На працягу апошніх год у нашай парафіі падчас Вялікага посту набажэнствы Крыжовага шляху становяцца самым любімым відам малітвы як для дарослых, так і для дзяцей. Стала ўжо добрай традыцыяй абыходзіць Крыжовы шлях кожны дзень, прычым рыхтуюць і праводзяць гэта набажэнства розныя групы вернікаў.
Чацвер і пятніца – гэта дні, калі Крыжовы шлях рыхтуюць і праводзяць дзеці і моладзь парафіі. Каб заахвоціць маладое пакаленне ўдзельнічаць у велікапосных набажэнствах, у гэтым годзе ў парафіі праводзіцца наступная акцыя: кожны, хто прыходзіць на Крыжовы шлях у вызначаны дзень, атрымлівае карткі, сабраўшы якія, можна скласці выяву Езуса. Усіх дзяцей і моладзь, якія ў канцы Вялікага посту будуць мець сабраны з картак абразік Езуса, чакаюць падарункі.
Хочацца адзначыць, што вернікі вельмі адказна падыходзяць да выбару разважанняў Крыжовых дарог, самі перакладаюць, састаўляюць Крыжовыя шляхі.
Набажэнствы Крыжовага шляху – цудоўная магчымасць не толькі раздзяліць з Езусам цяжар Крыжовай дарогі, але ўбачыць сваю слабасць і нявернасць і паглядзець на ўласнае жыццё ў духу жалю Святога Пятра, каб, ачысціўшыся ад грахоў, з радасцю і надзеяй сустракаць Велікодны Ранак.

Аўтар: Адміністратар