У нядзелю, 13 мая, у нашым касцёле адбылася Святая Імша ў інтэнцыі ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка”. Нарачанцы маліліся аб усіх патрэбных ласках для тых вернікаў нашай парафіі, якія ўзялі на сябе абавязак да канца жыцця маліцца за пэўную духоўную асобу.

Два гады таму з нагоды Года Святарства ў нашай парафіі быў актывізаваны апостальскі рух “Маргарытка”, які сваёй мэтай ставіць малітоўную падтрымку святароў або законных асобаў.

Актывісты руху ставілі перад сабой задачу ў бліжэйшай перспектыве ахінуць сваёй малітвай усіх айцоў-кармелітаў, якія працуюць ці некалі працавалі ў Беларусі, а таксама ксяндзоў і законных сясцёр, якія паходзяць з нашай парафіі.

Але вынікі гэтай акцыі пераўзышлі ўсе чаканні: гэты час можна назваць сапраўднай духоўнай рэвалюцыяй у нарачанскай парафіі, бо вернікі ўзялі на сябе абавязак маліцца за 26 духоўных асобаў, у лік якіх уваходзяць не толькі айцы-кармеліты, але і іерархі Каталіцкага Касцёла, святары, лёс якіх быў звязаны з нарачанскім краем, і нават тыя святары, якія прыязджалі да нас на рэкалекцыі. Такім чынам, нарачанцы стварылі 32 “Маргарыткі”, у склад якіх уваходзіць каля 225 чалавек.

Моладзь нашай парафіі, якая рыхтуецца да Сакрамэнту Бежмавання, не засталася ў баку ад гэтай справы і стварыла яшчэ дзве  “Маргарыткі”, якія будуць маліцца за айца Пятра Фарына OCD і дыякана Аляксандра Стока OCD, якія працуюць у нашай парафіі.

Пасля Святой Імшы моладзь урачыста склала абяцанне вечнай малітвы, а айцец Пётр і дыякан Аляксандр атрымалі на памяць “Маргарыткі”.

Актывісты руху маюць надзею, што прыклад нарачанскай моладзі натхніць новыя сэрцы ахінуць малітвай большую колькасць духоўных асоб, бо яшчэ столькі святароў чакае на нашу малітву.

Аўтар: Адміністратар