У 1972 годзе адышоў у вечнасць Вацлаў Іванавіч Ліхадзіеўскі – таленавіты настаўнік, неардынарны чалавек, які многа год працаваў у школе вёскі Нарач.

Шмат былых вучняў Вацлава Іванавіча пайшлі па яго слядах і сталі выкладчыкамі замежнай мовы.

Час можа зруйнаваць нават камень, таму з’явілася неабходнасць устанавіць новы помнік на магіле Настаўніка.

На збор сродкаў на ўстаноўку помніка адклікнуліся ўдзячныя вучні, ахвярныя парафіяне Нарачанскай парафіі і нават тыя, хто даведаўся пра Вацлава Іванавіча з расказаў былых вучняў.

Асабліва многа працы і клопату ў зборы грошай, распрацоўцы эскізу помніка і яго ўстаноўцы ўзяла на сябе настаўніца Жалубоўская Галіна, былая вучаніца Вацлава Іванавіча.

2 лістапада бягучага года падчас працэсіі на могілкі а. Андрэй Авен OCD у прысутнасці парафіянаў, былых вучняў, настаўнікаў школы в. Нарач, касцельнага хору асвяціў прыгожы новы, упрыгожаны кветкамі і знічкамі,  помнік і магілы Вацлава Іванавіча і яго маці.

На помніку выбіты словы: “Ты сеяў разумнае, добрае, вечнае.”

Ініцыятыўная група шчыра дзякуе ўсім тым, хто прычыніўся да гэтай справы, і просіць у Бога аб усіх патрэбных ласках для дабрадзеяў.

Аўтар: Адміністратар