З 18 па 20 снежня ў нашай парафіі праходзілі адвэнтовыя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Уладзімір Русак, віцэ-рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску.
Гэтыя тры дні парафіяне назвалі духоўным аазісам сярод хламу і смецця штодзённасці. Падчас казанняў ксёндз-рэкалекцыяніст разважаў пра сапраўдны сэнс Праўды, Любові і Веры, пра які мы так часта забываем.
У праграме рэкалекцый былі запланаваны і праведзены сустрэчы ксяндза Уладзіміра з дзецьмі і моладдзю нарачанскай парафіі.
Гэтыя спатканні праходзілі ў вельмі цікавай і арыгінальнай форме, і, дзякуючы ім, дзеці даведаліся, што самы каштоўны падарунак на Каляды – гэта сам Езус, які нараджаецца для кожнага з нас.
Новым крокам у пашырэні адносінаў касцёла з дзяржаўнымі ўстановамі была сустрэча ксяндза-рэкалекцыяніста з вучнямі Нарацкай сярэдняй школы, падчас якой ксёндз Уладзімір распавёў пра традыцыі святкавання Калядаў. Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай атмасферы і пакінула глыбокі след у сэрцах вучняў і настаўнікаў. І нават тая акалічнасць, што не ўдалося падзяліцца з вучнямі школы аплаткам ( ніяк не змаглі адкрыць дыпламат, у якім былі аплаткі ), не засмуціла: была добрая нагода запрасіць моладзь на каляднае ламанне аплаткам, якое традыцыйна праводзіцца ў парафіі.
Лейтматывам гэтых трох дзён рэкалекцый былі словы, каб Езус нарадзіўся не толькі ў Віфліеме, але і ў нашых сэрцах.

Аўтар: Адміністратар