Маці.

Чытаецца малітва да Маці Божай Будслаўскай (гл. стар. 93)

З падзякаю за ўсе атрыманыя ласкі, выслуханыя малітвы і за дар наведвання нашай парафіі праз цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, разам з Марыяй, Маці нашай веры, удзячна і радасна праспяваем Богу «Magnificat».

21.00-22.00

Крыжовы шлях з Балеснаю Маці прыгожай любові.Праводзяць вернікі з в. Нарач

вул. Новая, Чыгуначная, Лясная, Школьная

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

З БАЛЕСНАЮ МАЦІ ПРЫГОЖАЙ ЛЮБОВІ

Уступная малітва

Балесная Маці Прыгожай Любові, з’яднаная з Езусам у Яго муцы і смерці, Ты суправаджала Яго на Крыжовым шляху, будзь цяпер з намі — мы разам з Табою жадаем разважаць над Яго мукаю і смерцю. Прагнем атрымаць ласкі, якія звязаны з гэтым набажэнствам, і ахвяраваць іх за ўсіх, хто пакутуе, а адпусты — за душы памерлых і церпячых у чыстцы.

Стацыя 1

Езус асуджаны на смерць

Езу, найсвяцейшы і найчысцейшы, Ты з любоўю і пакораю прымаеш несправядлівы смяротны прысуд дзеля нашага збаўлення, прабач нам і тым, хто асуджае і ганьбуе бліжніх, не забывай сваіх словаў: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Балесная Маці Прыгожай Любові, выпрасі для нас ласку, каб мы нікога не асуджалі і не ганьбавалі, а калі нас саміх напаткае крытыка і несправядлівае асуджэнне — каб умелі з любою і пакораю прыняць гэта і прабачыць.

Стацыя 2

Езус бярэ крыж

Пане Езу! Якая вялікая Твая любоў, што схіліла Цябе дабравольна прыняць цяжар нашых грахоў і адолець гэты балесны шлях, які Ты завяршыў смерцю, прыбіты да крыжа! Мы будзем з любоўю і ўдзячнасцю часта разважаць над Тваёю мукаю і ўшаноўваць яе. Балесная Маці Прыгожай Любові, Ты суправаджала Езуса на Крыжовым шляху, навучы нас пабожна ўшаноўваць муку Твайго Сына, нашага Збаўцы, і разважаць над ёю.

Стацыя 3

Езус падае першы раз

Цяжар крыжа — амаль невыносны, бо на ім Езус прыняў грахі ўсяго свету. Дый не толькі грахі, але і цярпенні ўсяго чалавецтва. Менавіта любоў схіліла Цябе, Езу, узяць на сябе гэты цяжар. Ты падаеш пад ім, аднак падымаешся, бо любоў дадае Табе сілаў. Мы, слабыя людзі, падаем, таму што грашым. Але Ты падымаеш нас. Дзякуем Табе, добры Езу, за гэтую вялікую любоў. Балесная Маці Прыгожай Любові, выпрасі для нас ласку, каб мы не грашылі, каб не ўскладалі на Езуса цяжар крыжа.

Стацыя 4

Езус сустракае сваю Маці

Прытулак грэшных, нашая Маці, Дапаможца Езуса ў справе адкуплення! Ты пайшла на Крыжовы шлях, на сустрэчу з Езусам, каб за нас ахвяраваць Яго муку і муку свайго Беззаганага Сэрца, поўнага літасці. Як жа мы ўдзячныя Табе! Балесная Маці Прыгожай Любові, навучы нас любіць, яднаючыся з мукаю Езуса і цярпеннямі нашых бліжніх.

Стацыя 5

Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж

Сам Сымон не хацеў дапамагчы Езусу ў нясенні крыжа — ён быў змушаны. Аднак судакрананне з Езусавым крыжам і блізкасць Балеснай Маці здзейснілі ў ім цудоўную перамену. У сэрцы Кірынэйца абудзілася спачувальная любоў. Балесная Маці Прыгожай Любові, абудзі ў нас спачувальную любоў да Езуса, які працягвае несці крыж у абліччы церпячых.

Стацыя 6

Вераніка выцірае твар Езуса

Добрае сэрца і вочы Веранікі заўважылі моцнае цярпенне Езуса на Крыжовым шляху. Яна адважна наблізілася да Яго і выцерла хусткаю Яго спакутаваны твар. За гэтую прыгожую любоў Вераніка атрымала цудоўную ўзнагароду: выяву найсвяцейшага аблічча Хрыста на хустцы. Балесная Маці Прыгожай Любові, учыні, каб у сваіх сэрцах мы насілі адбітак церпячага Хрыста і спачувальную любоў да бліжніх!

Стацыя 7

Езус падае другі раз

Крыж здаецца Езусу ўсё цяжэйшым, бо сілы пакідаюць Яго. Так пакутуе дарагі Збаўца за нашыя паўторныя грахоўныя падзенні. Аднак Ён устае, каб праз заслугі Яго мукі грэшны чалавек мог паўставаць з грахоў. Балесная Маці Прыгожай Любові, не дазволь, каб мы паўторна грашылі і падалі. Аднак калі ўпадзем з-за сваёй слабасці, дапамажы, каб мы ўсталі і больш ужо не жадалі грашыць.

Стацыя 8

Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Пахвальна плакаць у спачуванні да церпячага Езуса, але калі мы адначасова сваімі грахамі ўчыняем боль Сэрцу Езуса, то заслугоўваем павучальнага напаміну: «Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых». Мы добра робім, калі суперажываем, разважаючы над мукаю Езуса, але гэтага замала — трэба плакаць над сабою, над сваімі грахамі. Балесная Маці Прыгожай Любові, выпрасі для кожнага з нас скруху сэрца і шчырае шкадаванне за грахі!

Стацыя 9

Езус падае трэці раз

Езус ужо настолькі стомлены і аслаблены, што трэці раз падае пад цяжарам крыжа. Гэта нашы паўторныя падзенні ў грахах дадалі Яму болю. Але наш дарагі Збаўца ўстае з апошніх сілаў — ужо напрыканцы Крыжовага шляху. Пане Езу, праз заслугі Тваёй мукі дай ласку ўстаць з грахоў асабліва тым, хто легкадумна вяртаецца да іх. Балесная Маці Прыгожай Любові, ратуй ад вечнага асуджэння тых, хто знаходзіцца ў залежнасці!

Стацыя 10

З Езуса здзіраюць адзенне

Пане Езу, перад укрыжаваннем з Цябе жорстка здымаюць вопратку. Па целе, параненым падчас бічавання, цуркамі сцякае кроў. О Найдаражэйшая Кроў, о Кроў адкуплення, абмый і вылечы раны нашых душ, якія мы нанеслі сабе сваімі грахамі. Балесная Маці Прыгожай Любові, выпрасі для нас ласку, каб мы больш не ранілі грахамі Найсвяцейшага Цела Твайго Сына Езуса!

Стацыя 11

Укрыжаванне Езуса

Найсвяцейшы, найчысцейшы Езус жорстка прыбіты да крыжа. Рукі і ногі Божага Сына знерухомлены! А мы ходзім грахоўнымі шляхамі і чынім зло. О мілы Езу, укрыжаваны Езу, адпусці нашыя грахі праз свае святыя раны! Балесная Маці Прыгожай Любові, аддаемся Табе ў няволю любові. Мы больш не хочам укрыжоўваць сваімі грахамі Езуса, Твайго Сына.

Стацыя 12

Езус памірае на крыжы «Сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43). Пане Езу, гэта першы і раптоўны плён Тваёй мукі: укрыжаваны побач з Табою злачынца навярнуўся і разам з Табою ідзе ў неба. О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы да неба. Балесная Маці Прыгожай Любові, Ты пад крыжам Езуса вымаліла ў Бога ласку навяртання злачынцы, выпрасі ў Яго ласку навяртання ўсіх грэшнікаў.

Стацыя 13

Езуса здымаюць з крыжа

Добрыя людзі знялі мёртвае цела Езуса з крыжа і паклалі на рукі Балеснай Маці. О Найсвяцейшая Маці, як жа ўдзячны быў Табе Божы Сын за тое, што Ты пасля смерці, гэтак жа як і пасля нараджэння, прыняла Яго ў свае абдымкі! Балесная Маці Прыгожай Любові, просім Цябе, будзь таксама побач з намі ў хвіліну нашай смерці і прымі нас у свае мацярынскія абдымкі.

Стацыя 14

Езуса кладуць у грабніцу

Сэрца Найсвяцейшай Маці было спакойнае і ўжо не смуткавала. Яна ведала, што ўваскрослы Езус выйдзе з магілы і пойдзе ў неба. Пане Езу, Ты запэўніў нас, што ідзеш у неба падрыхтаваць нам месца, каб мы былі з Табою. Дзякуем Табе за гэта. Балесная Маці Прыгожай Любові, будзь нам цяпер Радаснаю Маці Прыгожай Любові і ўчыні, каб мы разам з Табою радаваліся ў небе на векі.

Малітва на заканчэнне

О Балесная Маці, Беззаганная Маці Прыгожай Любові, Ты ўдзельнічала ў муцы і смерці свайго Сына, Езуса, дапамажы нам зразумець, што жыццёвыя выпрабаванні, якія нам пасылае Божы Провід, — гэта дар Божай любові. Дапамажы нам несці сваю ахвяру да канца з думкаю аб збаўленні душ, для якіх з нашага цярпення можа пачаць прамяніцца святло. Дапамажы нам перажываць цярпенне так, як цярпела Ты: з вераю, любоўю і з надзеяй, што нашая мука абавязкова пераменіцца ў радасць. Амэн.

22.00-23.00

Чуванне перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. “Маці, якая верна слухае слова”.

Праводзяць вернікі з в. Нарач

вул. Будаўнікоў, Падлесная, Прыазёрная, Палявая

«МАЦІ, ЯКАЯ ВЕРНА СЛУХАЕ СЛОВА»

Сёння мы будзем разважаць над словамі са Святога Пісання, у якіх гаворыцца пра Марыю, Маці Збаўцы. Тэксты са Старога Запавету дапамогуць нам задумацца над прадказаннем прыйсця ў свет Месіі, які павінен нарадзіцца з Дзевы. У фрагментах з Новага Запавету мы ўбачым воблік Марыі, у жыцці якой Божае слова стала рэальнасцю. Убачым таксама Дзеву з Назарэта як Маці, якая слухае Божае слова і штодня верна выконвае яго.

Словамі арханёла Габрыэля, скіраванымі да Марыі, папросім аб Яе заступніцтве, каб мы маглі адкрыць свае сэрцы, выслухаць тое, што гаворыць нам Бог, і паразважаць над гэтым.

Вітай, Марыя…

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У тыя дні:

Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.

Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.

Тады сказаў Ісая:

Паслухайце ж, дом Давідаў:

ці мала вам, што дакучаеце людзям,

дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?

Таму Пан сам дасць вам знак:

Вось Дзева зачне і народзіць Сына,

і дасць Яму імя Эммануэль!

Чытанне Паслання

святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне. А паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына свайго, які ўсклікае: Абба, Ойча! Таму ты ўжо не раб, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы.

 

Аўтар: Адміністратар