Прапануем увазе наведвальнікаў нашага сайта тэксты разважанняў на ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса:

20.00-21.00 

Праводзіць моладзь парафіі

Я ХАЦЕЛА СТАЦЬ ВЯЛІКАЮ СВЯТОЮ

УВОДЗІНЫ

 Святая Тэрэза, ты прыходзіш да нас з усмешкаю на твары, сыходзячы з Неба з ахапкам пахучых ружаў святасці. Прыходзіш, каб абудзіць у нас жаданне святасці. Прыходзіш, каб даць нам сваю «малую дарогу даверу і любові», якая вядзе ў Неба і даступная для ўсіх. На самай справе, святы — гэта той, у кім жыве Хрыстус. Святы — гэта чалавек, які прыпадобніўся да Езуса. Просім цябе сёння, святая Тэрэза, аб імкненні да святасці, імкненні любіць Езуса больш за ўсё, так, як любіш Яго ты.

СПЕЎ.

ДАЗВОЛІЦЬ ХРЫСТУ ЖЫЦЬ У НАС
І ПРАЗ НАС ДЗЕЙНІЧАЦЬ

Святая Тэрэза не напісала трактату пра святасць, аднак пакінула ў сваіх творах сведчанне пошукаў яе і шматлікія, неймаверна трапныя азначэнні, простыя, як евангельскае вучэнне Езуса. Сапраўдная святасць заключаецца ў тым, каб дазволіць Хрысту ў нас жыць і праз нас дзейнічаць! Сапраўдная святасць заключаецца ў тым, каб Хрыстус перамяняў нас і рабіў падобнымі да сябе, каб Ён стаў Душою нашай душы, Сэрцам нашага сэрца. Святасць, да якой імкнецца і якой прагне святая Тэрэза, святасць найсапраўднейшая, з’яўляецца плёнам узрастання ў цнотах, укрытых і звычайных. Такая святасць — гэта не нейкая суб’ектыўная ілюзія, але факт, заўважальны таксама для іншых. Святасць для Тэрэзы — гэта прыпадабненне да Хрыста і перамяненне ў Яго. Успамінаючы памерлую маці Генаэфу, заснавальніцу Кармэлю ў Лізьё, Тэрэза адзначае:

Добры Бог пажадаў, каб я жыла разам са святою, не такою недаступнаю для наследавання, а асвечанаю ўкрытымі і звычайнымі цнотамі. Неаднаразова я атрымлівала праз яе заступніцтва вялікае суцяшэнне, а асабліва ў адну з нядзеляў. Уваходзячы, як звычайна, каб нанесці ёй кароткі візіт, я застала пры маці Генаэфе дзвюх сясцёр; зірнуўшы на яе з усмешкаю, я хацела выйсці, бо пры хворай не маглі знаходзіцца ажно тры асобы, але яна, гледзячы на мяне, прамовіла, нібыта ў натхненні: «Пачакай, дзіця маё, хачу сказаць табе слоўка. Кожны раз, як прыходзіш, просіш мяне аб духоўным букеце; дык вось, сёння дам табе такі: Служы Богу ў спакоі і радасна; памятай, дзіця маё, што наш Бог — гэта Бог спакою». Я шчыра падзякавала ёй і выйшла, узрушаная ажно на слёз і ўпэўненая, што Добры Бог адкрыў ёй стан маёй душы; бо ў той дзень я была вынішчаная ўшчэнт, амаль што ў роспачы, у такой цемры, што ўжо не ведала, ці любіць мяне Добры Бог. Таму, дарагая маці, вы зразумееце, якую радасць і суцяшэнне я зведала! У наступную нядзелю я хацела даведацца ў маці Генаэфы, ці не мела яна ў адносінах да мяне нейкага аб’яўлення; яна запэўніла, што нічога такога не было; так што, калі я пераканалася, у якой ступені Езус жыў у ёй, дзейнічаў і прамаўляў праз яе, маё захапленне стала яшчэ большым. Такая святасць здаецца мне найбольш праўдзіваю, найбольш святою, і менавіта такой я прагну, бо ў ёй няма ніякіх ілюзій (Rps A 78r).

ПАСТАЯННА ЎЗРАСТАЦЬ ДА СВЯТАСЦІ

Святасці не дасягаюць за адзін дзень. У ёй узрастаюць праз любоў і вернасць, праз барацьбу і змаганне. ІМКНЕННЕ быць святой, быць падобнай да Езуса, ажыўляла Тэрэзу з самага пачатку жыцця. Ужо з ранняга дзяцінства яна прагне стаць святою, «вялікай святою». Ва ўзросце двух гадоў, хоць яшчэ не ведала, што значыць быць манашкаю, Тэрэза хацела стаць ёю з-за Паўліны, сваёй старэйшай сястры, якую любіла і якою захаплялася. Імкненне гэтае засталося ў ёй нязменна моцным ажно да смерці.

Я часта чула, як казалі, што Паўліна будзе манашкаю; не разумеючы яшчэ, што гэта значыць, я ўсё ж думала: «Я таксама буду манашкаю». Гэта адзін з першых маіх успамінаў, і з таго часу я ніколі не змяняла свайго пастанаўлення! (Rps A 6r).

Тэрэза не была «прыкладным дзіцём». Так, яна была разумнаю і мела залатое сэрца, але магла таксама быць злоснаю, зайздроснаю, ганарліваю, упартаю, эгацэнтрычнаю, часам ажно без меры. Здаралася, што яна ўпадала ў гнеў, калі нешта прымала не такі накірунак, як ёй хацелася. Усведамляючы сваё жаданне падабацца ўсім, хто яе акружае, дэманстраваць сваю прываблівасць і тое, што пры гэтым становяцца выяўляюцца яе недахопы, Тэрэза праз шмат гадоў прызналася:

Маючы такі характар, я лёгка стала б вельмі дрэннаю, а можа, нават пайшла б на верную пагібель. Але Езус чуваў над сваёю малою абранніцаю і хацеў, каб усё скончылася добра; Ён учыніў так, што недахопы, за якія раней яе ганілі, паслужылі ёй на шляху да дасканаласці. Сапраўды, ува мне было самалюбства, але таксама і любоў да дабра. Ледзь толькі я пачала сур’ёзна разважаць (а адбылося гэта вельмі рана), дастаткова было сказаць мне пра што-небудзь, што гэта нядобра, і ўжо не трэба было паўтараць гэта другі раз (Rps A 8v).

 У той момант, калі нарадзілася ў ёй жаданне стаць «вялікаю святою», яна зразумела адначасова, што, каб дайсці да святасці, не абавязкова трэба здзяйсняць вялікія, вядомыя паўсюль справы. Дастаткова ва ўкрыцці практыкаваць любоў у паўсядзённых справах. Тэрэза зразумела, што пры ўсёй яе нядужасці найважнейшае гэта ДАВЕР, вера ў тое, што сам Бог змілуецца над яе слабасцю, падтрымае яе намаганні і ўдзеліць ёй сваёй боскай святасці.

Нягледзячы на гэта, я заўсёды адчуваю тую самую дзёрзкую веру, што стану вялікаю святою, бо, не маючы ніякіх заслугаў, я не разлічваю на іх, але давяраю Таму, хто ёсць самою Сілаю і Святасцю. Задавольваючыся маімі слабымі намаганнямі, Ён сам падыме мяне ажно да Сябе і, ахінуўшы сваімі бясконцымі заслугамі, учыніць святою. Я не здагадвалася тады, што для таго, каб дайсці да святасці, трэба шмат цярпець; Добры Бог не прамінуў паказаць мне гэта, пасылаючы вышэй згаданыя выпрабаванні (Rps A 32r).

СПЕЎ.

Тэрэза прагне быць вялікаю святою, і ў той жа час зведвае ўласную нядужасць і няздольнасць. Аднак яна не адмаўляецца ад імкнення да святасці. Шукае ўласнай дарогі. Не могучы спаўняць справаў вялікіх святых, такіх як гераічныя ўчынкі, утаймоўванне цела, суровыя пасты, значныя інтэлектуальныя і духоўныя дасягненні або справы міласэрнасці, яна задавольваецца малымі, штодзённымі намаганнямі, поўнымі любові, і ўвесь свой давер ускладае на Бога. У духоўнымі крызісе, які ўзнік з бязмежнага жадання любіць Езуса і быць святою пры адначасовым перажыванні недастатковасці ўласных намаганняў, Тэрэза адкрывае сваю «малую дарогу да святасці». Яна адкрывае, што не трэба быць вялікім, моцным або здзяйсняць нешта значнае, бо святасць заключаецца ва ўменні дастасоўвацца і падпарадкоўвацца дзеянню Бога.

Якія ж разнастайныя шляхі, якімі Пан вядзе душы! У жыццярысах святых мы бачым, што многія з іх не пакінулі пасля сябе ніякай памяткі, ніводнага твора. Іншыя, як наша маці, святая Тэрэза, наадварот, узбагацілі Касцёл сваімі ўзнёслымі аб’яўленнямі. Што мілей Добраму Богу? Мне здаецца, што і адно, і другое, бо ўсе яны дзейнічалі пад уплывам Святога Духа. Вы ведаеце, маці мая, што я заўсёды прагнула стаць святою, але нічога не зробіш! Калі я параўноўваю сябе са святымі, то пастаянна ўпэўніваюся, што паміж намі такая ж розніца, як паміж высачэннаю гарою, якая сягае вяршыняй неба, і непрыметнай пясчынкай, якую топчуць ногі падарожных.

Але замест таго, каб расхалоджвацца, я кажу сабе: Добры Бог не даваў бы мне нерэальных жаданняў, таму, нягледзячы на тое, што я такая малая, я магу імкнуцца да святасці. Немагчыма мне стаць вялікаю, таму я павінна зносіць сябе такою, якая ёсць, з усёю сваёй недасканаласцю; хачу, аднак, адшукаць спосаб, як трапіць на Неба, якую-небудзь малую дарогу, вельмі простую і вельмі кароткую, цалкам новую малую дарогу.

Мы жывём у век вынаходніцтваў, не трэба ўжо падымацца ўверх па ступенях лесвіцы; у багатых людзей лесвіцу паспяхова замяняе ліфт. Вось і я хацела б знайсці такі ліфт, які падняў бы мяне ажно да Езуса, бо я занадта малая, каб узыходзіць па стромкіх ступенях дасканаласці. Таму я шукала ў святых кнігах вытлумачэння адносна такога ліфта, прадмета маіх жаданняў, і прачытала наступныя словы, якія выйшлі з вуснаў Спрадвечнай Мудрасці: «Калі хто малы, няхай прыйдзе да Мяне». Так што я знайшла тое, чаго шукала, а жадаючы даведацца — о мой Божа! — што Ты ўчыніш маленькаму чалавеку, калі ён адкажа на Твой заклік, шукала далей. І вось што знайшла: «Як маці песціць сваіх дзяцей, так і Я буду суцяшаць вас, буду насіць вас, прыціскаючы да грудзей, і калыхаць вас на Маіх каленях!». О, ніколі яшчэ больш пяшчотныя, больш мілагучныя словы не весялілі маёй душы; ліфтам, які падыме мяне ажно да Неба, з’яўляюцца Твае рукі, о Езу! І дзеля гэтага мне не трэба ўзрастаць, наадварот, я павінна застацца малою, станавіцца ўсё меншаю. О мой Божа, Ты перавысіў усе мае спадзяванні, таму я прагну ўсхваляць Тваю міласэрнасць (Rps C 2r).

СПЕЎ.

ШТО СТРЫМЛІВАЕ НАС
У ІМКНЕННІ ДА СВЯТАСЦІ?

На шляху да святасці нас часам стрымлівае памяць пра нашыя даўнія грахі або немагчымасць наследаваць святых, пра якіх столькі гаворыцца. Тэрэза таксама гэта перажывала, але на гэтае недамаганне яна знайшла лякарства:

Любоў Сэрца Езуса — калі мне было дадзена яе зразумець, — прагнала з майго сэрца ўсялякі страх! Успамін аб маіх правінах прыніжае мяне, схіляе да таго, каб ніколі не абапірацца на ўласныя сілы, бо ёсць толькі слабасць; але гэты ўспамін яшчэ больш кажа мне пра міласэрнасць і любоў. Ці ж магчыма такое, што калі з дзіцячым даверам кідаеш у палаючае вогнішча любові свае правіны, каб яны не згарэлі ў ім незваротна? Я ведаю, што былі святыя, якія правялі жыццё, практыкуючы проста надзвычайнае самаўтаймаванне, каб адпакутаваць за свае грахі; аднак «у доме Айца Майго шмат святліц». Езус так сказаў, таму я іду тою дарогаю, якую Ён мне вызначыў. Стараюся ні ў чым не займацца сабою, а тое, што Езус пажадае ўчыніць у маёй душы, аддаю Яму, бо я выбрала такі строгі лад жыцця не для таго, каб кампенсаваць за ўласныя грахі, але за чужыя (TDL 247).

Вось прадмет яе намаганняў і палкіх малітваў:

Прашу Езуса, каб Ён прыцягнуў мяне ў агонь сваёй любові; каб Ён так цесна з’яднаў мяне з Сабою, што Сам пачаў бы жыць і дзейнічаць ува мне (Rps C 36r).

Тэрэза ўпэўненая, што, давяраючы Богу, яднаючыся з Ім на малітве, яна пераадолее ўсялякія цяжкасці, як унутраныя, так і знешнія. Бог з’яўляецца для яе свайго роду «архімедавым пунктам апоры».

Адзін мудрэц сказаў: «Дайце мне рычаг і пункт апоры, і я зрушу з месца зямлю». Тое, чаго не мог дасягнуць Архімед, бо не скіроўваў сваю просьбу да Бога і меў у думках выключна матэрыяльнае дзеянне, святыя атрымалі ва ўсёй поўні. Усемагутны даў ім за пункт апоры самога Сябе і толькі Сябе; за рычаг — малітву, якая распальвае агонь любові. Так яны ўзварушылі свет; так разварушваюць яго тыя, што яшчэ вядуць змаганне; так будуць узварушваць яго тыя, што будуць прыходзіць за імі ажно да сканчэння свету (Rps C 36r).

Тэрэза тлумачыць у Акце ахвяравання сябе Міласэрнай Любові, што азначае для яе выраз «быць святою»:

О мой Божа! Благаслаўлёная Тройца, прагну любіць Цябе і старацца, каб Цябе любілі, працаваць на хвалу святога Касцёла, ратуючы душы, якія знаходзяцца на зямлі, і выбаўляць тыя, якія церпяць у чыстцы. Я прагну дасканала выконваць Тваю волю і дасягнуць той ступені хвалы, якую Ты падрыхтаваў для мяне ў сваім Валадарстве, адным словам, прагну быць святою (з Акту ахвяравання сябе Міласэрнай Любові).

Каб у канчатковым выніку мець магчымасць жыць у дасканалай любові, любові нястомнай, моцнай і поўнасцю чыстай, Тэрэза «прысвячае сябе як ахвяру ўсеспалення Міласэрнай Любові».

СПЕЎ.

З АКТУ АХВЯРАВАННЯ СЯБЕ
МІЛАСЭРНАЙ ЛЮБОВІ

О мой Божа! Благаслаўлёная Тройца, прагну любіць Цябе і старацца, каб Цябе любілі, працаваць на хвалу святога Касцёла, ратуючы душы, якія знаходзяцца на зямлі, і выбаўляць тыя, якія церпяць у чыстцы. Я прагну дасканала выконваць Тваю волю і дасягнуць той ступені хвалы, якую Ты падрыхтаваў для мяне ў сваім Валадарстве, адным словам, прагну быць святою; усведамляю, аднак, сваю слабасць і прашу Цябе, о мой Божа, Ты сам будзь маёю Святасцю.

Ты так палюбіў мяне, што даў мне свайго адзінага Сына, каб Ён стаў маім Збаўцам і маім Жаніхом, таму бясконцыя скарбы Ягоных заслугаў належаць і мне; ахвярую іх Табе з радасцю, молячы, каб глядзеў на мяне ўжо толькі праз Аблічча Езуса і праз Яго палаючае любоўю Сэрца. Які жывеш і валадарыш праз усе вякі вечныя. Амэн.

21.00-22.00

“Люблю сваю маласць і сваё ўбоства”

Праводзяць вернікі з к.п. Нарач вул. Кастрычніцкая д. 25; д. 27; д.16; д. 4A; д.5; д.6

ЛЮБЛЮ СВАЮ МАЛАСЦЬ

І СВАЁ ЎБОСТВА

БОГ ЗНІЗІЎСЯ ДА НАС —
МЫ ПАВІННЫ ЗНІЗІЦЦА ДА ЯГО

²Уласцівасцю Божай любові з’яўляецца зніжэнне да бедных, малых, грэшных і слабых. Бог прагне, каб мы свядома і добраахвотна прынялі пакорную ўнутраную паставу ўбогага, слабага дзіцяці, грэшніка, які імкнецца да святасці, які ўсяго чакае ад Бога. Так мы зможам пастаянна быць аб’ектам Божай міласэрнасці.

Я добра ўсведамляю, што не імкненне да мучаніцтва падабаецца Богу ў маёй малой душы; Ён, хутчэй, з задавальненнем бачыць, што я люблю сваю маласць і сваё ўбоства, бачыць мой сляпы давер да Ягонай міласэрнасці. І гэта адзіны мой скарб (TDL 197).

Не будзем сумаваць, адкрываючы нашую слабасць і нікчэмнасць. Наадварот, няхай усведамленне таго, што мы — сама слабасць і нікчэмнасць, абуджае ў нашых сэрцах гонар і радасць, бо мы ведаем, што тым самым з’яўляемся аб’ектам любові і міласэрнасці Бога.

Напэўна, праз нейкі час і гэты момант будзе здавацца мне яшчэ поўным недасканаласці; але я ўжо ні чаму не здзіўляюся і ні ад чаго не засмучаюся, ведаючы, што я — сама слабасць; наадварот, менавіта ёю ганаруся і спадзяюся штодзённа адкрываць у сабе нейкую новую недасканаласць (Rps C 15r).

Тэрэза хоча застацца ў маласці і ўбостве духа, таму што гэта — УСЯ ПРАЎДАПРАЧАЛАВЕКА: і адносна Бога, і адносна сябе. Яна палюбіць гэтую маласць і будзе заахвочваць усіх да жыцця ў ПАКОРЫ. Прынізіцца перад Богам і прызнаць сваю нікчэмнасць — менавіта гэта робіць Тэрэза, кажучы, што з’яўляецца «найменшаю сярод стварэнняў, слабым і няўмелым дзіцем, беднаю малою душою». Калі Тэрэза так любіць сваю маласць, калі яна так прыніжае сябе, калі жыве, укрыўшыся ад свету і забытая светам, то дзеля таго, што «толькі малыя зведаюць міласэрнасць» і толькі прыніжэнне робіць нас падатлівымі да дзеяння Божай міласэрнасці.

Любімая сястрычка, — піша Тэрэза да с. Марыі, — прашу цябе, зразумей сваю дачушку, паймі, калі хочаш любіць Езуса, быць ахвяраю Яго любові, то чым больш ты слабы, без імкненняў і цнотаў, тым больш падатлівы на дзеянне гэтай Любові, якая паглынае і перамяняе. Аднаго жадання стаць ахвяраю дастаткова, але трэба заўсёды быць убогім і бяссільным; у гэтым заключаецца ўся цяжкасць, бо «сапраўды ўбогага духам хто знойдзе? Трэба шукаць яго вельмі далёка», кажа псальміст. Ён не кажа, што яго трэба шукаць сярод вялікіх душаў, але «вельмі далёка», гэта значыць, у прыніжэнні, у вынішчэнні. Ах! таму будзем заставацца тут, як мага далей ад таго, што блішчыць, палюбім нашу маласць, палюбім менавіта тое, што мы «нічога не адчуваем»; тады мы будзем убогімі ў духу, і Езус прыйдзе па нас; хоць бы мы былі далёка, Ён пераменіць нас у агонь любові (пар. TDL 197).

Як жа часта мы лічым велічным адукацыю, прыгожыя думкі або незвычайныя здольнасці. Тым самым мы супраціўляемся Богу і не дазваляем Яму дзейнічаць, бо зыходзім з таго, што Ён зможа карыстацца намі толькі тады, калі мы будзем дастаткова здольнымі, разумнымі і пераканаўчымі. А Тэрэза, адчуваючы сябе нікчэмнаю і няздольнаю да чаго-небудзь, злучаецца з Божаю сілаю і мудрасцю, дазваляючы Богу дзейнічаць свабодна. Сваю святасць яна будуе не на павялічэнні ведаў, якія датычаць духоўнага жыцця, але на пакорнай удзячнасці і спадзяванні ўсяго ад Бога.

Я не пагарджаю глыбокімі думкамі, якія кормяць душу і злучаюць яе з Богам, — кажа Тэрэза, — але даўно ўжо зразумела, што не трэба на іх занадта разлічваць і будаваць дасканаласць на атрыманні вялікай колькасці азарэнняў. Найпрыгажэйшыя думкі — нішто без учынкаў. Гэта праўда, што яны могуць быць вельмі карыснымі для іншых, для тых, хто праяўляе ў адносінах да добрага Бога пакорную ўдзячнасць за тое, што Ён дазваляе ім удзельнічаць ва ўрачыстай гасціне той душы, якую Яму захацелася ўзбагаціць ласкамі; аднак, калі гэтая душа знаходзіць задавальненне ў сваіх прыгожых думках і ўзносіць малітву фарысея, то яна становіцца падобнаю да чалавека, які памірае з голаду, седзячы за багата накрытымсталом, у той час, як яго госці шчодра карыстаюцца прапанаваным на вячэры і раз за разам кідаюць зайздросныя позіркі на ўладальніка гэтых скарбаў.

Ах! як жа гэта добра, што хаця б адзін Бог ведае глыбіні сэрцаў.Якія ж павярхоўныя меркаванні стварэнняў! Калі яны бачаць душу, адораную большым святлом, адразу ж робяць выснову, што іх Езус любіць менш за яе, а таму яны не пакліканыя да такой святасці, як яна. З якіх часоў Пан не мае ўжо права карыстацца адным са сваіх стварэнняў, каб раздаваць сваім улюбёным дзецям неабходны пасілак? У часы фараона Пан меў яшчэ гэтае права, бо ў Святым Пісанні Ён звяртаецца да гэтага валадара: «Я ўзвялічыў цябе, галоўным чынам, для таго, каб заяснела над табою Мая моц, каб пра імя Маё расказвалі па ўсёй зямлі». Стагоддзі прамінулі з тых часоў, калі Найвышэйшы прамовіў гэтыя словы, а Яго паводзіны не змяніліся; Ён заўсёды карыстаецца сваімі стварэннямі як прыладамі для завяршэння ў душах сваёй справы.

Калі б палатно, на якім малюе мастак, магло думаць і гаварыць, яно, напэўна, не скардзілася б, што да яго пастаянна дакранаюцца пэндзлем, не зайздросціла б таксама лёсу гэтай прылады, ведаючы, што зусім не пэндзлю, а мастаку, што яго накіроўвае, яно павінна быць удзячнае за хараство, якім аздоблена. І пэндзаль не можа ганарыцца шэдэўрам, створаным праз яго пасрэдніцтва, бо ведае, што дабіваюцца гэтага мастакі; што, уступаючы ў гульню з цяжкасцямі, яны часам карыстаюцца слабымі і дэфектнымі прыладамі.

Мая ўлюбёная Маці, я з’яўляюся тым маленькім пэндзлікам, які Езус выбраў для сябе, каб ствараць свой вобраз у душах, якія Вы мне даверылі. Мастаку недастаткова толькі аднаго пэндзля, яму трэба мець па меншай меры два: першы — самы патрэбны, ім ён наносіць агульныя контуры, хутка пакрывае ўсё палатно; другі, меншы, служыць для апрацоўкі дэталяў. Гэта Вы, мая Маці, увасабляеце для мяне той каштоўны пэндзаль, якім рука Езуса з любоўю карыстаецца, калі хоча выканаць вялікую працу ў душах Вашых дзяцей, а я — той зусім маленькі, якім Ён мае ласку карыстацца потым, для апрацоўкі дэталяў (Rps C 20r-20v).

Калі мы — нішто, то Езус — наша УСЁ. Таму трэба толькі страціць сябе ў Яго бясконцай міласэрнасці — у гэтымУСЁ. Не трэба ўжо думаць пра сябе і сваю нікчэмнасць, але пра Яго, адзіна годнага любові. Прызнаць і палюбіць сваю маласць Тэрэза здолела, апіраючыся на фундамент Божай Міласэрнасці, таго выбару, які здзейсніў Бог — стаў дзеля нас чалавекам, памёр з любові да нас на крыжы і даў нам сябе ў Эўхарыстыі. Сваю стрыечную сястру, якая перажывала дакоры сумлення пры прыняцці Эўхарыстыі з-за таго, што адчувала сябе нягоднаю гэтага, Тэрэза папракае:

Ты нібы малая вясковая дзяўчынка, да якой прыходзіць магутны кароль, жадаючы ўзяць яе за жонку, а яна не адважваецца яго прыняць з-за таго, што недастаткова багатая і не ведае прыдворных звычаяў; яна не падумала, што каралеўскі нарачоны добра ведае яе ўбоства і яе слабасць, нават лепш, чым яна сама. Марыя, калі Ты — нішто, то не забывайся, што Езус — УСЁ, і таму трэба згубіць тваю малую нікчэмнасць у Яго бясконцым УСЁ і думаць ужо толькі аб гэтым УСЁ, адзіна мілым. Не жадай таксама ўбачыць плёну тваіх намаганняў; Езус з задавальненнем захоўвае для сябе самога тыя малыя «нішто», якія Яго суцяшаюць (TDL 109).

ЗАСТАЦЦА МАЛОЮ

²Кантэмплюючы зямное жыццё Хрыста, святая Тэрэза даходзіць да пераканання, што не трэба станавіцца некім вялікім, збіраць багацці, дары, цноты, каб дасягнуць святасці. Наадварот, трэба памяншацца, згадзіцца на тое, каб быць малою, забытаю, быць шэрасцю ў вачах людзей. Дарога да святасці — гэта ставанне ўбогім у духу і ў праўдзе, малым, пакорным, свабодным ад самога сябе і ад рэчаў гэтага свету. Толькі малыя зведваюць міласэрнасць. Таму што Міласэрнасць схіляецца над тымі, хто просіць аб ёй з глыбіні сваёй убогасці. Калі Тэрэзу спыталі, што азначае быць малым перад Богам, яна адказала:

Быць малым — значыць не прыпісваць сабе цнотаў, якія практыкуеш, і, лічачы сябе няздольным на што-небудзь, прызнаваць, што Бог складае ў рукі свайго дзіцяці гэты скарб цнотаў, каб яно карысталася ім паводле патрэбы; але скарб заўсёды застаецца ўласнасцю Бога. Нарэшце, не расчароўвацца з-за сваіх памылак, бо дзеці часта падаюць, але яны замалыя, каб маглі прычыніць сабе занадта вялікую шкоду.

Быць малым — гэта значыць прызнаваць сваю нікчэмнасць, усяго чакаць ад Бога, як малое дзіця чакае ўсяго ад бацькі, ні ад чаго не засмучацца, не накопліваць маёмасць. Нават у людзей бедных, пакуль дзіця малое, яму даюць неабходнае, але як толькі падрасце, бацька не хоча ўжо яго карміць і кажа яму: «Цяпер ідзі працаваць, ты сам сябе можаш задаволіць». Дык вось, каб не пачуць гэтага, я ніколі не хацела быць вялікаю, адчувала сябе няздольнаю самой зарабіць на вечнае жыццё ў Небе. Таму я заўсёды заставалася малою, адзіны мой занятак — зрываць кветкі любові і ахвяры і ахвяраваць іх Богу, каб зрабіць Яму прыемнае (OS, 6 жніўня).

ПАКОРА — ГЭТА ТОЛЬКІ ПРАЎДА

Тэрэза надавала такую вялікую вагу праўдзе і згаданаму вышэй прыніжэнню сябе, што не дазваляла пэўнай навіцыятцы апраўдваць стомленасцю ці хваробаю сваё расчараванне ў практыкаванні цнотаў. Яна хутчэй заахвочвала яе прызнацца ў тым, што тая «вельмі слабая ў практыкаванні цнотаў» і выкарыстоўваць гэтую праўду для прыніжэння сябе і для таго, каб станавіцца ў шэрагі «малых душаў». Тэрэза ясна паказвала, што перш чым пачнеш жыць гераічным даручэннем сябе Богу, трэба распачаць з пакоры, з пакорнага прызнання сваёй слабасці і адмовіцца ад спадзявання на сябе і на зямныя даброты, натуральныя або духоўныя.

Гэта добра, — сказала яна адной з сёстраў, — што твае перамогі заўсёды змешаныя з паражэннямі, да таго ж такімі, пра якія ты не можаш думаць з задавальненнем. Наадварот, успамін пра іх прыніжае цябе, паказваючы, што ты не належыш да ліку вялікіх душаў (RW I).

Давайце ж не будзем шукаць прызнання ў атачэнні, жыць ва ўпэўненасці, што мы ўжо дасканалыя, але будзем пакорна ўзрастаць у спадзяванні ўсяго ад Бога.

Калі іншыя лічаць, што ты пазбаўленая цноты, а ты менавіта ў гэты час шчыра стараешся яе здабыць, — казала Тэрэза навіцыятцы, — то гэтым яны нічога цябе не пазбаўляюць і не робяць больш убогаю.Горш для тых, хто несправядліва цябе асуджае, і лепш для цябе, калі ты прыніжаеш сябе з любові да Бога (RW I).

ЛІТАНІЯ АБ ПАКОРЫ

(для прыватнага чытання)

Кірые элейсон. — Хрыстэ элейсон. Кірые элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас. — Хрыстэ, выслухай нас.

 

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, Адзіны Божа.

 

Ціхі і пакорны сэрцам, — выбаў мяне, Езу.

Ад жадання шчасця,

Ад жадання супакою,

Ад жадання палёгкі,

Ад жадання выказацца,

Ад жадання таго, каб мяне любілі,

Ад жадання таго, каб мяне хвалілі,

Ад жадання таго, каб мяне разумелі,

Ад жадання таго, каб мяне шукалі,

Ад жадання таго, каб мне аддавалі перавагу перад іншымі,

Ад жадання таго, каб мяне шкадавалі,

Ад жадання таго, каб да мяне звярталіся за парадаю,

Ад жадання таго, каб лічыліся з маім меркаваннем,

Ад жадання таго, каб усё ўва мне лічылі добрым,

Ад боязі няўдачы,

Ад боязі крытыкі,

Ад боязі цяжкасцяў,

Ад боязі знявагі,

Ад боязі прыніжэння,

Ад боязі быць забытаю,

Ад боязі несправядлівасці,

Ад боязі быць абвінавачанаю,

Ад боязі кпінаў,

Ад боязі быць пагарджанаю.

 

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

 

Молімся: Божа, наш Ойча, Ты адчыняеш брамы свайго Валадарства малым і пакорным, учыні, каб мы з даверам ішлі па слядах святой Тэрэзы і праз яе заступніцтва дасягнулі вечнай славы. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.

МАЛІТВА АБ ЛАСЦЫ ПАКОРНАГА ДАВЕРУ

Звяртаюся да цябе, святая Тэрэза, просячы, каб ты навучыла мяне тваёй малой дарозе. Выпрасі для мяне ласку, каб я добра разумеў бясконцую, поўную міласэрнасці любоў нябеснага Айца да малых душаў, каб я з дзіцячым даверам і прастатою ва ўсіх патрэбах звяртаўся да Яго і, як малое дзіця, у цалкавітым спакоі спачываў у Ягоных руках. Амэн.

22.00-23-00

  Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта. Ружанец са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса. Праводзяць вернікі з к.п. Нарач вул. Кастрычніцкая д.1; д.2; д.3; д.4; д.13; д.14; д 15; д.19 ; д.21; д.2З;

РУЖАНЕЦ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

  1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

Дасканаласцьзаключаеццаўтым, кабвыконваць Божую волю, каб быць тым, чым Бог хоча нас мець. Я зразумела, што любоў нашага Пана аб’яўляецца гэтаксама і ў самай простай душы, якая ні ў чым не супраціўляецца Ягонай ласцы, і ў самай узнёслай, бо любові ўласціва прыніжаць сябе.

Падчас Звеставання Марыя выказвае ўнутраную паставу адкрытасці на ласку, якую дае Ёй Бог. Сваімfiat(«так») Яна паказвае, што хоча быць тым, чым Бог хоча Яе мець. Не супраціўляецца, а прымае Божую волю, якая прыходзіць у ласцы гэтай хвіліны.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за пакорныя і простыя сэрцы, якія сваім жыццём вучаць нас адкрытасці і прыніжэнню ў любові.

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

Як малыя птушаняты вучаццаспяваць, услухоўваючыся ў спеў сваіх бацькоў, падобна і дзеці знаёмяцца з тою ці іншаю цнотаю — гэтым ўзнёслым спевам любові да Бога, — знаходзячыся побач з душамі, якія займаюцца іх выхаваннем.

Падчас адведзінаў Марыя прыносіць у Эйн Карэм Бога-Чалавека. Спявае свой Маgпіfісаt(«Велічае душа мая»), Яе ўдзячнасць радуе сэрца Альжбеты і яе блізкіх. Марыя як будучая выхавацелька свайго Сына і «ўсіх сваіх дзяцей» вучыць унутранай паставе ўдзячнасці ў адносінах да Бога, вучыць служэнню і дзейснай любові да бліжняга.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што Ён даў нам Марыю-Маці як найдасканалейшы прыклад выхавацелькі, якая, спяваючы гімн любові да Бога, вучыць сваіх дзяцей цноце ўдзячнасці.

3. Нараджэнне Езуса Хрыста

Не бойся; чым больш убогаю ты будзеш, тым мацней палюбіць цябе Езус.

Падчас нараджэння Езуса Марыя не баялася, не звяртала ўвагі на беднасць і зневажальныя ўмовы, з якімі Яна сутыкнулася ў рэчаіснасці ўбогай стайні. Ужо там, у Бэтлееме, Яе радасць прабывання з Сынам праяўлялася ў адарацыі Божага дару любові. Убогасць, якая выпала на іх долю, яднала сэрцы, што любілі адно аднаго.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што праз прыйсце Езуса ва ўбогасці бэтлеемскай ночы Ен вучыць нас звяртаць увагу на вышэйшыя каштоўнасці і ў духу ўбоства зносіць жыццёвыя цяжкасці, а таксама дзяліцца любоўю з тымі, каму яна асабліва патрэбная.

4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

Сказана, што «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць», і гэта праўда, але паколькі Езус хоча ўзяць слодыч адорвання на сябе, то, напэўна, было б няветліва адмаўляцца. Дазволім жа Яму браць і даваць усё, што захоча; дасканаласць заключаеццаў выкананні Ягонай волі.

Падчас ахвяравання ў святыні Марыя аддае Дзіцятка Езуса Пану Богу і адначасова прымае з вуснаў Сімяона прароцтва аб цярпенні: «Праз Тваю душу пройдзе меч…». Яна аддае Сына, каб выканаць абавязак паводле Закону. Прымае, каб шмат любіць, любіць да канца, ажно да крыжа. Езус дае Ёй слодыч любові, якая паходзіць з гатоўнасці да ахвяры.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што ў паставе Марыі Ён вучыць нас аддаваць усё Богу і прымаць Яго ласкі дзеля болынай любові.

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

Захоўваць слова Езуса — вось адзіная ўмова нашага шчасця, доказ нашай любові да Яго. Але чым жа ёсць гэтае слова? Мне здаецца, што слова Езуса — гэта Ён Сам. Ён — Езус, Слова, Божае Слова!

Боль, які зведала Марыя, калі ў дарозе заўважыла, што няма Езуса, быў выкліканы стратай Сына. Яна знаходзіць Езуса ў святыні, дзе Ён «сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх». Да Марыі зноў вяртаецца спакой і радасць, а словы, якія Яна пачула ад Сына: «Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?», — Марыя захоўвае глыбока ў сваім сэрцы. У нашым жыцці мы так часта губляем Езуса, Жывое Слова Бога. Страта Езуса — гэта боль, сум і бессэнсоўнасць жыцця.

Разам з Марыяй і святою Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса будзем праслаўляць Пана Бога за тое, што Ён застаўся з намі ў Асобе Езуса — у Жывым Слове.

23.00-24.00

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта. “Маё шаленства – мець надзею”Праводзяць вернікі з к.п. Нарач вул. Нарачанская д.5;д.2; д.3; д.6; д.8; д.10; д.1; вул. Ленінская д.13

МЕЦЬ НАДЗЕЮ НАСУПЕРАК УСЯМУ

Давер, гэтаксама як любоў, гэта тое, што — паводле святой Тэрэзы — «бярэ Езуса за сэрца», так што Ён схіляецца над намі і дзейнічае ў нас моцаю сваёй міласэрнасці. Свайму духоўнаму брату місіянеру Тэрэза тлумачыць гэта наступным чынам:

Я адчуваю, што мы павінны тою самаю дарогаю накіроўвацца да Неба — дарогаю цярпення, злучанага з любоўю. Калі я ўжо дасягну порту, то навучу цябе, дарагі брацік маёй душы, як ты павінен плыць пад ветразямі праз бурнае мора свету: з даверам і любоўю дзіцяці, якое ведае, што Айцец яго любіць і не можа пакінуць яго без дапамогі ў хвіліну небяспекі. Ах! як жа мне хацелася б даць табе зразумець ласкавасць Езусавага Сэрца і тое, чаго Яно ад цябе чакае.Твая душа з’яўляецца сястрою маёй душы; бо яна пакліканая, каб узносіцца да Бога на ліфце любові, а не ўзбірацца па цяжкіх прыступках боязі. Я не здзіўляюся, што сяброўскія адносіны з Езусам здаюцца табе крыху цяжкімі для рэалізацыі; да гэтага не дойдзеш за адзін дзень. Мне хацелася б пастарацца прывесці вельмі простае параўнанне, каб ты зразумеў, як Езус любіць душы, нават недасканалыя, якія Яму даверыліся.

Дапусцім, што нейкі бацька мае двух сыноў, непаслухмяных свавольнікаў; прыходзіць іх пакараць і бачыць, што адзін з іх трасецца і трымаецца на адлегласці, ахоплены трывогаю, бо адчувае ў глыбіні сэрца, што заслужыў пакаранне. А яго брат, наадварот, кідаецца ў абдымкі бацькі і кажа, што шкадуе з-за ўчыненага яму зла, што любіць яго і што, жадаючы гэта паказаць, цяпер ужо будзе добра сябе паводзіць. А калі яшчэ папросіць, каб бацька «пакараў» яго пацалункам, то не веру, каб сэрца шчаслівага бацькі магло ўстаяць перад даверам дзіцяці, ведаючы яго шчырасць і любоў. Ён ведае, што сын яшчэ не раз ізноў учыніць тыя самыя правіны, але заўсёды гатовы прабачыць, калі сын возьме яго за сэрца. Не згадваю пра першае дзіця, напэўна, ты разумееш, дарагі брацік, ці зможа бацька яго так любіць і адносіцца да яго з такою ж паблажлівасцю, як да другога (TDL 258).

МЫ АТРЫМЛІВАЕМ СТОЛЬКІ,
КОЛЬКІ СПАДЗЯЁМСЯ АТРЫМАЦЬ

Мы столькі атрымліваем ад Бога, колькі маем даверу. Тым, што захапляе Бога і прыцягвае Яго да нас, з’яўляецца наш давер. Падзенні не абвергнулі надзеі святой Тэрэзы. Хоць яна часта падае, не перастае давяраць. Не аслабляе гэтага даверу нават цярпенне апошніх месяцаў жыцця. Яна ўпэўненая, што Бог не дасць ёй нічога звыш сілы, і што яна ўсё атрымае ў свой час.

Я слабая і недасканалая, аднак прагну стаць святою. Адчуваю заўсёды тую самую дзёрзкую веру, што стану вялікаю святою. Таму што я не разлічваю на свае заслугі — бо іх няма ніводнай, — але давяраю Таму, хто ёсць самою Дасканаласцю і Святасцю. Гэта Ён, задавольваючыся толькі маімі слабымі намаганнямі, падыме мяне да Сябе і, ахінаючы мяне сваімі бясконцымі заслугамі, учыніць святою (Rps A 32r).

Тэрэза даходзіць у сваім даверы ажно да межаў крайнасці. Яе не расчаравалішматлікія перашкоды і цярпенне, не зламалі сухасць і цемра на малітве, не адпіхнулі прыніжэнне і зведаныя крыўды. Умацаваная любоўю Езуса, яна ішла за тым агнём, які палаў у яе сэрцы!

ДАВЯРАЦЬ — ГЭТА ЗНАЧЫЦЬ
НЕ РАСЧАРОЎВАЦЦА

Мы не павінны падаць духам, калі ўвесь час здзяйсняем тыя самыя памылкі. Не павінны расчароўвацца, калі нашае духоўнае жыццё не развіваецца так, як нам таго хочацца. Бог бясконца цярплівы і мудры.

Мая дарога — гэта дарога даверу і любові. Ніколі не бывае зашмат даверу да такога магутнага і такога міласэрнага Бога. Таму што мы столькі ад Яго атрымліваем, колькі спадзяёмся (пар. DD; сведчанні).

Недахоп даверу наймацней раніць і абражае Сэрца Езуса. Таму Тэрэза не дазваляе сабе ніколі абмяжоўваць уласныя імкненні. Нават бачачы сваю ўбогасць і недасканаласць, якія зноў і зноў вяртаюцца, як поры года, яна не змяншала сваёй упэўненасці, што дасягне святасці і ўвойдзе ў Неба. Тэрэза піша да сваёй сястры Леані:

Запэўніваю цябе, што Пан Бог намнога лепшы, чым ты думаеш. Ён задавольваецца адным позіркам, адным уздыхам любові. Што датычыць мяне, то я лічу, што практыкаваць дасканаласць вельмі лёгка; я зразумела, што трэба толькі пакарыць Езусава сэрца. Прыгледзься да малога дзіцяці, якое выклікала гнеў маці, бо злавалася або было непаслухмяным; калі цяпер яно стане ў кут з надутаю мінаю або пачне крычаць, баючыся пакарання, то мама, напэўна, не прабачыць яму ўчыненай правіны. Але калі яно падыдзе да яе з усмешкаю, выцягне ручкі і скажа: «Пацалуй мяне, я больш не буду так рабіць», — ці ж маці не прытуліць яго да сэрца, забываючы пра яго дзіцячы выбрык? На самай справе яна добра ведае, што пры першай магчымасці яе дарагая малеча зноў правініцца, але, нягледзячы на гэта, калі дзіця зноў звернецца да яе сэрца, то ніколі не будзе пакаранае.

Ужо ў часы закону боязі, перад прыйсцем Пана нашага Езуса Хрыста, прарок Ісая казаў, прамаўляючы ад імя Валадара нябёсаў: «Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля? Але калі б нават і забылася, Я не забуду пра цябе». Якое захапляючае абяцанне! Ах! хіба ж мы, якія жывём пад законам любові, не павінны карыстацца добразычлівасцю, якую нам аказвае наш Абраннік? Як можна баяцца таго, хто дазволіў бынават звязаць сябе адным воласам з нашай галавы? Таму трэба навучыцца трымаць, як вязня, таго Бога, які моліць аб нашай любові. Найменшы ўчынак, выкананы з любові, захапляе Яго Сэрца. Ах! калі б трэба было рабіць вялікія рэчы, ці не былі б мы вартыя жалю? Але якія ж мы шчаслівыя, бо Езус дазваляе ўзяць сябе ў палон найменшымі рэчамі!

Дарагая Леані, у цябе няма недахопу ў зручных выпадках для дробных ахвяраў; хіба ж тваё жыццё не складаецца выключна з іх? Я цешуся, бачачы, што ты стаіш перад абліччам менавіта такога скарбу, а асабліва — думаючы пра тое, што ты ўмееш ім карыстацца, не толькі для сябе, але таксама для душаў. Так соладка дапамагаць Езусу нашымі дробнымі ахвярамі, дапамагаць Яму ў збаўленні душаў, якія Ён адкупіў цаною сваёй крыві і якія толькі чакаюць нашай дапамогі, каб не праваліцца ў пекла. Мне здаецца, што нашыя ахвяры з’яўляюцца валасамі, якія звязваюць Езуса, але таксама і нашая радасць служыць той самай мэце. Нам толькі трэба вырачыся занадта самалюбнага займання сваім шчасцем, а ахвяраваць нашаму Абранніку дробныя радасці, якія Ён раскідае на дарозе жыцця, каб прывесці ў захапленне нашыя душы і прыцягнуць іх увысь, ажно да Сябе (TDL 191).

НАШЫЯ ГРАХІ НЕ З’ЯЎЛЯЮЦЦА ПЕРАШКОДАЮ
ДЛЯ ДАВЕРУ

Найбольш і найчасцей стрымлівае нас ад таго, каб поўнасцю даверыцца Богу, усведамленне ўчыненых намі цяжкіх правінаў. Дакоры сумлення і сорам з прычыны здзейсненых грахоў часта становяцца прычынаю таго, што мы ўжо не спадзяёмся на вялікія ласкі ад Яго. Пачынаем абмяжоўваць нашае імкненне да святасці. Расчараваныя сабою, мы часта адчуваем прыгнечанасць і не льнём да Божага Сэрца з такім, як раней, жарам любові. Аднак гэта доказ таго, што мы абапіралі сваё асвячэнне на ўласнай справядлівасці і на сваіх намаганнях. А Тэрэза кажа:

Успамін аб маіх правінах прыніжае мяне, схіляе да таго, каб ніколі не абапірацца на ўласныя сілы, бо ёсць толькі слабасць (TDL 247).

Успамін пра былыя грахі і нявернасць яшчэ больш кажа Тэрэзе пра міласэрнасць і любоў Бога. Таму што немагчыма, каб нашыя віны «не згарэлі беспаваротна, калі іх кідаюць з дзіцячым даверам у палаючае вогнішча любові». Можна было б падумаць, што Тэрэза мае такі вялікі давер да Бога, бо яна не зграшыла і ніколі не ўчыніла смяротнага граху, а суровае жыццё выбрала, каб кампенсаваць не за свае, а за чужыя грахі. Але яна сама абвяргае гэтае меркаванне:

Можна было б дапусціць, што я таму маю такі вялікі давер да Бога, бо была захаваная ад смяротнага граху. Кажыце ясна, мая Маці, што хоць бы я здзейсніла ўсе магчымыя злачынствы, я заўсёды мела б такі самы давер, адчувала б, што гэтае мноства грахоў было б як кропля вады, кінутая на палаючае вуголле (OS, 11 ліпеня).

Я адчуваю, што хоць бы маё сумленне было абцяжарана ўсімі магчымымі грахамі, я пайшла б з сэрцам, поўным раскаяння, каб кінуцца ў абдымкі Езуса, бо ведаю, як Ён любіць блуднае дзіця, якое вяртаецца да Яго (Rps C 36v).

ЗАКЛІК ДА ДАВЕРУ

Палюбіць сваю маласць і бязмежна даверыцца Богу — вось тая схільнасць сэрца, якая з’яўляецца сутнасцю малой дарогі. Пакора без даверу — гэта расчараванне і прыгнечанасць, а давер без пакоры — гэта дзёрзкасць, разам жа яны вядуць да любові, без якой самыя вялікія ўчынкі не маюць перад Богам ніякай каштоўнасці.

О! калі б усе слабыя і недасканалыя душы адчувалі тое, што адчувае найменшая з іх усіх, душа малой Тэрэзы, ніводная не страціла б надзею, што здабудзе вяршыню гары любові, бо Езус не жадае вялікіх учынкаў, але толькі даверлівага спадзявання на Яго і ўдзячнасці (Rps B 1v).

Давер і нічога апроч даверу, які павінен прывесці нас да любові (TDL 197).

Гэта праўда, што трэба рабіць усё, што ў нашых сілах, што трэба пастаянна выракацца сябе і даказваць сваю любоў да Бога ўчынкамі міласэрнасці. Аднак усё гэта не самае важнае. Трэба ўвесь давер ускласці на Бога, які адзіны асвячае ўчынкі, і чакаць, што Ён дасць нам усё, чаго мы прагнем.

ЛІТАНІЯ АБ НАДЗЕІ

(для прыватнага чытання)

Кірые элейсон. — Хрыстэ элейсон. Кірые элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас. — Хрыстэ, выслухай нас.

 

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, Адзіны Божа.

 

На ўсе патрэбныя мне ласкі — спадзяюся, о Божа.

На штодзённы пасілак,

На дапамогу ва ўсіх маіх справах,

На захаванне мяне ад няшчасця і небяспекі,

На дапамогу падчас спакусаў да граху,

На пастаянную цярплівасць у непрыемнасцях і перашкодах,

На адпушчэнне грахоў,

На шчырае выпраўленне жыцця,

На вытрымку ў добрым,

На поўную заслугаў і цнотаў смерць,

На вечнае шчасце і радасць з Табою ў Небе.

 

Хоць бы ўсё абярнулася супраць мяне, — маю надзею, о Божа.

Хоць бы мне здавалася, што нават Ты сам мяне пакінуў,

Не ў сабе і не ў сваіх сілах,

Не ў чалавечай прыхільнасці і не ў дапамозе,

Не ў мудрасці і сіле свету, але ў Табе самім,

У Тваёй дабрыні, Тваім Провідзе і Тваёй усемагутнасці,

У Тваёй бясхібнай вернасці,

У Тваёй бясконцай міласэрнасці,

У бязмежных заслугах Твайго Сына,

У заступніцтве ўсіх святых,

У еднасці з даверам і надзеяй Найсвяцейшай Панны.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

Молімся: Божа, Ты нікога не пакідаеш і не губляеш таго, хто давярае Табе, прашу Цябе праз Тваю Айцоўскую дабрыню, праз Езуса Хрыста, Твайго ўмілаванага Сына, дай мне сыноўскі давер да Цябе і недавер да сябе. Учыні, каб ва ўсіх патрэбах, выпадках і небяспеках я звяртаўся толькі да Цябе. Даручаю ўсё Табе і Твайму Провіду; дай мне толькі, о Божа, ласку, каб я заўсёды застаўся верным Табе. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

01.00-02.00

 Чуванне перад рэліквіямі Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. “Міласэрнасць добрага Бога”Праводзяць вернікі з в. Нарач вул. Першамайская, Нарачанская, Завадская, Савецкая

МІЛАСЭРНАСЦЬ ДОБРАГА БОГА

ПРЫРОДА МІЛАСЭРНАСЦІ — ЗНІЖЭННЕ

²Прырода Божай Міласэрнасці, якая так захапляе святую Тэрэзу, — зніжэнне.

Я зразумела, што любоў нашага Пана аб’яўляецца гэтаксама і ў самай простай душы, якая ні ў чым не супраціўляецца Ягонай ласцы, і ў самай узнёслай, бо любові ўласціва прыніжаць сябе. Таму што, калі б усе душы былі падобныя да душаў святых дактароў, якія асвячаюць Касцёл бляскам свайго вучэння, то тады магло б здавацца, што добры Бог, сыходзячы да іх, не сходзіць даволі нізка. Ён, аднак, стварыў дзіця, якое нічога не ведае і здольнае толькі слаба папісківаць; Ён стварыў беднага дзікага чалавека, які кіруецца выключна законамі прыроды, і да іх сэрцаў мае ласку зніжацца; гэта менавіта тыя палявыя кветкі, прастата якіх захапляе Яго. Зніжаючыся так моцна, добры Бог праяўляе сваю бязмежную веліч. Як сонца асвячае адначасова кедры і кожную малую кветачку, нібыта яна адзіная на зямлі, гэтак і наш Пан клапоціцца пра кожную душу паасобку так, як бы яна не мела падобных да сябе. І як у прыродзе змена пораў года прыводзіць да таго, што ў прызначаны дзень можа заквітнець самая маленькая стакротка, гэтак жа ўсё адпавядае дабру кожнай душы (Rps A 2v).

²Таямніцу зніжэння, памяншэння Бога Тэрэза кантэмплюе ў містэрыях Уцелаўлення, Мукі і Эўхарыстыі. Кантэмплюючы гэтыя таямніцы, яна вучыцца мудрасці любові. Заўважае, што Хрыстус, існуючы ў постаці Божай, не карыстаецца ніякай магчымасцю, каб зрабіць яўнаю сваю боскую хвалу, але з любові да нас утойвае сваё ззянне і робіцца падобным да нас ва ўсім, апроч граху. Уцелаўленне і ўкрытае жыццё Хрыста паказвае Тэрэзе вялікую любоў Бога, які згаджаецца быць малым і ўбогім.

Не магу баяцца Бога, які дзеля мяне стаў такім малым. Люблю Яго! Таму што Ён — толькі Любоў і Міласэрнасць! (TDL 266)

²Бог, бачачы нашую слабасць, не толькі не расчароўваецца з-за нашых падзенняў, але як бы прыцягваецца імі. Ён схіляецца над намі і падымае нас. Зніжаецца ажно да нікчэмнасці, ажно да глыбіняў нашай слабасці. Ачышчае і падымае, перамяняючы душу ў агонь Божай любові. Чым ніжэй сходзіць чалавек, упадаючы ў грэх, тым ніжэй сходзіць Божая Міласэрнасць, каб выратаваць і абагавіць чалавека. Гэтае жаданне любіць свае стварэнні ў Бога такое моцнае, што яно робіць Яго ў пэўным сэнсе сляпым, і гэта для Тэрэзы з’яўляецца праяваю Яго міласэрнасці.Адной з навіцыятак, якая не была ўпэўненая, ці задаволены ёю Езус, бачачы яе вялікую ўбогасць, Тэрэза адказала:

Не бойся. Той, каго ты выбрала Жаніхом, несумненна дасканалы ва ўсіх цнотах; але асмелюся сказаць, што ў той жа час Ён мае вялікую слабасць: Ён сляпы! А таксама не ўмее аднаго: падлічваць карысць. Калі б Ён добра бачыў, калі б умеў падлічваць, то хіба ж не павінен быў бы з-за ўсіх нашых грахоў ператварыць нас у нішто? Але не, Яго любоў да нас робіць Яго сляпым у пазітыўным сэнсе. Падумай толькі: калі самы вялікі грэшнік на свеце ў хвіліну смерці раскайваецца і памірае ў акце любові, то Пан, не лічачы, з аднога боку, незлічоных ласкаў, якімі гэты няшчасны злоўжываў, ані, з другога боку, гэтых ягоных злачынстваў, бачыць адзіна яго апошнюю малітву, улічвае толькі яе і безадкладна прымае яго ў абдымкі сваёй Міласэрнасці. Але, каб учыніць Яго такім сляпым і няздольным да найменшага падліку, трэба ўмець браць Яго за Сэрца; гэта Яго слабы бок (RW III).

МІЛАСЭРНАСЦЬ ЦЯРПЛІВАЯ

²Зніжаючыся да ўзроўню і магчымасцяў чалавека, Божая Міласэрнасць працуе цярпліва і паступова. На прыкладзе адной з сясцёр, у якой Тэрэзе хацелася многае змяніць, Бог даў ёй зразумець наступнае:

Ёсць душы, якіх Ён у сваёй міласэрнасці чакае нястомна, якім удзяляе свайго святла паступова. Таму я вельмі асцерагалася, каб не апярэдзіць Яго гадзіны і цярпліва чакала, пакуль Езус не дазволіць ёй настаць (Rps C 21r).

МІЛАСЭРНАСЦЬ ЗАЎСЁДЫ АПЯРЭДЖВАЕ

²Божая Міласэрнасць аб’яўляецца Тэрэзе не толькі ў прабачэнні грахоў ці ў дапаўненні недахопаў, але таксама ў захаванні ад граху. Божая Міласэрнасць заўсёды АПЯРЭДЖВАЕ. Тэрэза, якая не здзейсніла ў сваім жыцці смяротнага граху і ні ў чым Богу не адмовіла, прыпісвае захаванне свайго адзення нявіннасці Божай Міласэрнасці. Бог наперад захаваў яе ад усіх грахоў, якія яна магла ўчыніць, маючы да гэтага схільнасці і магчымасці. Нявіннасць, паводле Тэрэзы, — гэта не толькі натуральная здольнасць, вынік шчаслівага збегу акалічнасцяў, але гэта ні чым не заслужаны дар міласэрнага Бога.

О! я ведаю, што Езус лічыў мяне занадта слабаю, каб падвяргаць мяне спакусам; можа, я згарэла б заўчасна ў гэтым абманлівым святле [стварэнняў], калі б яно заблішчэла перад маімі вачыма. А тым часам я знаходжу толькі горыч у тым, што напаўняе радасцю моцныя душы і чаго яны мусяць выракацца, каб застацца вернымі. Таму няма ніякай маёй заслугі ў тым, што я не аддалася любові да стварэнняў, бо засцерагла мяне ад гэтага вялікая міласэрнасць добрага Бога! Я ўсведамляю, што без яе я ўпала б, можа, гэтак жа нізка, як святая Магдалена. Так, я ведаю, што «каму мала даравана, той менш любіць», але ведаю і тое, што Езус дараваў мне больш, чым святой Магдалене, бо дараваў мне загадзя, утрымліваючы мяне ад падзення.

Вось прыклад, які хоць трохі растлумачыць маю думку. Дапусцім, што сын беднага лекара, сустракаючы на сваёй дарозе камень, спатыкаецца за яго і, падаючы, ламае нейкую з частак свайго цела. Адразу ж прыбягае бацька, з любоўю падымае яго, аглядае і перавязвае яго раны, лечачы іх усімі вядомымі яму спосабамі. Праз нейкі час сын, поўнасцю вылечаны, выказвае яму сваю ўдзячнасць. Дзіця гэтае, несумненна, мела прычыны, каб любіць свайго бацьку. Але дапусцім яшчэ іншую магчымую сітуацыю. Бацька, ведаючы, што на дарозе яго сына знаходзіцца камень, апярэджвае яго і незаўважна прымае гэты камень. Несумненна, што той сын, які акружаны такою прадбачліваю любоўю, але НЕВЕДАЕ, ад якога няшчасця выбавіў яго бацька, не выкажа яму сваю ўдзячнасць і будзе менш яго любіць, чым тады, калі б быў вылечаны ім.Але калі сын усё ж даведаецца, якой ён пазбег небяспекі, ці ж не будзе любіць бацьку яшчэ больш?

Дык вось, я з’яўляюся тым дзіцем, аб’ектам апераджальнай любові Айца, які паслаў сваё Слова для таго, каб адкупіць не праведных, але грэшнікаў. Ён хоча, каб я любіла Яго за тое, што Ён дараваў мне не толькі многа, але ўсё. Не чакаў, пакуль я палюблю Яго мацней, чым святая Магдалена, але хацеў, каб я ЗРАЗУМЕЛА, што Ён палюбіў мяне дзівоснаю, апераджальнаю любоўю, і каб наўзамен любіла Яго цяпер да безразважнасці! Неаднойчы я чула, як казалі, што не сустрэнеш чыстай душы, якая любіла б мацней, чым душа, што раскайваецца. Як жа мне хацелася б абвергнуць гэтыя словы! (Rps A 39r)

МІЛАСЭРНАСЦЬ — МЕРА ЛЮБОВІ ДА БЛІЖНЯГА

²Мераю любові да бліжняга для Тэрэзы з’яўляецца Божая Міласэрнасць. Тэрэза добра ведае, што з чалавечага пункту гледжання такая любоў недасяжная. Аднак яна становіцца магчымаю тады, калі мы прымаем Божую Міласэрнасць і дазваляем ёй у нас і праз нас дзейнічаць. Бог, даючы нам наказ любіць бліжняга Яго любоўю, тым самым хоча нас абагавіць і перамяніць у сябе.

Паколькі Езус даў сваім Апосталам новую запаведзь, сваю ўласную, то — як кажа Ён далей — яны павінны любіць бліжняга не толькі як сябе саміх, але любіць так, як Ён, Езус, іх любіць, як будзе любіць ажно да сканчэння вякоў. Ах! Пане, я ведаю, што Ты не загадваеш рабіць немагчымыя рэчы. Ты лепш за мяне ведаеш маю слабасць, маю недасканаласць, добра ведаеш, што я ніколі не магла б любіць маіх сясцёр так, як любіш іх Ты, калі Ты сам, о мой Езу, не будзеш іх любіць ува мне. Жадаючы даць мне гэтую ласку, Ты даў новую запаведзь. О! як жа я люблю гэтую запаведзь, бо яна дае ўпэўненасць, што Ты хочаш любіць ува мне усіх тых, каго наказаў мне любіць. О, так! я разумею, што калі я міласэрная, то тады сам Езус дзейнічае ўва мне; чым мацней я з Ім паяднаная, тым большьш ува мне любові да ўсіх маіх сясцёр (Rps C 12v).

 

ЛІТАНІЯ АБ БОЖАЙ ЛЮБОВІ

(для прыватнага чытання)

 

Кірые элейсон. — Хрыстэ элейсон. Кірые элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас. — Хрыстэ, выслухай нас.

 

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.

Сыне, Адкупіцель свету, Божа,

Духу Святы, Божа,

Святая Тройца, Адзіны Божа.

 

Божа, Ты з’яўляешся бязмежнаю любоўю, — змілуйся над намі.

Божа, Ты мяне першы палюбіў,

Божа, Ты клічаш мяне да любові.

 

Усім сэрцам — люблю Цябе, Божа.

Усёй душою,

Усім розумам,

Усімі сіламі маімі,

Больш за ўсялякае багацце і годнасць,

Больш за ўсялякую радасць і асалоду,

Больш за сябе самога і больш за ўсё,

Больш за ўсіх родных і сяброў,

Больш за ўсіх людзей і анёлаў,

Больш за ўсе стварэнні на небе і на зямлі,

Толькі дзеля Цябе самога,

Бо Ты для мяне найвышэйшае дабро,

Бо Ты бясконца годны любові,

Бо Ты бязмежна дасканалы,

Нават калі б не паабяцаў мне Неба,

Нават калі б не прыгразіў мне пеклам,

Нават калі б выпрабоўваў мяне непрыемнасцямі і перашкодамі,

У дастатку і ў беднасці,

У шчасці і ў няшчасці,

Ва ўзвышэнні і ў прыніжэнні,

У радасці і ў смутку,

У здароўі і ў хваробе,

У жыцці і пры смерці,

У часе і ў вечнасці,

У лучнасці з любоўю, якою любіць Цябе Найсвяцейшая Панна Марыя.

 

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Езу.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Езу.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі, Езу.

 

Молімся: Пане Езу, Ты сказаў: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!», просім Цябе праз заступніцтва святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, распалі ў нас такую ж любоў, якою яна палюбіла Цябе, каб мы па яе прыкладу былі гатовыя аддаць дзеля Цябе нават жыццё. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

02.00-03.00

 Чуванне перад рэліквіямі Святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса “Я заўсёды прагнула навукі любові”. Праводзяць вернікі з в. Нарач вул. Новая, Чыгуначная, Лясная, Школьная

НАВУКА ЛЮБОВІ —
ГЭТАЙ НАВУКІЯ ЗАЎСЁДЫ ПРАГНУЛА

ЛЮБОЎ — ГЭТА АДДАВАННЕ СЯБЕ

²Сапраўдная любоў па сваёй прыродзе не шукае ўласнай карысці, але карысці Умілаванага. Яна не падлічвае, не адмярае і не памятае ўласных ахвяраў ці пасвячэнняў, але ніколі не забывае пра тое, што дзеля яе ўчыніў яе Умілаваны. Сапраўдная любоў марнатраўная, безразважная, сляпая, бесклапотная, нястрымная як паток, велікадушная і спадзяецца на ўсё.

Уласцівасць любові — складаць ахвяру з усяго, даваць, не задумваючыся, транжырыць, нішчыць нават надзею на плён, дзейнічаць з безразважнасцю, быць марнатраўнаю ажно да лішку, ніколі не падлічваць. О благаслаўлёная бесклапотнасць, шчаслівая асалода любові! Любоў дае ўсё і разлічвае на ўсё! Але вельмі часта мы вагаемся перад ахвяраваннем нашай матэрыяльнай і духоўнай карысці. Гэта не любоў! Любоў сляпая, яна — паток, які нічога не пакідае на сваім шляху! (RW I)

УБОГІ ТАКСАМА МОЖА БЫЦЬ
БАГАТЫМ НА ЛЮБОЎ

²Калі мы глядзім на жыццё святой Тэрэзы, можа здарыцца, што ў нас абудзіцца зайздрасць да яе ўчынкаў. Колькі ж з нас хацелі б — як яна — рабіць дабро, пісаць вершы, маляваць, ствараць прыгожыя рэчы, якія распаляюць любоў да Бога! Аднак такія імкненні былі б нашым багаццем. Перад Богам трэба быць убогім. Трэба клапаціцца адзіна пра любоў.

Не трэба прывязваць да гэтага сэрца. Не трэба прагнуць рабіць дабро праз кнігі, паэзію, творы мастацтва. Ох, не! Ведаючы нашае бяссілле, трэба ахвяраваць Богу творы іншых; менавіта ў гэтым заключаецца дабрадзейства еднасці святых.Нашае бяссілле ніколі не павінна быць для нас прычынаю прыгнечанасці. Будзем жа клапаціцца толькі пра любоў.

Калі я люблю дабро, якое ёсць у маім бліжнім, больш, чым ён сам яго любіць, то тады гэтае дабро больш маё, чым яго. Калі я люблю ў святым Паўле ўсе ласкі, якія ўдзяліў яму Бог, то на гэтай падставе ўсё гэта належыць гэтаксама і мне, як яму. Праз гэтую супольнасць я магу быць багатаю ўсім дабром, якое ёсць на небе і на зямлі, у анёлах, святых і ў тых, хто любіць Бога. Доктары Касцёла вучаць нас, што ў Небе любоў, якая лучыць усіх выбраных, такая велізарная, што кожны радуецца шчасцем іншых у такой ступені, на якую заслужыў, каб цешыцца сваім ўласным. Ты ўчыніш столькі ж дабра, як і я, і нават больш, праз імкненне рабіць дабро і праз найбольш укрытыя і здзяйсняемыя з любові ўчынкі, напрыклад, аказваючы невялікую паслугу, якая вельмі шмат каштуе. Ты ведаеш, што я — убогая, але Пан Бог дае мне ўсё па меры таго, як узнікае ў гэтым патрэба (RW I).

ЗАСТАВАЦЦА Ў ЦЭНТРЫ ЛЮБОВІ

²Каштоўнасць нашых учынкаў у вачах Бога выцякае адзіна з любові. Толькі ў яе святле, у яе праменях нашая ўбогасць набірае бляску, а нашыя слабыя намаганні набываюць сілу і вечную каштоўнасць. Калі, аднак, мы аддаляемся ад гэтага ЦЭНТРАЛЮБОВІі хочам нешта рабіць для Бога па-свойму, на сваю адказнасць, сваёю моцаю і ўласнымі сіламі, то ўсё, што робім, застаецца толькі нашым, грэшным, брудным і нічога не вартым. Тэрэза паказвае гэта на прыкладзе пэўнай, добра ёй вядомай з дзяцінства цацкі:

Гэта быў калейдаскоп, род падзорнай трубы, на канцы якой, калі яе парухаць, былі відаць прыгожыя рознакаляровыя ўзоры, якія без канца змяняліся. Гэты прадмет быў аб’ектам майго захаплення, і я задавала сабе пытанне, адкуль бяруцца гэтыя дзіўныя карцінкі, ажно пакуль аднойчы, дакладна даследаваўшы, не ўбачыла, што гэта былі проста маленькія кавалачкі каляровай паперы і шэрсці, парэзаныя і дзе-нідзе раскіданыя. Даследуючы далей, я заўважыла ўнутры трубы тры люстэркі. Такім чынам, я атрымала ключ ад гэтай загадкі.

Для мяне гэта быў вобраз вялікай таямніцы. Пакуль нашыя нават самыя дробныя ўчынкі не пакідаюць вогнішча любові — Найсвяцейшую Тройцу, вобразам якой з’яўляюцца злучаныя паміж сабою люстэркі, — яно надае ім бляск і дзівосную прыгажосць. Гэтаксама, пакуль любоў ёсць у нашым сэрцы, пакуль мы не аддаляемся ад яе цэнтра, — усё добра. Таму што любоў умее выкарыстоўваць усё: і дабро, і зло, якое ўва мне знаходзіцца, і перамяняе ўсё ў сябе. Пан Бог, гледзячы на нас праз падзорную трубу, гэта значыць, як бы праз сябе самога, заўважае, што нашыя мізэрныя саломкі і нашыя дзеянні, якія нічога не значаць, заўсёды прыгожыя; так што менавіта таму не трэба аддаляцца ад гэтага малога цэнтра! Бо інакш Ён убачыць толькі мізэрныя кавалачкі шэрсці і маленькія паперкі! (RW I).

ТОЛЬКІ ЛЮБОЎ НАДАЕ
ПРАЎДЗІВУЮ КАШТОЎНАСЦЬ ЧАСУ

²Тэрэзе дастаткова было столькі ведаў, колькі трэба было, каб любіць Бога. Яна падбірала літаратуру для чытання вельмі старанна і, не могучы прачытаць усё, не засмучалася ад гэтага. Яна ведала, што канчатковая мэта ўсіх дзеянняў заключаецца ў тым, каб дайсці да дасканалай любові да Бога і бліжняга, а для гэтага вялікая эрудыцыя не патрабуецца безумоўна. Дастаткова навукі любові, якая набываецца праз учынкі любові. Для таго, каб полымя любові палала ў ёй пастаянна, Тэрэза настойліва старалася адрываць сваё сэрца ад усялякай хцівасці і рабіць няспынную ахвяру са сваіх схільнасцяў.

Аднойчы, знаходзячыся перад бібліятэкаю, яна сказала са звычайнаю для яе радасцю: «Ох! якая ж я была б прыгнечаная, калі б прачытала ўсе гэтыя кнігі! Калі б я іх чытала, то гэта знудзіла б мяне, быў бы страчаны цэнны час, які я выкарыстала б проста на тое, каб любіць Пана Бога!» (RW I)

ПАСТАВІЦЬ УСЁ НА ЛЮБОЎ

²З дзяцінства святая Тэрэза адчувала сілу іншага, сапраўднага — бо вечнага — жыцця. Усё больш яднаючыся з Богам, яна ясна бачыла ўбогасць гэтага зямнога жыцця. Любоў, якая ў ёй палала, жадала хутка і надзейна дасягнуць сваёй мэты. Таму таксама ўвесь свой час і сілы Тэрэза прысвячала на тое, каб падрыхтаваць дух для ўваходу ў агонь любові. Яна ўсё паставіла на любоў.

Я не хачу быць «гандляркаю гароднінай», якая зарабляе, нейкія грашы. Праўда, ёсць душы, якія ўсё жыццё столькі зарабляюць, хоць працуюць так, што гэта вымагае прапарцыянальнай узнагароды. Але я стаўлю на банк Любові.Я рызыкую высокаю стаўкаю. Ці не прагадаю на гэтым — некалі ўбачу! Я не займаюся біржавымі гульнямі, усё робіць за мяне Езус. Не ведаю, багатая я ці бедная, убачу гэта некалі пазней! (RW I).

Калі б я была багатаю, то не магла б глядзець на беднага, які галадае, не ўдзяляючы яму са сваіх дабротаў. Гэтаксама, па меры набывання нейкага духоўнага скарбу, калі ў гэтую хвіліну адчуваю, што ёсць душы, якім пагражае небяспека вечнага асуджэння, аддаю ім усё, што маю, і я не знайшла яшчэ ніводнай хвіліны, каб магла сказаць сабе: цяпер буду працаваць для сябе (OS, 12 ліпеня).

МАЛІТВА АБ ЛАСЦЫ
ДАСКАНАЛАЙ ЛЮБОВІ ДА БЛІЖНЯГА

«Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12).

О мой Езу, для Тваіх вучняў недастаткова запаведзі любіць бліжняга, як самога сябе. Ты жадаеш, каб мы любілі яго так, як любіш Ты сам, як будзеш любіць ажно да сканчэння вякоў!

Езу, я ведаю, што Ты не наказваеш рабіць немагчымыя рэчы; Ты лепш за мяне ведаеш маю слабасць і маю недасканаласць, ведаеш, што я ніколі не змагу любіць бліжніх так, як любіш Ты, калі Ты сам, Пане, не будзеш іх любіць ува мне. І менавіта таму, што хочаш удзяліць мне гэтую ласку, Ты даў гэтую «новую» запаведзь. О, як жа я люблю гэтую Тваю святую запаведзь! Яна дае мне ўпэўненасць, што Ты сам хочаш любіць ува мне тых, якіх наказаў мне любіць. О так, мой Езу, я добра гэта адчуваю;

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Ноч чування са Святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса

Аўтар: Адміністратар