На пачатку Вялікага посту ўсім наведвальнікам нашага сайта прапануем Крыжовы шлях паводле разважанняў кс. Яна Твардоўскага і жадаем, каб час посту стаў часам духоўнай адновы і навяртання.

Крыжовы шлях са Святым Юзафам паводле разважанняў ксяндза Яна Твардоўскага

Ёсць святыя далёкія і блізкія, сардэчныя і менш сардэчныя, любімыя і вельмі любімыя.

І хоць усе яны пайшлі да неба, але не да ўсіх аднолькава мы выцягваем рукі, не ўсе аднолькава могуць нас узрушыць. Некаторыя абразікі святых прагна трымаем пры сабе і не хочам выпускаць іх з рук, а іншыя, у залатых рамках, адкладаем убок.

З усіх святых найбліжэйшы да нас, напэўна, Святы Юзаф. Мы адзначаем яго ўрачыстасць 19 сакавіка, калі ўжо пахне Вялікаднем.

Гэты Крыжовы шлях пройдзем разам са Святым Юзафам і будзем вучыцца ў яго таму, што найважнейшае: сярод жыццёвых выпрабаванняў і нягод ніколі не здраджваць Езусу, нашаму Пану і Настаўніку.

 

Прыпынак 1

Выкананне справы Нябеснага Айца

Столькі раз кажам, што дванаццацігадовы Езус згубіўся, а Божая Маці са Святым Юзафам шукалі Яго і днём і ноччу.

Тымчасам Езус ніколі не прападае, толькі мы губляемся. Можна нават сказаць, што лепшыя з лепшых – Маці Божая і Святы Юзаф – самі крыху згубіліся, калі яшчэ не разумелі, што канчатковая мэта Езуса – быць у справах Айца.

Фрагмент пра адшуканне Езуса ў святыні расказвае пра  Езуса, які шукае згубленых, бо той, хто знаходзіцца ў справах Айца, у святле свайго паклікання не губляецца, толькі дапамагае знайсціся іншым.

Часта на Крыжовай дарозе, якая хоць і адпраўляецца пабожна, мы можам згубіць Езуса і саміх сябе, нягледзячы на тое, што разважаем пра Езуса.

Калі на дарозе губляем сябе, калі губляем Езуса?

Тады, калі думаем толькі пра ўласнае цярпенне, паражэнне. Разважаем пра Езуса, але не можам нікому прабачыць. Скардзімся, што хтосьці нас асудзіў нявінна, як Пілат, што Сымон нам не дапамагае, Вераніка не падбегла, нават Божая Маці сабралася і пайшла.

Езус цалкам знаходзіцца ў справах Айца. Маці Божая і Святы Юзаф таксама цалкам у справах Айца. А мы?

Прыпынак 2

Прыняцце крыжа

Бог прамаўляе да нас і днём, калі светла ў вокнах, і ўночы, калі спім, выключыўшы святло.

У жыцці Святога Юзафа анёльскае дабравешчанне адбылося ноччу. Яно больш патаемнае, чым дабравешчанне ў жыцці Маці Божай, бо менш пра яго кажуць,  і  не мае яно сваёй малітвы на кожны дзень.

Калі б мы нават даведаліся, што сон быў адной з метафар, ужытых евангелістамі, то голас, які наказаў Юзафу прыняць не сваё Дзіця, як уласнае, быў нязвыклым і паходзіў з пазалюдскога разумення.

Як цяжка Юзафу было прыняць рашэнне. Прыняў яго, аднак, не таму, што кахаў Марыю, хацеў Ёй дапамагчы, але таму, што паслухаў Пана Бога ( і то цалкам упацёмках) і адкрыўся на голас Бога.

Калі стаім на парозе прыняцця цяжкіх рашэнняў, заўсёды шукаем аргументаў. Вялікія рашэнні – нагадвае Евангелле – трэба вымаліць, бо тое, што для нас найважнейшае, прыходзіць праз увесь час звысока, з па-за разумення. Можам гэта назваць сном, але гэта больш, чым сон.

 

Прыпынак 3

Жыццёвыя падзенні

Святы Юзаф быў, бадай, самым звычайным святым. Не адчыняў кляштараў, не быў вучоным, як Святы Тамаш з Аквіна. Не быў спаведнікам, як Святы Ян Віянэй, які спавядаў па дзесяць гадзін у суткі і добра калі з’ядаў у дзень дзве бульбіны. Не быў мучанікам, як Святы Варфаламей, з якога здзерлі скуру толькі за тое, што любіў Езуса.

Калі не быў вялікім, то няўжо патанаў у сваёй штодзённасці? Няўжо звычайнасць засланіла яму Бога?

Юзаф пастаянна бачыў Бога ў штодзённых справах, якія былі вакол яго. Пастаянна чуў Божага Анёла і ў хвіліны ваганняў дазваляў яму кіраваць сабой.

Часам нам здаецца, што не робім нічога вялікага, а штодзённае жыццё паглынае нас дарэшты. Важна, каб менавіта тады мы ўмелі пачуць голас Бога, Які – так як да Святога Юзафа – пастаянна да нас прамаўляе.

Не бойся! Не бойся, што нічога не атрымліваецца, а тое, што робіш, такое малое, нікчэмнае. Бог праз твае маленькія абавязкі можа чыніць вялікія справы.

Не пакідай! Не пакідай Найсвяцейшай Маці, малітвы да Яе, рахунку сумлення, чалавека, які патрабуе тваёй дабрыні, сэрца, цябе.

Устань! Няхай табе не здаецца, што не здолееш.

Вяртайся! Пастаянна вяртайся да штодзённных спраў, клопатаў, якія здаюцца нікчэмнымі і малымі. Вернасць Богу заключаецца ў няспынным вяртанні да абавязкаў.

 

Прыпынак 4

Сустрэча з Божай Маці

“Праз тры дні знайшлі Яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх. … і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! Што Ты зрабіў з намі? Вось бацька Твой і Я з вялікаю скрухаю шукалі Цябе” (Лк 2, 46, 48).

Пасля доўгіх, напоўненых неспакоем дзён пошукаў Марыя не забылася, што Юзаф шукаў разам з Ёй – “Вось бацька Твой і я” – нават успамінае яго на першым месцы.

Найчасцей, калі маці шукае дзіця, яна думае толькі пра тое, колькі яна сама мела клопату, выцерпела і намучылася. Менавіта так магла паступіць і Божая Маці тым больш, што Езус быў толькі Яе Сынам, толькі на Яе падобным, бо Юзаф жа не быў біялагічным бацькам Езуса.

Такім чынам,  найперш Бог, якога шукаю, потым той, хто разам са мною думае, сумуе, церпіць, а пасля ў самым канцы я.

Размінёмся з Божай Маці, калі спачатку будзем шукаць саміх сябе, потым бліжняга, а ў канцы – Бога.

 

Прыпынак 5

Цяжар працы Сымона

Як зразумець свята працы?

Езус нарадзіўся ў Святой Зямлі, прыйшоў на свет у моры паганства, якое пагарджала фізічнай працай. Лічылася, што фізічная праца не варта чалавека. Яна толькі для рабоў.

Езус нарадзіўся ў сям’і, дзе працавалі фізічна. Сам быў цесляром, навучаў толькі ў апошнія тры гады зямнога жыцця.

Вельмі часта мы кажам, што Езус асвяціў крыж, які быў знакам ганьбы і сораму, а стаў сімвалам любові, адкуплення і найсвяцейшай рэліквіяй.

Мала гаворым пра тое, што Езус асвяціў фізічную працу.

Фізічная праца мае сваю душу. Езус кажа, што трэба ў свеце зрабіць вялікую ўборку, навесці вялікі парадак.

Аднак такая ўборка пачынаецца ад падмятання падлогі ў хаце, вынасу смецця.

Найпрасцейшая фізічная праца можа быць вартай чалавека – і з’яўляецца такой, калі яе ажыўляе любоў да Бога і людзей.  Самая вялікая праца чалавечага розуму калі не дарастае да такіх цнот, а вырастае з эгаізму, не варта вольнага чалавека.

 

Прыпынак 6

Невядомая Вераніка

“І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы? Ці не цесляроў Ён Сын? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?”  (Мц 13, 54-55).

Як глыбока ўтаіўся Юзаф, што нават у Евангеллі яго не назвалі па імені. Сказалі пра яго па-просту “цясляр” – не прарок, не кніжнік, не цудатворца, а нейкі там цясляр.

Аднойчы адбылася такая размова: “Вяртаемся з Вечара сустрэчы выпускнікоў нашай школы. Колькі выдатных вучняў выйшла з гэтага гнязда! Той стаў вялікім прафесарам, той выдатным лекарам, той – артыстам, а астатнія…” Засталіся толькі сціплыя працаўнікі, якія нямнога значаць. Можна сказаць мовай Евангелля: нейкія цесляры.

Той, хто ў вачах свету можа здавацца нікчэмным цесляром, у вачах Бога можа быць святым. Для Бога не істотна тое, ці нехта жыве ў вялікай сталіцы і мае важнае становішча, ці  жыве ў правінцыі і займае маленькую пасаду, ці піша навуковую працу, ці падмятае вуліцу.

Для Бога найважнейшай справай з’яўляецца тое, у што той нехта ўкараніўся, у якой інтэнцыі церпіць, кахае. Можна быць малым, невядомым працаўніком і спаўняць сваё пакліканне – быць блізка Бога.

Не трэба баяцца ў вачах людзей быць непатрэбнымі цеслярамі. Трэба быць святымі ў вачах Бога. Зняважаны людзьмі цясляр праз гады можа стаць для іншых крыніцай святла і дапамогі.

 

Прыпынак 7

Крыж жыццёвай самотнасці

Ва ўрачыстасць Святога Юзафа ў касцёле чытаецца Евангелле пра адшуканне Езуса ў святыні. Можна сказаць, што для Святога Юзафа гэты фрагмент самы балючы і трэба было б па этыкету чытаць радавод Езуса, каб не засмучаць імянінніка.

У хвіліны адшукання Езуса сустракаецца ўся Святая Сям’я. Езус размаўляе, Маці размаўляе, а Юзаф страціў голас. Юзаф маўчыць. Па ўсходніх звычаях гэта ён павінен запытацца ў Езуса, што з Ім адбывалася, дзе Ён прападаў.

Гэта яшчэ не канец. Езус публічна забірае ў Юзафа права на бацькоўства. Сказаў, што Бог з’яўляецца Яго Айцом, не Юзаф. Знаем, што Юзаф не быў бацькам Езуса, але ведаем таксама, як бацька ўсыноўленага дзіцяці любіць, калі яму кажуць “тата”.

Можа, на ўрачыстасць Святога Юзафа шчаслівым фрагментам з Евангелля былі б уцёкі ў Егіпет? Гэта Юзаф, а не Марыя бачыў у сне Анёла. Гэта Юзаф будзіў па чарзе ўсіх, збіраў багаж, праводзіў усіх праз пустыню і зялёную мяжу. Ён быў апекуном, правадніком, галавой сям’і.

Балеснае Евангелле, якое чытаецца ва ўрачыстасць Святога Юзафа, паказвае нам Юзафа, які знаходзіцца найбліжэй да Езуса і адначасова найбольш ад Яго аддалены.

Колькі ёсць такіх людзей, пра якіх мы мала ведаем, якія стаяць недзе ў цёмным куце, аднак якія ў сваёй штодзённай працы знаходзяцца так блізка Бога.

Святы Юзаф – апякун усіх тых, пра каго мала знаем, пра каго забыліся, але хто кожны дзень прабывае з Панам  Богам.

 

Прыпынак 8

Прага суцяшэння

Калі перш за ўсё Святы Юзаф апякуецца намі?

Тады, калі ўмеем ад Бога прымаць усё, таксама тое, што найбольш цяжкае: адзіноту, цярпенне, смерць самых блізкіх.

Тады, калі можам ад усяго адрачыся з любові да Пана Бога і не трымаемся кіпцюрамі за нешта, прызначанае толькі для сябе, з трывогай у сэрцы і поўныя неспакою.

Малітва да Святога Юзафа – гэта малітва да Божага Провіду, які не багатых, абдараваных зямнымі скарбамі, а менавіта па-людску бедных, пакінутых, хворых вядзе пэўнай дарогай да Бога.

 

Прыпынак 9

Духоўныя падзенні

Дарога да Бога праводзіць праз убоства.

Святы Юзаф быў убогім апекуном Пана Езуса, убогім выгнаннікам. Давяраў толькі Пану Богу. Таму, што Ён яму скажа. Давяраў маўчаннем поўным даверу.

Можам мець магчымасці, здольнасці, добрую памяць, здароўе, але ніколі не павінны на гэта разлічваць

Убоства заключаецца ў тым, што абапіраемся толькі на самога Бога – толькі Бог можа нам усё даць.

У псаломе, які пачынаецца словамі: “Божа мой, Божа, чаму мяне пакінуў?”, словамі, якія Езус прамовіў на крыжы, хаваецца вялікая дарога чалавека: праз унутранае спусташэнне – проста ў абдымкі Бога.

Часта баімся такіх хвілін, калі ўсё цямнее, зямля дрыжыць вакол нас. Здаецца нам, што Бог нас пакінуў, усе людзі адышлі ад нас, што ўжо страцілі сілы, ужо не можам кленчыць, а сядаем на пяты, што ўжо не чуваем, а засынаем. Проста ўжо нічога не вартыя.

Менавіта тады трэба радавацца, што можам разлічваць толькі на Пана Бога. Не можам ужо разлічваць на сваё багацце, магчымасці, засталося адно: як Езус кінуцца ў абдымкі Айца.

 

Прыпынак 10

Убогі духам

Святы Юзаф адзначае свае імяніны ў Вялікім посце. Гэты апякун нарачоных ніколі не бывае ні на адным шлюбе. Святы Божага нараджэня, а без елкі, аплаткі, калі вол з аслом ужо даўно схаваны ў скрыню, каб адчыніць яе не раней снежня.

Дык тады чаму імяніны Святога Юзафа адзачаюць дзевятнаццатага сакавіка?

Аднак гэты, на першы погляд, выпадковы імяніннік з самых Каляд нагадвае нам велікапоснае рэкалекцыйнае засяроджанне, рэкалекцыйнае ўслухоўванне ў Пана Бога, які прамаўляе да нас нават у сне, калі нам хочацца спаць, а не зрывацца пасярод ночы і ўцякаць у Егіпет.

Святы Юзаф вучыць нас услухоўвацца ў Пана Бога ў маўчанні, паслухмянасці і вернасці.

І хоць ніводнае слова Юзафа не запісана ў Евангеллі, знаем, што адно – прадыктаванае яму Анёлам у сне – быў вымушаны вымавіць абавязкова: Езус.

Маўчанне і адно слова “Езус” – атмасфера сапраўдных рэкалекцый, засяроджання, сапраўднага паяднання з Езусам.

 

Прыпынак 11

Укрыжаванне для свету

Евангелле не дае ніводнага слова, якое прамовіў бы гэты Святы. Чытаем толькі пра яго, што быў паслухмяны Анёлу, які пастаянна яго штурхаў.

Сказаў Анёл, каб не баяўся прыняць Марыю як жонку, – прыняў яе.

Сказаў Анёл, каб Дзіцяці даў імя Езус, – назваў так.

Сказаў Анёл, каб устаў уначы, узяў Дзіця і Яго Маці і ўцякаў у Егіпет, – учыніў так.

Святы Юзаф пастаянна слухаў свайго Анёла.

Тыя, хто ўяўляе Юзафа, як старца, падобнага на Сімеона ці Святога Мікалая, адбіраюць у яго шмат абаяння – ён жа быў маладым, прыгожым чалавекам. Меў перад сабой адкрытае жыццё. Мог зрабіць жыццёвую кар’еру, мог мець жонку, дзяцей і жыць сто год. У той жа час – як знаем – кар’еры не зрабіў і быў звычайным цесляром. Быў кожны дзень з Божай Маці, якая ніколі не належыла яму, а толькі самому Богу. Не меў уласнага дзіцяці і не шукаў яго.

Быў найменшым у цэлай сям’і. Марыю назвалі Найсвяцейшай, яго – толькі Святым. Езус быў Богам, а ён толькі чалавекам і цесляром. Памёр шчасліва і неспадзявана, так непрыкметна, што ніхто не ведаў калі. Без некралогу, без дакораў. Проста адышоў у пэўны дзень, калі здавалася, што быў ужо непатрэбным.

Усё жыццё правёў у працы і службе Езусу і Найсяцейшай Маці.

Цудоўная гісторыя паклікання маладога, прыгожага чалавека, які цалкам укрыўся, каб аддаць сваё жыццё Богу і жыць для Яго.

Прыпынак 12

Смерць для свету

Святы Юзаф адышоў з гэтага свету нябачна, без некралогу, без пахавання. Застаўся адрынуты нават пасля сваёй смерці. Ён – апякун добрай смерці – не мае нават сваёй магілы. Цела Езуса – у небе, цела Божай Маці – таксама ў небе, а цела святога Юзафа паддалося гніенню, ператварылася ў прах і разам з мільёнамі людскіх прахаў чакае на хвалебнае ўваскрашэнне цел на апошнім судзе.

Перад заканчэннем літаніі да Божай Маці кажам: “Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых”, бо на Найсяцейшай Маці споўніліся ўсе абяцанні Хрыста, нават тое апошняе: была з целам узята на неба.

Перад заканчэннем літаніі да Святога Юзафа кажам: “Устанавіў яго панам свайго дома.” Так быццам не споўніліся на ім усе Божыя абяцанні і застаўся толькі нябачным апекуном Касцёла на зямлі.

Святы Юзаф заўсёды заставаўся сабой. Не браў ніякіх фарбаў з чужой палітры. Быў забытым чалавекам і дайшоў да вялікай уласнай святасці.

 

Прыпынак 13

Цішыня грабніцы

Калі Божая Маці стаяла пад крыжам Езуса, побач з Ёй не было Юзафа. Яго ўжо не было на зямлі.

Евангелле не многа пра яго расказвае. Быццам пастаянна яго абмінае.

У Віфліеме падчас паклону трох каралёў яго нават не называюць па імені.

Падчас ахвяравання Езуса ў святыні евангеліст не ўзгадвае яго імя.

Падчас адшукання Езуса ў святыні Божая Маці прамаўляе ад імя Святога Юзафа. Сам ён маўчыць.

Традыцыя яго хавала. Маладога чалавека заўсёды прадстаўляла, як старца.

Праз цэлыя вякі акружала яго цішыня.

 

Прыпынак 14

Сустрэча з Нябесным Айцом

Да ўсіх хвалюючых і сардэчных тытулаў Святога Юзафа хацелася б дадаць яшчэ адзін і назваць яго апекуном усіх некананізаваных святых.

У Касцёле, каб стаць кандыдатам у святыя, трэба выканаць пэўныя ўмовы. Святы павінен мець сведкаў, якія пад прысягай пацвердзяць цуд, які ўчыніў, і гераічныя цноты, якія асягнуў.

Найбольшым сведчаннем было б  мучаніцтва з любові да Езуса. У першыя стагоддзі хрысціянства дастаткова было загінуць мучаніцкай смерцю, каб стаць святым.

Святы Юзаф не прайшоў ніводнай працэдуры кананічнага працэсу. Ніхто не сведчыў ні пра яго цноты, ні пра яго цуды. Знаем пра яго вельмі мала. Намнога менш, чым пра Божую Маці. Знаем, што апекаваўся Святой Сям’ёй і, як віфліемскі пастушок, услухоўваўся ў голас Анёла. Не меў будзільніка на стольку, а толькі Анёла, які яго пастаянна будзіў.

Ведаем, што не стаяў пад крыжам Езуса і не загінуў мучаніцкай смерцю. Аднак кожны з нас, без ніводнага кананізацыйнага працэсу, ведаючы толькі, што кожны дзень свайго жыцця змог жыць з Богам, абвяшчае яго святым.

Аўтар: Адміністратар