У кожнай святыні, як і ў чалавека, свой лёс, асаблівы і непаўторны. Храмы нашай Бацькаўшчыны з’яўляюцца нямымі сведкамі ці нават удзельнікамі тых віхур і ліхалеццяў, якія ўжо хаваюцца за смугой стагоддзяў. Лёс кожнай святыні на пэўным гістарычным этапе яскрава адлюстроўвае тыя прыярытэты і каштоўнасці, якія былі дамінуючымі не толькі ў дзяржаве, але і ў сэрцах многіх людзей.

Лёс мінскай архікатэдры нельга назваць зайздросным. Гэты храм быў пабудаваны езуітамі, пасля скасавання ордэна касцел стаў парафіяльным. Калі была утворана Мінская дыяцэзія, касцёл рэкансэкруеца як катэдральны. Але самыя цяжкія выпрабаванні несла храму ХХ стагоддзе: у 1934 годзе касцёл зачынілі, пасля ён яшчэ некаторы час дзейнічаў, а ў 1948 годзе катэдру адабралі ў вернікаў і аддалі спартыўнаму таварыству “Спартак”. Вандалы знялі крыжы, разабралі вежы, зліквідавалі ўбранне святыні і ўвогуле змянілі архітэктуру будынка так, што цяжка было здагадацца, што некалі гэты будынак быў домам Бога. На дзвярах, адчыніўшы якія амаль дзвесце год запар можна было трапіць на парог Вечнасці, прыгажэла шыльда: “Дом фізкультуры”

90-ыя гады ХХ стагоддзя прынеслі павевы свежага паветра ў наша грамадства, прыйшоў час збіраць камяні не толькі нацыянальнага, але і рэлігійнага бяспамяцтва, і 1993 год становіцца вызначальным для знявечанай і зняважанай катэдры, бо паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь касцёл аддаюць вернікам. І той чатырохметровы крыж, які ўстанаўліваюць на франтоне касцёла, становіцца сімвалам адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

З асаблівым хваляваннем успамінаю той час, бо якараз тады я стала студэнткай і прыехала на вучобу ў Мінск. Добра памятаю той дзень, калі, уцёкшы з лекцыі, я проста гуляла па горадзе, вывучала яго. Калі падышла да катэдры, нейкая невядомая сіла спыніла мяне. Праз столькі год я нясу з сабой гэта пачуццё … прысутнасці Бога. Не ведаю, як я са сваёй вясковай баязлівасцю асмелілася зайсці ўнутар, але гэта Прысутнасць клікала так моцна, што трэба было перамагаць страх. Там, у храме, былі будаўнікі-рэстаўратары, якія сустрэлі мяне вельмі зычліва. Ад іх я даведалася пра тое, што трапіла ў … касцёл.

І пасля на працягу ўсёй сваёй вучобы я заўсёды прыходзіла маліцца менавіта ў катэдру. Нягледзячы на тое, што ў храме не было Найсвяцейшага Сакрамэнта, станавілася на калені і размаўляла з Богам. Рэстаўратараў гэта не дзівіла, бо такіх людзей, як я, было шмат.

Перабіраючы ў думках успаміны, якія ўжо сталі гісторыяй, з асаблівай цеплынёй узгадваю, як мае аднавяскоўцы заўсёды перадавалі са мной ахвяру: на той касцёл, які адбудоўваецца. Так лёс святыні пераплятаўся з лёсамі людзей, якія чынілі яго гісторыю.

Зараз архікатэдральны касцёл з’яўляецца не толькі архітэктурным упрыгожаннем горада, але і духоўным цэнтрам католікаў Беларусі. Сэрца святыні рытмічна пульсуе, адказваючы на духоўныя патрабаванні сучаснасці.

Вернікі нашай парафіі не застаюцца ў баку ад падзей, звязаных са святкаваннем 300-годдзя архікатэдральнага касцёла: 9 кастрычніка для парафіянаў будзе арганізавана пілігрымка ў Мінск на юбілей катэдры, а для дзяцей і моладзі парафіі 26 верасня адбудзецца конкурс ведаў пра мінулую і сучасную гісторыю катэдральнага касцёла. Пераможцаў конкурсу чакаюць узнагароды, а абсалютныя пераможцы атрымаюць магчымасць паехаць у Мінск на ўрачыстасць святкавання 300-годдзя Мінскай архікатэдры.

Аўтар: Адміністратар