27 кастрычніка адбылася пілігрымка дзяцей і моладзі нашай парафіі ў Лучай як падзяка за ружанцовы месяц, пражыты разам з Марыяй.

У нашай парафіі ўжо стала добрай традыцыяй, што дзеці і моладзь на працягу месяца кастрычніка прыходзяць у касцёл на Ружанцовае набажэнства, якое рыхтуюць і праводзяць самі.

У гэтым годзе кожны хлопчык і дзяўчынка атрымалі абразок з выявай Благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ і Маці Божай Фацімскай. На гэтым абразку быў намаляваны ружанец, і пацеркі на ім дзецям трэба было запоўніць каляровымі наклейкамі з малюнкам да кожнай таямнічкі. Кожны дзень малітвы на ружанцы –  чарговая наклейка. Так за месяц дзеці сабралі цэлы ружанец і ахвяравалі яго Марыі.

Пілігрымка ў Лучай стала сапраўдным святам для дзяцей і моладзі, бо, акрамя ўдзелу ва ўрачыстай Святой Імшы, якую ў гэты дзень у Лучаі ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, нарачанцы наведалі ферму, дзе ўбачылі розных жывёл і птушак, весяліліся на пікніку, гулялі ў беспройгрышную латарэю ды яшчэ атрымалі ў падарунак ад біскупа Уладзіслава Бліна торт, які быў такі вялікі, што кожны з пяцідзесяці пілігрымаў не застаўся без пачастунку!

Аўтар: Адміністратар