У нашай парафіі ўжо стала добрай  традыцыяй, што падчас Адвэнту дзеці робяць добрыя ўчынкі і ахвяруюць іх маленькаму Езусу. Кожную нядзелю Адвэнту на Святую Імшу малыя парафіяне прыходзяць з  сэрцамі, на якіх запісаны добрыя ўчынкі, і прыносяць іх у дар Езусу. Пасля гэтымі сэрцамі ўпрыгожваецца ёлка, якая ў касцёльнай батлейцы стаіць найбліжэй да ясляў.

Сёлетні Адвэнт запомніцца нашым дзеткам яшчэ і таму, што падчас яго сем’і нашай парафіі  наведваюць сведкі Божага нараджэння. Успомнім, хто быў сведкам нараджэння Езуса? Правільна: вол, авечка, асёл, карова. І вось гэтыя сведкі Божага нараджэння (вялікія мяккія цацкі) ідуць у дамы нашых парафіянаў, каб паназіраць, як дзеткі робяць добрыя ўчынкі для Езуса, а потым праз тыдзень вярнуцца ў касцёл, расказаць усім, што бачылі, і пайсці ў іншую сям’ю.

Трэба бачыць, з якім хваляваннем дзеці ў канцы Святой Імшы чакаюць лёсавання сэрцаў з добрымі ўчынкамі. Да каго пойдзе такі незвычайны госць? Хто з іх стане героем тыдня ў парафіі?

Глядзіш на прыгожа аздобленыя сэрцы з добрымі ўчынкамі, светлыя твары дзяцей і міжвольна задаеш сабе пытанне: а мы, дарослыя, з чым мы набліжаемся да святаў Божага нараджэння?

І што б убачыла гэта сімпатычная карова-сведка Божага нараджэння, каб завітала ў мой дом?

Аўтар: Адміністратар