“Totus Tuus” Увесь Твой, або Кветкі ад пілігрымаў для Маці Божай Будслаўскай
Сёлетнія будслаўскія ўрачыстасці адбываюцца пад дэвізам Totus Tuus («Увесь Твой») — так гучыць дэвіз біскупскага служэння Святога Яна Паўла ІІ, які звярнуў гэты заклік да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Духоўныя пілігрымы пілігрымкі Нарач-Будслаў (137 чалавек з розных куткоў Беларусі і свету) падрыхтавалі для Маці Божай Будслаўскай у падарунак кветкавую кампазіцыю (зроблена Маінай Навумчык) : фрагмент герба Папы Яна Паўла ІІ.
Такім чынам пілігрымы хочуць акцэнтаваць увагу на тым, што Святы Ян Павел ІІ сваё жыццё цалкам аддаў у рукі Марыі.
Адначасова духоўныя пілігрымы хочуць праз гэты жэст даручыць Маці Божай Будслаўскай сябе саміх, родных, блізкіх, а таксама нашу Бацькаўшчыну Беларусь.
Будслаўскі рэп
Не дае карона да Цябе нам крочыць,
Хоць кожны пілігрым гэтага хоча.
Ў малітвах мы Маці заўсёды з табой,
Пілігрымуем у думках у Будслаў Твой.
Духоўны пілігрым гучыць горда.
Ты выслухаеш нас – верым цвёрда.
Ў 15 гадзін яднаемся з Табой
І просім Твайго Сына даць мір і супакой.
Была для нас Ты Маці крыніцай святла.
І пуцяводнай зоркай заўсёды была.
Развей цемру ночы, надзею нам дай
І ахіні плашчом Сваім наш беларускі край.
Каранавірус не вечны – Бог ўратуе нас.
Мы свята верым: прыйдзе лепшы час.
Зноў будзе Будслаў пілігрымаў вітаць,
І сонца надзеі на ўсходзе ўставаць.
Заўтра прадстаўнікі нарачанскай духоўнай пілігрымкі складуць інтэнцыі да Маці Божай Будслаўскай і прывязуць у падарунак кветкі ад імя ўсіх пілігрымаў, якія ў гэтым годзе не змаглі прыйсці ці прыехаць у Будслаў з верай у тое, што каранавірус не вечны і Будслаў, асветлены промнямі надзеі, зноў будзе вітаць пілігрымаў.
Аўтар: Ірына Шнітоўская