Сённяшні дзень духоўнай пілігрымкі Нарач-Будслаў будзе пазначаны знакам крыжа і цярпення.

Хто з нас не задаваў сабе пытанне: чаму ў свеце існуе цярпенне?

Мы гаворым пра Бога як пра любячага і міласэрнага Айца ўсяго чалавецтва і адначасова бачым, як каранавірус пануе ў свеце, як ад яго паміраюць людзі, як ён паралізуе эканомікі, сацыяльную сферу  дзяржаў і нават духоўнае жыццё, у тым ліку і ў Беларусі.

Страх за сябе, сваіх родных і блізкіх, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, а можа нават роспач і адчай – вось тое, з чым прыходзіцца кожны дзень жыць не толькі нам, а ўсяму чалавецтву.

Як у сённяшняй сітуацыіі не страціць веры, надзеі і любові? Як адчуць прысутнасць міласэрнага Бога, хоць здаецца, што Ён хаваецца ад нас за смугой туману?

Як зразумець сэнс цярпення, а асабліва бязвіннага?

Чаму сёння Бог маўчыць, хоць нам здаецца, што ўжо даўно павінны гучаць трубы арханёлаў?

Усё тое, што з намі адбываецца, можна зразумець толькі заглыбіўшыся ў крыж Езуса, у Яго цярпенне, у Яго смерць на крыжы для збаўлення ўсяго чалавецтва.

Сёння мы з Вамі разам будзем разважаць над Крыжовым шляхам бязвіннага цярпення  кс. Яна Твардоўскага.

Зразумела, што адразу мы не зможам стаць “прасветленымі” і сказаць: “Мне адкрылася ісціна, я больш не задаю пытанняў, не бунтую”. Крыжовы шлях нашага жыцця – гэта паступовае ўзыходжанне на Галгофу, паступовае сталенне, крок за крокам. У кс. Яна Твардоўскага ёсць цудоўны верш з такімі радкамі: “Не думай пастаянна, як цярпець, пытайся: для чаго?

І так кожную хвіліну свайго жыцця: не як, а для чаго?

Крыжовы шлях бязвіннага цярпення

Уступ

Чаму на свеце ёсць бязвіннае цярпенне? Столькі яго вакол нас: невылечна хвроыя дзеці, калекі, сіроты, бяздомныя, пакінутыя бацькамі. Як гэта растлумачыць і зразумець?

Бязвіннае цярпенне – гэта Божая таямніца, недаказ. Так як у мастацтве ёсць недаказ, і менавіта ён сведчыць  пра веліч твора мастацтва. Штосьці да канца не сказанае, пачатае і незакончанае.

Здаецца, што цярпенне ўвогуле не трэба тлумачыць. Усе тлумачэнні будуць невычарпальнымі, калі, напрыклад, будзем тлумачыць бязвіннае цярпенне дзіцяці.

Аднак сам Езус, які прыняў таямніцу бязвіннага цярпення, асвяціў яго.

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Прыпынак 1

Малітва ў бязвінным цярпенні, або “Няхай станецца не так, як Я хачу, але як хочаш таго Ты”

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Думаецца, што мы замала кажам пра малітву Езуса ў Аліўным садзе. Хтосьці са святых сказаў, што кожная ноч з чацвярга на пятніцу павінна нам гэту малітву прыпамінаць.

Пан Езус пакінуў сваіх вучняў Пятра, Якуба і Яна ля брамы Аліўнага саду, а сам увайшоў у яго, каб там маліцца.

Найбольшая спакуса не тая, што вядзе да граху, але тая, што ашуквае нас, кажучы, што Бог  не з’яўляецца нашым Нябесным Айцом ці, увогуле, – што Яго няма.

Малітва Езуса ў Аліўным садзе, калі Ён ужо ўсведамляе прыбліжэнне крыжовай смерці, пачынаецца са слоў: “Abba, Ойча. Для Цябе ўсё магчыма. Калі хочаш, можаш аддаліць той келіх ад Мяне, але няхай станецца не так, як Я хачу, але як хочаш таго Ты”.

Ёсць такая прымаўка: “Як трывога, тады да Бога”. Ці з’яўляецца такое меркаванне слушным? Найчасцей, калі трывога, уцякаем да бажка, не да Бога. Уцякаем да такога “бога”, які абавязкова павінен выслухаць нашы прагненні, павінен хацець таго, чаго хочам мы.

У той жа час Езус, усведамляючы цярпенне, якое надыходзіць, кажа Богу: “Ойча”. Такая малітва ў цяжкіх сітуацыях перамяняе чалавека і робіць яго гатовым да прыняцця ўсяго.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 2

Прыняцце бязвіннага цярпення, або Святая хвіліна болю за Езуса

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Чаму церпім? Церпім або таму, што хварэем і думаем пра свае хваробы, боль галавы, розныя недамаганні, або таму, што нас прыніжаюць, крыўдзяць, не разумеюць. Гэта галоўныя прычыны нашага болю.

Параўнаем сябе з Божай Маці.

Яна мела толькі адзін боль: хвалявалася за Езуса, трывожылася за Яго.

Наш боль, нашы цярпенні пераважна бываюць эгаістычнымі. Найчасцей думаем пра сябе, пра беднае спакутаванае цела. Апавядаем цэлую літанію нашых няшчасцяў: што нам балела, што баліць, што можа балець. Лічым клопаты. Наракаем, калі не разумеюць, як мы церпім і мучаемся. Скардзімся, што засталіся адны.

Ад Божай Маці можам навучыцца толькі аднаму болю: цярпець за Езуса, забытага, нелюбімага ў свеце.

Ці маем у сабе такі боль? Каб на працягу дня хоць адну святую хвіліну паклапаціцца пра Езуса. Ці маем хвіліну, якая праб’е сэрца мячом?

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 3

Падзенні ў бязвінным цярпенні, або Магчымасць спаткацца з сапраўдным Богам

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Езус некалькі разоў адрываўся ад малітвы і прыходзіў да вучняў,каб прасіць дапамогі. Дакладней прыходзіў да толькі што пасвячоных святароў, бо і Пётр, і Якуб , і Ян у Вялікі чацвер удзельнічалі ў Апошняй вячэры. Прыходзіў да прыміцыянтаў, якія спалі, калі Ён маліўся і цярпеў.

Не прасіў іх, каб знайшлі мячы, прыгатавалі палкі, бо набліжаецца барацьба (ёсць такія, каторыя гатовы пабіць кожнага, хто кажа супраць Бога! Хуткія да біцця адразу).  Прасіў, каб чувалі з Ім хоць гадзіну, што значыла, каб усвядомілі сабе, што Ён церпіць, а яны павінны падтрымліваць Яго ў цярпенні.

Пакліканне тых, хто любіць Езуса з Вялікай пятніцы, – свядомасць, што Ён церпіць і хоча, каб мы раздзялялі з ім цярпенне.

Цярпенне, якое да нас прыходзіць, дае магчымасць злучыцца з Езусам, спаткацца з сапраўдным Богам. А мы не раз на цярпенне наракаем!

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак  4

Безнадзейнасць бязвіннага цярпення, або “Калі Бог замыкае дзверы – расчыняе акно”

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Зараз пра Божую Маці.

У натоўпе Яна была ў самай безнадзейнай сітуацыі. Яе вера сапраўды магла пахіснуцца. Сын, пра якога анёл сказаў, што Ён назавецца Сынам Усявышняга і Яго валадарству не будзе канца, даў сябе біць па шчоках, распрануць, укрыжаваць. Свет веры Маці Божай мог пахіснуцца!

Маці Божая была слабай, каб дапамагаць несці крыж. Вельмі моцна цярпела, каб плакаць. Не мела хусткі, як Вераніка, была бяднейшай за яе.

Не раз Бог пасылае такія сітуацыі, калі мы можам апынуцца на самым дне. Поўная роспач. Такая сітуацыя –  повад  для чагосьці найвышэйшага. Для таго, каб цярпець разам з Езусам. “Калі Бог замыкае дзверы – расчыняе акно”.

Менавіта тое, што з’яўляецца самым складаным у жыцці, калі адчуваем сябе на самым дне, з’яўляецца пакліканнем, каб быць толькі з Езусам і прыняць Яго ахвяру.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 5                                                                                              

Дапамога ў бязвінным цярпенні, або Прылада ў руках Пана Бога

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Што мы ведаем пра Сымона?

Кажуць, што яго прымусілі несці крыж Езуса. Хто прымусіў? Салдаты, язычнікі. Язычнікі прымусілі Сымона служыць Езусу.

Адзін палітычны вязень расказваў, што кінулі яго ў адну камеру са злачынцамі, злодзеямі. Абураўся, бо нельга такое рабіць у краіне дэмакратычнай. Асобна павінны сядзець вязні палітычныя, асобна – крымінальныя. Але як той прымушаны там быў патрэбны. Наблізіў ён да Бога аднаго са злачынцаў.

 Здараецца, што мы вымушаны быць побач з чараўніцай-суседкай, якая іграе нам на нервах, працаваць у адным офісе з кімсьці невыносным. Але гэтыя прымушаныя таксама часта бываюць прыладай у руках Пана Бога.

Ва ўсім ёсць нябачная рука Бога.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 6

Спачуванне ў бязвінным цярпенні, або “Чым я магу Вам дапамагчы?”

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Што мы ведаем пра Вераніку?

Можна нічога не мець і можна дужа дапамагчы. Яна не мела нічога, а да гэтага часу дапамагае Езусу і нам.

Адна жанчына расказвала, што, калі даведалася пра невылечную хваробу, пайшла ў пусты касцёл і плакала. Да яе падышла незнаёмая жанчына і запыталася:” Чым я магу Вам дапамагчы?” Уласна кажучы, і не дапамагла, і дапамагла, бо хворая, паміраючы, успамілала менавіта тую жанчыну  адразу пасля ўспаміну сваіх бацькоў.

Так запомнілася  памкненне сэрца той, якая нічога не мела.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 7

Страта сэнсу жыцця ў бязвінным цярпенні, або Ты жывеш, а значыць яшчэ патрэбны Пану Богу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Не раз хтосьці скардзіцца, што яго жыццё змарнаванае, што ён сам і не мудры, і не добры, і не здаровы, і па-людску не шчаслівы. Здаецца, што яго жыццё не мае ніякага сэнсу. Што, уласна кажучы, яно значыць сярод мільёнаў іншых існаванняў?

Але нават адно, здавалася, прайгранае і змарнаванае жыццё можа значыць многа. Можна ахвяраваць яго за іншых.

Хворыя, старэйшыя, усе, каму здаецца, што іх жыццё змарнаванае, павінны ўсвядоміць: яны жывуць – і гэта значыць, што яны вельмі важныя. Кожны, хто жыве, мае сваё месца ў Божым плане. Жыве, а значыць яшчэ патрэбны Пану Богу.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 8

Сумненні ў бязвінным цярпенні, або “Я не веру больш у Бога”

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Яшчэ сёння многія глядзяць на Езуса, як Каяфа ці Юда. Хацелі, каб на зямлі быў магутным па-людску.

“Я не веру больш у Бога, бо Езус для Бога заслабы. Дазваляе, каб было столькі няверуючых у свеце. У дадатак веруючых часта сустракаюць цярпенні, а няверуючыя жывуць добра”.

Хто так думае, не разумее ні Евангелля, ні Езуса. Езус кажа пра валадарства не бачнае на зямлі. Нябачнае – непрыкметнае для людзей. Кажа пра валадарства найвялікшых каштоўнасцей, не раз патаптаных, пра валадарства бедных, зняважаных, але ў цярпенні з’яднаных з Езусам.

Хто гэта разумее, той разумее і Езуса,  і ў цяжкія хвіліны знойдзе ў Ім свайго найлепшага сябра і Айца.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 9

Узмацненне ў бязвінным цярпенні, або Абдымкі анёла ўзмацнення

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Калі Езус маліўся і казаў, што не вытрымае цярпення, баяўся па-людску і закончыў малітву: “Ойча, калі хочаш, забяры ад Мяне гэты келіх! Але не Мая, а Твая няхай стане воля!” Далей Евангелле кажа:”Тады з’явіўся Яму анёл з неба і ўзмацўяў Яго”.

Анёл з Аліўнага саду  быў анёлам не суцяшэння, а ўзмацненння. З’явіўся, толькі калі Езус прыняў волю Айца.

Калі не раз валяцца на нас няшчасці, цярпенне, прыніжэнне, думаем, што нічога не будзе, але прымаем гэта з любові да Бога, – становімся мацнейшымі, непераможнымі.

Стаіць пры нас у той час анёл узмацнення. Гэта вельмі важны анёл. Трэба ведаць яго адрас, каб да гэтага анёла маліцца.

Не раз баімся Божай волі і думаем, што павалімся без сіл, калі прыйдзе тое, чаго хоча Пан Бог. Менавіта тады анёл узмацнення бярэ нас у свае абдымкі.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 10

Заклік, адрасаваны нам, або Таямніца Бога, які ўсё растлумачыць

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Цярпенне – менавіта тое бязвіннае – гэта заклік Бога, адрасаваны нам. Ці ўмеем яго заўважыць? Ці ўмеем дапамагаць людзям, якія церпяць? Ці ўмеем ва ўсім прыкмеціць таямніцу Бога, штосьці, што толькі Бог растлумачыць?

У бязвінным цярпенні ўмеем праклінаць  ці маліцца? Зможам кахаць ці ненавідзець?

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 11

Цярпенне – проба для хрысціяніна,  або Сведчанне веры, надзеі і любові

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Цярпенне – гэта зло. Бог не хацеў, каб людзі цярпелі. Стварыў людзей для таго, каб цешыліся жыццём самога Бога. Стварыў для людзей неба, рай. А людзі прыгатавалі сабе пекла.

З цярпеннем і духоўным, і фізічным трэба змагацца. Але для хрысціяніна цярпенне – гэта проба. У цярпенні ён можа  сведчыць пра веру, надзею і любоў.

Езус як чалавек прыняў самае вялікае цярпенне – смерць на крыжы. Як чалавек у гэтым страшным цярпенні засведчыў пра любоў да Айца. Не страціў веры ў Айца, надзеі і любові да людзей.

Проба для нас: як пераносім цярпенні, клопаты, турботы?

Для чаго церпім? Не для таго, каб цярпець, але для таго, каб засведчыць пра веру, надзею і любоў.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 12

Смерць у бязвінным цярпенні, або Экзамен цярпення, які вучыць веры

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Колькі людзей у цярпенні траціць веру. Выскокваюць праз вокны, забіваюць сябе, трацяць надзею, пачынаюць ненавідзець. Менавіта тады трэба здаць экзамен. У святой хвіліне цярпення.

У цярпенні можна быць анучай, а можна быць святым.

Маці Божая годна перажывала цярпенні. Уцякала ў Егіпет – не сумнявалася. Было Ёй сказана, што будзе Маці Сына Спрадвечнага Айца, а бачыла Езуса, які паміраў, – не пахіснулася ў веры, не сумнявалася. Да канца любіла людзей. Гэта быў менавіта экзамен цярпення, які вучыць веры.

Езус збавіў свет праз цярпенне, цярпенне, у якое паверыў, у якім меў надзею і любоў.

Каб у найгоршыя хвіліны не засумнявацца ў Божым Провідзе, не страціць надзеі, не стаць непрыяцелем для людзей.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 13

Смутак у бязвінным цярпенні, або Прагненне неба і жыцця без граху

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Хтосьці сказаў, што ў жыцці чалавека ёсць колькі смутку, столькі і радасці. Толькі мы памятаем смутак, а пра радасць забываем. Калі хтосьці назаве нас “анёлам”, памятаем цэлы тыдзень, а калі назаве “аслом”, баранам” – памятаем цэлае жыццё і яшчэ даўжэй.

Часцей памятаем не радасці, а толькі смуткі.

Не памятаем незаслужаныя радасці. Не ўмеем дзякаваць.

Аднак смутак таксама патрэбны.

Смутак – сведка вечнага жыцця.

Смутак сведчыць, што ў гэтым жыцці нам не зусім добра, мы не адчуваем сябе дома.

Смутак – гэта прагненне неба, жыцця без граху.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Прыпынак 14

Сэнс бязвіннага цярпення, або Спакой Апостала Яна

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе!

Бо праз крыж і муку сваю Ты свет адкупіў!

Езус праз сваю муку надаў сэнс цярпенню.

У цярпеннях ёсць штосьці патрэбнае для нас, тое, што вызваляе ў нас вялікія сілы, дае ачышчэнне, чыніць так, што мы перарастаем сябе.

Пастаянна ёсць столькі самотных людзей, людзей, якія непакояцца пра будучыню, баяцца, думаюць пра вайну, уцякаюць ад пусткі ўласнай душы. Людзі, якія не разумеюць, што такое сапраўдная радасць і чым можа быць сапраўднае цярпенне.

Чалавек, які разумее, што ў цярпенні можна любіць, што праз уласнае цярпенне можна збаўляць, – заўсёды спакойны.

Незалежна ад таго, што адбываецца, спакойна кладзе галаву на Сэрца Езуса, як Ян падчас Апошняй вячэры, хаця за ім была цёмная ноч.

Які за нас цярпеў ад ранаў!

Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

Аўтар: Ірына Шнітоўская