На пачатку Вялікага посту ўсім наведвальнікам нашага сайта прапануем паразважаць над апавяданнем Казіміра Сваяка (ксяндза Стаповіча) “Не памёр: нарадзіўся”:

Не памёр: нарадзіўся.”

… Я знаў яго. Быў у цвеце лет: жывога, бойкага, жвавага настрою. Быў прыгожы. Мог гладка гутарыць, меў здаровы гумар, быў мілага характару. Часта любіў ездзіць паляваннем: як птушка вольная гойдаў тады па полі і лесе. Любіў прыроду і знаў яе хараство. Адзінотай не гардзіў – каб углыбляціся цэлай істотай у творы містраў мыслі і слова. Умеў журыцца і рвацца да шчасця надземнага, бесканцовага, чыстага як Сам Дух ёсць чысты: шчасця амаль няўхватнага.

***

Пасля кінуўся ў вір свету, каб даці выхад сабранай сіле. Свет благі збэсціў чыстую душу яго, спутаў лётную мысль яго: абвеяў сваёй сумнівасцяй і пустатой, убранай на колер мастацтва і навукі. Называў сябе мудрым, хаця не быў ім на дне свайго сумлення. Пісаў правы Самому Створцы, хоць не спазнаў не толькі глыбіні права ўсясвету, але і бяздоння сваёй нічогасці. Калі згубіў спакой душы, стараўся падаць у сумнівасць сам быт Духу. І раздвоіўся ў ім дух з душою і забіў ён Бога ў сумленні – на самым дне існасці сваёй.

***

А за ім ішла малітва: тут на зямельцы і ў прасторах горных свету надпрыроднага. Сэрца яго рвалася яшчэ да Ідэалу. Хацеў быць карысным для Супольнасці-Грамадзянства. Спосаб на гэта: навука, праца. Так працаваў безупынна, коштам нават фізічных сіл, каб толькі здабыць сабе славу, пакінуць памяць трывалую, заўсёдную. І стаў чалавекам вядомым, выбіўся спаміж раўні сваёй. Відзеў, як цэлы натоўп людзей ідзе пад яго загадам, і радаваўся. Раз толькі чапіла яго няміла неяк думка вялікага песняра: “ Мысліш быць неўміручым праз учынак дзельны? А хочаш ці не хочаш: будзеш бессмяртэльны.”

Але не прачнуўся, не страпянуўся дух ягоны. Думка счэзла, як зарнічка пералётная, як апошняя касулька вячэрняга сонца.

***

Сумна дрэўцу – буйнаму і моцнаму на вока, – калі мае ў сэрцы сваім чарвяка, які нязначна яго надгрызае і даводзіць звольна аж да смерці. Цяжка чалавеку, калі мае ён у грудзях сваіх зачаткі хваробныя – жывучкі смяротныя крэпкі, здаровы склад арганізму вядуць да раскладу. Дрэнна чалавеку з целам затрутым, горай – калі душа мадзее ад журбы і сумніваў, найгорш, калі лучыцца і першае і другое разам… Ён быў хворы падвойна. Разгон надмерны, каб здабыць навуку і славу, прывёў яго да кволасці фізічнай. Таемная чэсць да бяздушнага матэрыялізму зрадзіла нядуг горшы: выстудзіла і зусім зніштожыла жыццё рэлігійнае, заводзячы ў душы канцовую безнадзейнасць. Як ранены звер, кідаўся тады дух ягоны, шукаючы патолі. Але крыніца жывой вады высахла, а новай знайсці ён ужо не меў сілы.

***

Уміраў маладым… Заяснеў у жыцці гэтым на хвіліну – як метэор – каб згаснуць на вечнасць. Яго чало белае мела адцень бязмерна сумны. Хворы румянец на твары, як пурпура заходняга сонца, быў знакам глыбокага цярпення: а можа. Гэта быў сарамлівы стыд тэй зманнасці, за якой гнаўся дагэтуль. Бліскучыя палам вочы, каторыя млосна звярнуў на дарагія сэрцу істоты, поўныя былі слёзаў і нямога жалю. Маўчаў доўга… Аж вось з сілай небывалай застагнаў голасна: “Бога мне!..

***

На ўзгорку магільным шумна шумяць дрэўцы, кідаючы фантастычныя цені на капцы з крыжамі. Цішыню парушае толькі гульба ветру, які, зрываючыся часамі сільней, варушыць былінку, траву і падымае сухія лісточкі. Ціш, таемная, неадгадная, наводзіць на кожнага дрыготу. Селянішча жыўшых… Тысячы, мільёны… Жылі, любілі, шукалі праўды, хараства, шчасця… Няўжо кончылася ўсё толькі жменяй попелу? Няўжо ж бытаванне валадара зямлі так марнае і бязмэтнае?.. Месяц спакойна спаглядае навакол зімным вокам сваім. Ціхі пагляд кідае ён у кожны куточак, да кожнай зацені: як бы сваім слабым святлом хоча раз’ясніць-адкрыць тайніцу быту. На магільнай каменнай пліце відаць надпіс: “Не памёр: нарадзіўся.”

Аўтар: Адміністратар