Прыпынак 1

“Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною?” (Мц26,40)

Езус сказаў гэтыя словы тым, якія толькі на хвіліну заснулі, а раней пакінулі свае дамы, сем’і, каб з Ім чуваць. Былі побач з ім, ловячы  рыбу, не адыходзілі ад Яго, калі навучаў у пустыні, чувалі, калі спаў падчас буры. Гісторыя нечування тых, хто заўсёды чуваў.

Звычайна чуваем вонкавым чуваннем, каб не спазніцца, не прапусціць павіншаваць кагосьці з Днём нараджэння, аддаць боты у рамонт.

Але ёсць яшчэ ўнутранае чуванне. Чуванне, якое з’яўляецца гатоўнасцю чытаць Божыя знакі вакол нас. Пан Езус не сказаў вучням: “Шкада, што вы спалі”. Сказаў: “Чаму не чувалі са Мною?”

Езус, які сам спаў змучаны на дне чаўна, напэўна, разумеў патрэбу людскога сну. Але Ён кажа не пра сам сон, а пра тое, каб на дне людскога сну была схавана гатоўнасць.

У нас павінна быць інтэнцыя гатоўнасці прыняцця таго, чаго ад нас патрабуе Пан Бог.

 

Прыпынак 2

“І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве” (Мц27,30).

Здараецца, што людзі праходзяць раўнадушна каля забытага і пакрыўджанага Бога. Праходзяць раўнадушна, як каля старажытнай драўлянай фігуры Езуса Журботнага з босымі нагамі.

Пане Езу, усімі пагарджаны і забыты, – хтосьці забыўся пра Цябе, але я замест яго буду памятаць пра Цябе.

Пагасне святло – пры Табе застануся.

Зоркі пагаснуць – пры Табе застануся.

Пакрыўджаны Пане Езу, – хтосьці Табе здрадзіў, але я замест яго буду Табе верны.

Прыйду сюды і буду, як сабака, сцерагчы Цябе.

Замест яго.

Божа, усімі пагарджаны і забыты, – хтосьці не ўмее Цябе любіць, затое я буду Цябе любіць.

Божа, усімі пагарджаны і забыты, – буду маліцца, каб прывесці Табе сюды таго нешчаслівага чалавека, які забыўся пра Цябе.

Загіне гэты чалавек у цемры, калі не навучыцца любіць Цябе.

 

Прыпынак 3

“Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною” (Мц 16,24).

Некаторыя маладыя людзі гатовы адразу ісці за Езусам. Уступаюць у законы, паступаюць у духоўныя семінарыі ці – застаючыся ў свецкім жыцці – гатовы штодзённа прымаць Святую Камунію. Але ці заўсёды яны гатовы прыняць наступствы гэтай супольнай з Езусам дарогі? Часам хочуць ісці з Езусам толькі на вясельныя гады ў Кану Галілейскую, каб там патанцаваць і напіцца цудоўнага віна. Калі, аднак, Езус праводзіць у пустыню, не раз ад Яго ўцякаюць.

Старэйшыя, якія пайшлі за Езусам, але належным чынам зусім не ідуць за Ім. Быццам разам з Ім і не разам.

Святары, законныя асобы, старэйшыя заўсёднікі касцёлаў, якія носяць свечкі на працэсіях, балдахім і быццам бы  пайшлі за Езусам, толькі на самой справе ці ідуць за Ім? Не раз самі сябе пахавалі ў сваіх амбіцыях, настроях, шкадаваннях, прэтэнзіях да іншых. Кажуць, што ідуць за Езусам, але насамрэч яны пастаянна заблытаныя толькі ў свае справы.

Такі чалавек, закапаны ў сабе самім, мусіць сябе адкапаць, каб ісці за Езусам.

Той, хто ідзе за Езусам, можа перажываць радасць вясельных гадоў, але таксама мусіць ісці крыжовай дарогай … пад крыж.

 

Прыпынак 4

“Жанчына! вось, сын Твой. Вось Маці твая” (Ян 19, 26).

Спатканне Езуса з Маці на Крыжовай дарозе.

Гэта найпрыгажэйшае спатканне, бо Яна думала толькі пра Яго, не пра сябе. А Ён думаў толькі пра Яе, не пра сябе.

Так і спаткаліся на дарозе цярпення.

Прыпынак Святога Духа, бо Дух Святы – гэта бескарыслівая любоў Айца да Сына і Сына да Айца.

Незвычайнае спатканне на дарозе цярпення.

Ці ўмеем так спаткацца з кімсьці, каб не думаць пра сябе, а толькі пра таго, з кім спатыкаемся?

 

Прыпынак 5

“Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса” (Мц27,32).

Калі наша праца здаецца нам непатрэбнай і непрыгоднай, мы павінны ўспомніць, як апосталы цэлую ноч лавілі рыбу і нічога не злавілі. Але роспач ад непатрэбнай працы і іх бяссонная ноч закончыліся цудам.

Святар падрыхтуе казанне, але неспадзявана сапсуецца дынамік, і голас у мікрафоне трапечацца, як рыба ў сетцы. Ці не толькі дынамік сапсуецца, але і вушы тых, хто слухае. Хтосьці настаўляе вуха і пытае: “Што ён кажа?”

Аднак тады, калі нам здаецца, што наша праца нічога не варта і ўжо нічога не можам злавіць, Бог можа ўсё змяніць, нават тое, чаго самі не зможам у нашай працы заўважыць.

Бог незалежна ад нас перамяняе ваду ў віно, а мы толькі прыносім ваду, каб напоўніць бочкі.

 

Прыпынак 6

“Не меў Ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго, і не меў выгляду, каб прывабіць нас”  (Іс53,2).

Вераніка выцерла твар Езусу. Якая незвычайная гісторыя! Не пабудавала катэдру, не напісала кнігі, не адкрыла Амерыку – толькі працягнула рукі да Езуса на Крыжовай дарозе. Кажуць, што яшчэ падала кубак вады, а потым выцерла сасмяглыя вусны Езуса сваёй хусцінкай. Здаецца, так мала, а ўсе яе будуць памятаць да канца свету.

Часта мы хочам здзейсніць вялікія рэчы, а ў Бога мае кошт штосьці нязначнае – часам, адзін жэст дабрыні і любові да таго, хто церпіць.

 

Прыпынак 7

“І Езус сказаў ім: “Сумуе душа Мая аж да смерці” (Мк14,34).

У жыцці чалавека бываюць тры падзенні.

Першае: страх, што нічога не атрымаецца, – гэта значыць недавер да Пана Бога.

Другое: страх, што застанешся пакінутым, адзінокім,  – гэта значыць слабасць, бо думаеш пра сябе, а не пра тое, што павінен дапамагаць іншым.

Трэцяе: страта веры ў тое, што жыццё мае сэнс і цярпенне патрэбна чалавеку.

Трэба старацца, каб, падаючы, не стаць абыяквым, бо лепш сумнявацца, чым быць абыякавым. У сумненнях штосьці нам бачыцца такім шэрым, што пачынаем у гэтай шэрасці сумнявацца.

Толькі б не стаць абыякавым у тую хвіліну, калі нам здаецца, што трацім веру.

 

Прыпынак 8

“Дочкі Ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых”    (Лк23,28).

Найвялікшы скарб у касцёле – гэта Найсвяцейшы Сакрамэнт, Езус Эўхарыстычны. Ля яго збіраюцца ўсе малітвы, рэлігійныя ўзрушэнні, брэвіярыі, ружанцы, Божыя натхненні.

Аднак часам здараецца, што прыходзім да касцёла з параненымі ўласнымі амбіцыямі. Наша меркаванне пра сябе настолькі абражана, што мы злуёмся, гневаемся, нервуемся.

Што зрабілася? Можа, забралі з касцёла найвялікшы скарб – Езуса? Ці табэрнакулюм разам з Ім кінулі на падлогу? Не, нічога такога не адбылося.  Як і перад гэтым,  і анёлы, і людзі  пабожна моляцца пры табэрнакулюме. Толькі стала яўна бачна, што маем яшчэ другі скарб, які баронім як сабака костку: скарб нашага эгаізму, добрага меркавання пра сябе.

Незвычайная гісторыя пра два скарбы: тым найвялікшым і тым, якога так цяжка пазбыцца.

 

Прыпынак 9

“Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам”   (Мц11,29).

Здараеца часам такое, што дзень нашага жыцця бывае падобны да крыжа. Калі кладзёмся спаць, маем такое адчуванне, быццам мы сышлі з крыжа. Ноч бярэ нас у абдымкі, каб мы адпачылі.

Быў выпадак, калі нехта пацалаваў лісток календара з датай дня крыжа. Цалаваў, як крыж.

Мы не павінны баяцца тых дзён, якія з’яўляюца крыжам для нас, каб мы маглі перажыць іх у лучнасці з Езусам.

Сапраўдная любоў заўсёды цярплівая і прагне толькі аднаго: шчасця іншага чалавека.

 

Прыпынак 10

“Падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць   (Мк15, 24).

Людзям пабожным цела вельмі часта перашкаджае дасягнуць шчасця. Часам хтосьці кажа: “Я святы. Толькі маё цела – не святое. Яно такое жахлівае, злое”.

Але, аднак, якія заслугі мае тое людское цела!

Столькі разоў прачынаецца раней, каб мы паспелі да касцёла!

Столькі разоў адмаўляецца ад сну і адпачынку, каб мы закончылі нейкую працу!

Столькі разоў кленчыць, каб мы маглі маліцца!

Не раз пройдзе столькі кіламетраў, каб мы маглі пілігрымаваць да святых месцаў!

Якое яно ўражлівае і далікатнае!  Носіць цяжары, пакункі, торбы, каб утрымаць цэлы дом! Яно такое пакорнае, як рабочы вол.

Па праўдзе кажучы, душа наша брудная – гэта яна брудзіць цела.

 

Прыпынак 11

“І сказаў яму Езус: “Сапраўды кажу табе:сёння будзеш са Мной у раі”  (Лк23, 43).

Не маю часу. Не маю часу – пастаянна паўтараем гэтыя словы, як прыпеў песні. З гэтага вынікае, што або Пан Бог такі скупы, што даў нам замала часу і выдзеліў яго нам, як на лякарства, або Усемагутны памыліўся ў рахунках. З гэтай прычыны мы мусім станавіцца на галаву, каб адваяваць належны нам час.

Пан Бог не скупы і тым больш не матыматык. Даў кожнаму з нас столькі часу, колькі неабходна для збаўлення нашай душы і дапамогі іншым. А мы той час або марнуем, або рэалізуем уласныя планы, на якія Пан Бог мог нам гэтага часу не даць.

Молімся аб супакоі. Молімся аб цярплівасці, аб здароўі. Але мы павінны маліцца і аб часе.

Маліцца аб часе – значыць адкрыць, што Пан Бог пастаянна дае мне час, неабходны маёй душы для збаўлення.

З цягам жыцця Пан Бог можа пазбавіць чалавека грошай, сяброў, здароўя, але час – гэта апошняя вартасць, якую Бог забірае ў чалавека.

Да апошняй хвіліны жыцця мы можам паяднацца з Богам.

 

Прыпынак 12

“Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў”  (Мк15,37).

Каб мы памяталі, што казаў Пан Езус, паміраючы на крыжы, то мелі б рэкалекцыі на ўсё жыццё. А што Ён казаў?

Найперш: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”.

Потым да злачынцы: “Сёння будзеш са мной у раі”.

Потым пра Найсвяцейшую Маці да Святога Яна: “Вось Маці твая”.

І нарэшце: “Ойча, у Твае рукі аддаю дух мой”.

Рэкалекцыі, заключаныя ў словах, сказаных Езусам перад смерцю на крыжы.

Дастаткова гэтыя словы ажывіць у памяці, каб быць святым.

 

Прыпынак 13

“І прыйшлі жаўнеры, падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, адзін з жаўнераў прабіў Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада” (Ян19,32-34).

Каб мы не хадзілі па крыжовай дарозе, як па музеі, ад вітрыны да вітрыны, ад мёртвага экспаната да мёртвага экспаната, а каб на гэтай дарозе мы шукалі Езуса, які пастаянна чакае кожнага з нас і кліча па імені.

Езус выканаў сваё пакліканне да канца. Прайшоў дарогу. Здзейсніў ахвяру. Цяпер чакае нас. Апярэдзіў нас. Глядзіць, як мы ідзём нашай дарогай.

Ці не заблудзімся на ёй? Ці пры першым падзенні не махнём рукой? Ці не адрачомся ад яе?

Як выканаем наша пакліканне?

 

Прыпынак 14

“Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго не загінуў, але меў жыццё вечнае”  (Ян3,16).

Катэхізіс дае нам дзве запаведзі любові: “Любі Пана Бога ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усёй моцаю тваёю, а бліжняга свайго – як самога сябе.

Але ці можна прымусіць любіць? Ці можна некаму загадаць: “Любі!”

Там, дзе ёсць загад, няма любові.

Можа, запаведзі любові дрэнна перакладзены?

Замест запаведзей любові, да якіх мы ўжо прызвычаіліся, Пан Бог, напэўна, выражае пажаданне і благаслаўленне: “Я б так хацеў, каб ты любіў Мяне ўсім сэрцам, а бліжняга любіў, як самога сябе.

Люблю цябе, набліжаюся да цябе з любоўю і прагну, каб на Маю Любоў ты таксама адказаў любоўю.

Саставіла і пераклала Ірына Шнітоўская

Аўтар: Адміністратар